
Сёння ў КСУП “Варанецкі” прайшло традыцыйнае свята Зажынкі, якое дало старт уборачнай кампаніі ў гаспадарцы. На хлебным полі, дзе калосіцца спелае зерне, сабраліся кіраўніцтва і работнікі сельгаспрадпрыемства, якія будуць браць удзел у жніве. Ганаровымі гасцямі свята сталі Уладзімір Анішчык, старшыня Бераставіцкай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК, і ксёндз Алег, мясцовы святар.
Свята Зажынкі праводзіцца у КСУП “Варанецкі” традыцыйна і мае не толькі сімвалічны, але і матывацыйны сэнс: у гаспадарцы перакананы, што з добрым настроем любая праца дае лепшы вынік. Таму ўжо не першы год перад пачаткам жніва тут ладзяць прыгожы абрад, які злучае народныя традыцыі з рэаліямі сельскагаспадарчага цыкла. Дарэчы, падрыхтавалі яго работнікі Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.




Цэнтральным момантам абраду стала рытуальная дзея з першым снопам. Жнейкі зжалі першы сноп, упрыгожылі яго і перадалі дырэктару КСУП «Варанецкі» Юрыю Ярэмічу – як сімвал шчодрага жніва. У адказ кіраўнік гаспадаркі тройчы падкінуў сноп уверх – каб колас рос высокім, а дабрабыт гаспадаркі толькі ўмацоўваўся.





Звяртаючыся да працаўнікоў жніва, Юрый Казіміравіч пажадаў усім здароўя, дабрабыту і пазітыўнага настрою на ўвесь перыяд уборачнай.

– Гэта будзе гарачы час, – падкрэсліў ён, – таму кожны дзень лічыцца, кожны колас – на вагу золата, трэба прыкласці ўсе намаганні, каб сабраць ураджай без стратаў.


Уладзімір Анішчык таксама павіншаваў хлебаробаў з пачаткам жніва, пажадаў спрыяльнага надвор’я і высокіх намалотаў. Ён нагадаў пра важнасць аховы працы і заклікаў работнікаў прыняць удзел у прафсаюзным спаборніцтве на жніве.

Перад вялікай і значнай падзеяй у беларусаў ёсць добрая традыцыя – прасіць благаслаўлення Божага. Таму і на свяце Зажынак ксёндз Алег у малітве благаславіў ўсіх на шчодрае жніво, а таксама акрапіў святой вадой камбайны і механізатараў – каб работа ішла лёгка і бяспечна.



Потым арганізатары частавалі ўсіх зажыначнымі караваямі – яшчэ адным сімвалам падзякі зямлі і надзеі на шчодры ўраджай.







Ну і нарэшце надышоў той самы момант, якога ўсе чакалі: механізатары занялі месцы за штурваламі камбайнаў і павялі тэхніку на ніву, перайшоўшы ад абраду да рэальнай працы. Шлях ад насення да спелага коласа быў нялёгкім, але цяпер перад хлебаробамі стаіць не менш важная задача – акуратна і ў тэрмін убраць збожжавыя палі, каб забяспечыць краіну хлебам.
