Музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы далучыўся да акцыі “Ноч музеяў”
У рамках акцыі “Ноч музеяў” Музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы запрасіў усіх жадаючых на свята “Вавёрчына сядзіба”, прысвечанае Міжнароднаму дню музеяў.
Музей Вавёркі прапанаваў сваім гасцям прыняць удзел у квэсце “Таямніцы музейнага дворыка”, падчас якога дзеці разгадвалі таямніцу старога каваля.
Ім неабходна было прайсці пяць тэматычных станцый, на кожнай з якіх іх чакалі разнастайныя заданні і гульні.
Падчас падарожжа ў мінулае госці наведалі “беларускую хатку”, дзе пазнаёміліся з прадметамі побыту нашых продкаў – экспанатамі з фондаў Музея Вавёркі.
Юныя наведвальнікі музейнага дворыка змаглі пакруціць кола калаўрота, даведацца, як працуе старадаўняя маслабойка і якія цудоўныя ткацкія вырабы ствараліся рукамі ўмелых майстрых.
Дзеці мелі магчымасць дакрануцца да мінулага праз жывое ўспрыманне, праз рэальныя музейныя экспанаты.