Да Міжнароднага дня роднай мовы ў бібліятэках раёна прайшлі разнастайныя тэматычныя мерапрыемствы для чытачоў.
У раённай бібліятэцы была прэзентавана кніжная выстава «Старонкі вялікага жыцця», прысвечаная 105-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа, творчасць якога з’яўляецца сапраўдным гонарам нацыянальнай беларускай літаратуры. Талент І. Мележа асобна раскрываецца ў трылогіі «Палеская хроніка», якая прысвечана жыццю сялян у пераломны перыяд гісторыі. Трылогія складаецца з трох раманаў «Людзі на балоце» (1962), «Подых навальніцы» (1966) і «Завеі, снежань» (1978). Гэтым кнігам аддадзена цэнтральнае месца на нашай выставе. Яшчэ адзін з лепшіх твораў пісьменніка «Мінскі напрамак!» — гэта кніга пра гераічную барацьбу з ворагам за беларускую зямлю, пра веліч народнага подзвігу.

З нагоды 105-гадовага юбілею народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна ў чытальнай зале аддзела абслугоўвання і інфармацыі райбібліятэкі падрыхтавана кніжная выстава «Чалавек вялікай душы і таленту”, якая знаёміць чытача са складаным жыццёвым лёсам і багатай творчай спадчынай пісьменніка.
Юныя чытачы з задавальненнем знаёміліся з кнігамі У. І. Ягоўдзіка, прымалі актыўны ўдзел у гучных чытаннях яго апавяданняў падчас літаратурнага падарожжа “Вандроўкі з Уладзімірам Ягоўдзікам”. Раскрыццю шматграннасці талента пісьменніка ўдала садзейнічала кніжная выстава “Па старонках кніг Уладзіміра Ягоўдзіка”.

З мэтай папулярызацыі роднай літаратуры, прывіцця любові да роднай мовы бібліятэкары запрасілі юных чытачоў на гучныя чытанні “Мілагучная мова родная” і прэзентацыю кніжнай выставы “Багацце мовы ў кожным творы”. Дзеці пазнаёміліся з апавяданнямі, вершамі, казкамі, лічылкамі, загадкамі беларускіх паэтаў і пісьменнікаў М. Пазнякова, У. Мазго, Г. Скаржынскай, Я. Жабко, А. Вольскага, М. Маляўкі, А. Зэкава і іншых.



Першакласнікаў запрасілі на літаратурную хвілінку “Гучы, беларускае слова!” з мэтай выхавання павагі да роднай мовы, да культурнай спадчыны беларускага народа. На мерапрыемстве школьнікі слухалі вершы, апавяданні, казкі, напісаныя на беларускай мове. Дзеці разглядалі кнігі, завучвалі чатырохрадкоўі, адгадвалі загадкі і стараліся размаўляць на роднай беларускай мове.

Для вучняў чацвёртага класа бібліятэкар правяла гадзіну мовазнаўства “Гімн роднай мове”, каб раскрыць шматграннасць роднай беларускай мовы і прыгажосць беларускага слова. Дзеці чыталі вершы П. Панчанкі, У. Дубоўкі, М. Танка, А. Пысіна аб роднай мове.



Пазнаёміліся з вершамі, казкамі, лічылкамі, апавяданнямі беларускіх дзіцячых пісьменнікаў, чыталі іх уголас і абмяркоўвалі. Свае добрыя веды пра родную мову паказалі ў конкурсах “Загадкі”, “Перакладчыкі”, “Рыфмаванкі”, “Рассыпаныя прыказкі”, “Патлумач фразеалагізм”. Цікавай і пазнавальнай атрымалася сустрэча і гутарка пра родную мову на роднай мове.
У філіяле “Малабераставіцкая інтэграваная сельская бібліятэка” прайшла беларускамоўная хвілінка “Мова родная, мова пявучая!” для вучняў шостага класа. Бібліятэкар пазнаёміла вучняў з кніжнай выставай, распавяла пра гісторыю Дня роднай мовы, правяла прэзентацыю любімых беларускіх слоў студэнтаў. Разам пачыталі вершы, адгадвалі загадкі па тэме, паспрабавалі сказаць хуткамоўкі, прачыталі дзесяць запаведзяў пра нашу мову.

Масалянская бібліятэка-клуб запрасіла дзяцей на гульню-конкурс “Пагуляем у родныя словы”, каб успомніць пра багацце і прыгажосць нашай беларускай мовы, пра яе гісторыю і культурную значнасць. Вучні размаўлялі на беларускай мове, выконвалі заданні, разгадвалі крыжаванку, расшыфроўвалі беларускія прыказкі, падбіралі рыфму да слоў у гульні “Рыфмаванка”.

Жанна МАТЫСІК, бібліятэкар аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы