Не так даўно ад жыхароў Вялікай Бераставіцы старэйшага ўзросту я пачуў даволі загадкавую і інтрыгуючую гісторыю, звязаную з мінулым нашага пасёлка. Магчыма хто-небудзь яшчэ яе ведае і памятае. Што датычыцца мяне, то я пачуў яе ўпершыню.
А сутнасць яе такая. Яшчэ ў 60-я гады мінулага стагоддзя, калі толькі-толькі пачынала наладжвацца культурнае супрацоўніцтва з прыгранічнымі рэгіёнамі Польшчы, у Бераставіцу ўпершыню на культурна-масавыя мерапрыемствы з суседняй краіны прыбыла шматлікая дэлегацыя (тады так званыя “гулянні” некалькі дзён праходзілі на Ставах у ваколіцах пасёлка). У адзін з дзён, ранкам, мясцовыя жыхары звярнулі ўвагу на свежавыкапаную яму глыбінёй каля 1-1,5 метра на ўскраіне былога графскага парку пры дарозе на Чваракі, недалёка ад сцяны старога свірна. Нагадаю, што сцены гэтага збудавання, зробленыя з палявых камянёў, і сёння добра захаваліся. Яно знаходзіцца побач з жылым домам па вуліцы Матросава ў райцэнтры. А тады было відаць, што незнаёмец уначы добра папрацаваў рыдлёўкай. Яма, па словах відавочцаў, была ўмацавана дошкамі, віднеліся кавалкі скуры, сапрэлай ад доўгага знаходжання ў зямлі, а вакол ямы і на яе дне былі раскіданы пачарнелая сталярная стружка ў выглядзе завіткоў і старая скамечаная папера. Ад сябе дадам, што падобную стружку ў мінулым часта выкарыстоўвалі пры транспарціроўцы з мэтай надзейнага захавання розных далікатных і каштоўных прадметаў – сталовага посуду, вырабаў са шкла, гадзіннікаў, карцін і г.д. Тады казалі, што нейкая жанчына нават знайшла побач з ямай чарпак з белага металу (праўдападобна са срэбра), нібыта згублены кімсьці ў спешцы.
Калі сказанае вышэй – праўда, то тады што гэта магло значыць? Знайшлі некалі схаваны скарб? Урэшце, хто яго знайшоў і выкапаў? Не без іроніі адзначу, што бераставіцкая гісторыя вельмі нагадвае сюжэт легендарнай беларускай кінастужкі “Чорны замак Альшанскі” (па раману Уладзіміра Караткевіча), у якой герой карціны падчас Другой сусветнай вайны прыхаваў скарб і ўцёк за мяжу, а ў пасляваенны час вярнуўся, каб яго забраць.
Узважыўшы некаторыя акалічнасці, можна прыйсці да вельмі верагоднай высновы, што схаваныя ў зямлі рэчы належалі у свой час Касакоўскім. Але той, хто праводзіў раскопкі, не абавязкова мог быць нашчадкам графскай сям’і. Не выключана, што пра скарб таксама ведаў хтосьці (альбо сам ўдзельнічаў у яго хаванні) з шматлікай графскай прыслугі, хто пражываў у гэтым самым маёнтку альбо побач у Чвараках, і лёс у бурлівыя 1939-45 гады закінуў яго ў іншыя мясціны. Выкапаць каштоўнасці мог таксама і жыхар Бераставіцы, які дакладна ведаў месца знаходжання тайніка.
Нагадаю, што ў палацы Касакоўскіх перад 1939 годам захоўваліся вялікія матэрыяльныя каштоўнасці. Частка з гэтых рарытэтаў некалі была прывезена ў Бераставіцу яшчэ Юзэфам Касакоўскім (перадапошнім уладальнікам маёнтка) з палацаў у Вайткушках і Варшаве. Не буду зноў усяго гэтага пералічваць, паколькі пра ўсё гэта ўжо ўспаміналася мною ў іншых артыкулах.
Калі ў верасні 1939 года ў мястэчка ўвайшлі часткі Чырвонай Арміі, Касакоўскія не толькі не паспелі вывезці найкаштоўнейшыя рэчы, але і ўся сама сям’я засталася на месцы, пакінутая на волю лёсу. Пры новай ўладзе графская сям’я пражыла ў палацы ўсяго адзін-два тыдні, а потым была з яго прымусова выселена. Уладальнікі маёнтка знайшлі часовы прытулак у адным з дамоў па вуліцы Дольнай (сёння Кастрычніцкая), пражылі тут прыблізна паўгода і былі выселены ў Казахстан. А тым часам у самой сядзібе ўвесь гэты час панавала поўная анархія. Уваход у графскія апартаменты быў адкрыты ўсім жадаючым. Жыхары мястэчка разам з былой прыслугай выносілі з палаца ўсё, што трапляла пад руку. Рарытэтныя кнігі нават не лічыліся каштоўнасцю. Многія з іх былі расцягнуты па хатах для распальвання печак – надыходзілі акурат восеньскія халады. Нейкі час у палацы для мясцовых жыхароў круцілі кіно, а моладзь танцавала і весялілася пад грамафон.Усё гэта раптоўна скончылася, калі быў адда-дзены вайсковы загад аб размяшчэнні ў маёнтку на неакрэслены час падраздзялення чырвонаармейцаў. Уваход сюды цывільным асобам забаранілі. Застаюцца толькі здагадкі, куды знікла ўся маёмасць палаца...
Звяртаючыся да гісторыі з кладам, хачу дадаць, што ў 60-я гады мясцовасць, дзе стаіць стары свіран, была практычна бязлюднай. Ні прыватнай забудовы, ні шматкватэрных дамоў тут не было. З аднаго боку да будынка прымыкаў здзічэлы графскі парк, з другога знаходзілася толькі некалькі доўгіх гаспадарчых пабудоў з палявых камянёў – былыя графскія стайні і гумно. Усё гэта дае падставы меркаваць, што незнаёмец выкапаў яму без перашкодаў, і пры гэтым ніхто яго не заўважыў. Тэрыторыя вакол былога свірна належала тады мясцоваму калгасу. Каменныя гаспадарчыя пабудовы, што былі побач, разабралі толькі ў пачатку 90-х гадоў.
Незразумелым у гэтай гісторыі застаецца тое, як незнаёмец мог непрыкметна перанесці такую вялікую колькасць адшуканага дабра, каб не выклікаць падазрэння ў акружаючых. Узнікаюць пытанні і адносна магчымага перамяшчэння гэтых каштоўнасцей праз дзяржаўную мяжу. Можна меркаваць – той, хто капаў, быў не адзін. Верагодна ён мог мець аднаго ці некалькіх супольнікаў.
А можа сказанае вышэй – толькі чарговая легенда?... Не буду ўсё гэта ні абвяргаць, ні падтрымліваць. У любым выпадку, гісторыя вартая заўвагі. Увогуле, без легендаў і паданняў гісторыя пасёлка, згадзіцеся, была б не такой цікавай.
Хочацца нагадаць чытачам, якія яшчэ легенды пра наш пасёлак у мінулым існуюць.
Мабыць, многія чулі легенду пра падземныя хады ад старога касцёла да яго лямуса (былой ксяндзоў-скай плябаніі), а таксама пад возерам да палаца Касакоўскіх і далей да маёнткавага бровара, і нават да новага касцёла.
Легенда пра тое, як адзін раз ў год, у дзень нараджэння гетмана Хадкевіча, белая здань (душа Хадкеві-ча) падымаецца высока над касцёлам і ціха плыве над Бераставіцай. І хто ўбачыць гэта відовішча – бу-дзе дужым, смелым, каханым, шчаслівым.
Існуе легенда пра тое, як будавалі стары касцёл. Кажуць, што з абодвух бакоў яго былі насыпаны вялікія эстакады, альбо зроблены доўгія драўляныя рыштаванні ўздоўж возера і далей, за тэрыторыю сучаснага масласырзавода (некалі тая частка мястэчка, якая пачыналася за сучасным масласырзаводам, называлася “Падолы”). Па рыштаваннях валы цягнулі ўгару вазы з будматэрыяламі. Ходзяць чуткі і пра тое, што ў раствор пры пабудове касцёла, каб быў мацнейшы, ўбівалі курыныя яйкі.
Сяргей ЛУШЧЫК,
г.Гродна
На здымку: так выглядалі пакоі ў палацы Касакоўскіх у Вайткушках. Частка гэтых каштоўнасцей некалі была перавезена Юзэфам Касакоўскім у свой бераставіцкі маёнтак, дзе яны знаходзі-ліся да верасня 1939 года.