
На Берестовитчине много активных, талантливых, инициативных и целеустремленных женщин, которые являются истинным украшением района. В канун Дня женщин «Бераставіцкая газета» совместно с районной организацией ОО «Белорусский союз женщин» запускает проект «Знай наших», где мы будем знакомить читателей с берестовичанками, которые проявляют себя в различных сферах деятельности и озаряют мир вокруг себя добрыми делами, творческим вдохновением и неравнодушной гражданской позицией.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алекшыцкай СШ Галіна Румак прыняла ўдзел у чытаннях твораў беларускай літаратуры “Мелодыка маёй душы”, якія адбыліся ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы па ініцыятыве Беларускага саюза жанчын і былі прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы.

Лепшай кандыдатуры ад раёна і нават вобласці складана ўявіць: Галіна Уладзіміраўна – сапраўдны носьбіт беларускай мовы, карыстаецца ёю ў паўсядзённым жыцці, займаецца краязнаўствам, вучыць падрастаючае пакаленне шанаваць свае карані і малую радзіму.
На ўрачыстым мерапрыемстве ў Мінску Галіна Румак прачытала верш “Настаўнік” масалянскага паэта Івана Леткі, дзе апісваюцца падзеі 1944 года, калі ў вызваленную ад фашысцкіх ворагаў вёску вярнуўся з вайны настаўнік і радасці мясцовых дзяцей і падлеткаў ад таго, што зноў пачнецца школа, не было канца.

– Выступаць на адной сцэне з вышэйшымі службовымі і медыйнымі асобамі краіны, а таксама са звычайнымі грамадзянамі
– работнікамі прадпрыемстваў і арганізацый, прадстаўнікамі сацыяльнай сферы, культуры і моладзі з розных куточкаў краіны – для мяне было вельмі пачэсна, – падзялілася Галіна Румак. – Дзякуй жаночым арганізацыям раёна і вобласці за прадастаўленую магчымасць. Уражанні засталіся самыя прыемныя і светлыя. Верш нашага земляка спадабаўся гледачам, я атрымала шмат кампліментаў, у тым ліку і ад вядучых імпрэзы, вядомых журналістаў Агенцтва тэлевізійных навін Белтэлерадыёкампаніі АТН Кацярыны Тышкевіч і Паўла Лазовіка. Я рада, што беларуская мова жыве і мае будучыню, у тым ліку і праз падобныя мерапрыемствы.
Уся дзейнасць Галіны Уладзі-міраўны – і прафесійная, як настаўніцы, і творчая, як паэтэсы і краязнаўцы, – прасякнута шанаваннем мовы, гісторыі і культуры беларускага народа, павагай да людзей, якія жывуць на роднай зямлі. Адкуль у жанчыны такая замілаванасць беларускім мілагучным слоўцам і фальклорам, зацікаўленасць краязнаўствам?

– Вытокі любові да роднай мовы, да свайго народа пачынаюцца ў дзяцінстве з любові і павагі да свайго роду, – лічыць Галіна Румак. – Мне пашанцавала на бацькоў, сясцёр і брата і наогул на вялікую дружную сям’ю, у якой нямала неардынарных цікавых асоб. Дарэчы, у сваякоў па лініі матулі існуе цудоўная традыцыя – штогод збірацца на сямейны з’езд роду Рымшаў. На такіх сустрэчах можна ўбачыць адразу каля ста чалавек! Уражанні незабыўныя! Шчырыя гутаркі, песні… У нас усе галасістыя! Я, дарэчы, напісала гімн роду і паклала іх на музыку паланэза Міхаіла Агінскага. Вельмі кранальна гучыць, калі яго выконвае вялікая колькасць людзей, аб’яднаных прозвішчам. Прозвішча – не проста знак прыналежнасці да роду, гэта яшчэ злучальная нітачка з продкамі. Родавыя сувязі – неабходныя. Ад іх і вынікае павага да свайго народа, разуменне сваёй ідэнтычнасці.


Галіна Румак родам з Ляхавіцкага раёна. Жыла разам з бацькамі, дзвюма сёстрамі і братам на хутары Крывое Сяло непадалёку ад вёскі Вялікае Гарадзішча. Цяга да ведаў і ініцыятыва дзяўчынцы былі ўласцівыя з дзяцінства. У школьныя гады знайшла аднадумцаў яе ідэя стварыць вакальны ансамбль ў Малагарадзішчанскай школе. І вось ужо “Расінка”– такую назву атрымаў дзявочы калектыў – паспяхова выступае на школьнай сцэне і не толькі.
Галіна вельмі хацела стаць трактарысткай, як бацька, але пайшла ў Пінскае педвучылішча, абраўшы кампра-міснае рашэнне. Пазней завочна скончыла БДУ. Чатыры гады была салісткай Заслужанага аматарскага калектыву народнага ансамбля песні і танца “Палескія зоры” – вядомай пінскай творчай акадэміі, артысты якой гастралявалі па ўсім Савецкім Саюзе і па ўсім свеце. Галіна Уладзіміраўна пабывала з ансамблем у Польшчы і Германіі, а каларытны здымак салістак калектыву, на якім прысутнічае і юная Галіна, у 1977 годзе ўпрыгожыў часопіс “Беларусь”.
Як лёс закінуў ляхавічанку на Бераставіччыну?
– Мая сястра, якая жыла ў Ваўкавыску, прапанавала мне перабрацца бліжэй да яе, – успамінае Галіна Уладзіміраўна. – Так я апынулася Масалянах. Працавала спачатку ў дзіцячым садку, а потым намеснікам дырэктара Масалянскай сярэдняй школы і настаўнікам беларускай мовы і літаратуры.
Жанчына не магла не ўлюбіцца ў масалянскую зямлю, у яе маляўнічыя краявіды, багатую гісторыю, таленавітых людзей. Усё гэта стала крыніцай яе творчага натхнення. Галіна Румак выдала зборнік вершаў “Вачыма берасцянкі” і кнігу “Масаляны праз смугу стагоддзяў”, стала ідэйнай натхняльніцай фестывалю паэзіі “Масалянскія салаўі”, які ў свой час збіраў прыхільнікаў і майстроў паэтычнага слова з усёй Гродзеншчыны.

Дарэчы, творам Галіны Жывіцы (творчы псеўданім аўтара і яе дзявочае прозвішча) уласціва непаўторная мелодыка. Яе вершы прасякнутыя асаблівым святлом, напаўняюць душу цяплом і дабрынёй. І ў гэтым праяўляецца любоў жанчыны да той зямлі, якая стала ёй другой радзімай, падарыла новых сяброў і новыя стымулы для творчасці.

Сучасная настаўніцкая работа немагчыма без навукова-даследчай дзейнасці, якая арыентавана на фарміраванне ў вучняў аналітычнага мыслення, імкнення да навізны і практычнай аддачы. Галіна Уладзіміраўна разам з вучнямі таксама займаецца гэтай справай, і паспяхова. У Алекшыцкай сярэдняй школе, дзе працуе Галіна Румак, актыўна дзейнічае навукова-даследчае таварыства вучняў “Дыяменты”. Удачай юных даследчыкаў і настаўніцы можна лічыць вызначэнне месца нараджэння сусветна вядомага ўсходазнаўцы Восіпа Міхайлавіча Кавалеўскага – гэта вёска Ляўкова, якая да вайны ўваходзіла ў Бераставіцкае благачынне.


Вынікі школьных даследаванняў прыцягнулі ўвагу пецярбургскіх вучоных з Інстытута ўсходніх рукапісаў Расійскай акадэміі навук, а аўтар работы, Серафім Гмір, быў запрошаны разам з настаўніцай на Першыя Кавалеўскія чытанні ў Казань. З гэтай жа тэмай юныя даследчыкі завочна прынялі ўдзел у Міжнароднай канферэнцыі ўсходазнаўцаў у Бурацкім дзяржаўным універсітэце ва Улан-Удэ.
Шматгранная асоба Галіны Румак гэтым не абмяжоўваецца. Жанчына цудоўна малюе, пра што сведчаць выявы мясцовых краявідаў на сценах пакояў утульнага гасціннага дома маёй гераіні. Галіна Уладзіміраўна захапляецца вязаннем, агародніцтвам і кветкамі. Яна ўмее бачыць прыгажосць наўкол, і гэта назіраецца не толькі ў яе вершах, дызайне яе сядзібы, рэчах ручной работы і вырабах дэкаратыўна-прыкладной творчасці, але і ў душэўных памк-неннях і жыццёвых каштоўнасцях.

– Мне ўсё жыццё шанцавала на ўнікальных, духоўна багатых людзей, і за гэта я ўдзячная лёсу, – кажа Галіна Румак.
Пасля шчырай гутаркі з Галінай Уладзіміраўнай мне здаецца, што тут больш падыходзіць прымаўка – падобнае прыцягвае падобнае. Жанчына з багатым унутраным светам сама прыцягвае людзей, з якімі ёй цікава і камфортна.










Сапраўдным багаццем Галіны Румак з’яўляецца сям’я. Разам з мужам Юрыем Іванавічам яны выхавалі трох дачок, якія падарылі ім дзевяцярых унукаў. На канікулах хлопчыкі і дзяўчынкі любяць бываць у бабулі і дзядулі, таму што сумаваць тут не даводзіцца. Узяць хаця б тэатралізаваныя сцэнкі, якія пад кіраўніцтвам Галіны Уладзіміраўны дзеці рыхтуюць да прыезду бацькоў. Сапраўднае шоу збірае нямала гледачоў!

У дадатак да размовы я запытала ў суразмоўцы, у чым, на яе думку, сакрэт шчаслівага жыцця.
– Галоўнае, не зайздросціць, а проста радавацца кожнаму дню і быць удзячным за солнца і мірнае неба над галавой. Сваіх дачок я заўсёды настройвала на тое, што ўсяго ў жыцці трэба дабівацца самастойна, ні на каго не спадзеючыся. Таму што ў кожнага з нас свая дарога, кожны сам архітэктар свайго жыцця. І тое, наколькі шчаслівым яно будзе, залежыць ад нас саміх.
Святлана ГАНЧАРОВА
Фота аўтара і з сямейнага архіва Галіны Румак