Сёння вернікі каталіцкага Касцёла адзначаюць Вербную, або Пальмовую, нядзелю, якая святкуецца за тыдзень да Вялікадня. У гэты дзень успамінаюць уваход Хрыста ў Іерусалім, калі ізраільскі народ сустрэў Езуса як Месію, кідаючы на дарогу вопратку і пальмовыя галіны з крыкамі: “Гасанна ў вышынях! Блаславёны той, хто прыходзіць у імя Пана!”
Прыходзячы ў храм з вербачкамі, якія сімвалізуюць жыццё, мы таксама прызнаём Езуса сваім Збаўцам, прадвяшчаем вялікую падзею, якая адбудзецца праз тыдзень.
Дарэчы, Пальмовай нядзеля перад Вялікаднем стала называцца з ХІ стагоддзя, калі ўзнік звычай бласлаўляць у гэты дзень пальмовыя галінкі. Паколькі ў Беларусі, як і ў суседніх краінах, пальмы не растуць, вернікі прыходзяць у храм з галінкамі вярбы, якія па-рознаму ўпрыгожваюцца. Адсюль яшчэ адна назва свята — Вербная нядзеля, або Вербніца.
Асвячоныя ў храмах галінкі вярбы прынята захоўваць на працягу ўсяго года. Як правіла, імі ўпрыгожваць абразы і “чырвоныя куты”.
Пальмовая нядзеля ўводзіць вернікаў у апошні этап падрыхтоўкі да галоўнага хрысціянскага свята і распачынае Вялікі тыдзень, або Тыдзень пакутаў Гасподніх, падчас якога асаблівым чынам звяртаецца ўвага на такія падзеі, як апошнія дыскусіі Хрыста з іудзеямі ў святыні, прадказанне аб разбурэнні Іерусаліма, апошняя вячэра з вучнямі (Вялікі, “чысты” чацвер), арышт і ўкрыжаванне Езуса (Вялікая пятніца), прабыванне Хрыста ў труне (Вялікая субота).














