У аўторак, 30 красавіка, музычная гасцёўня Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў зноў вітала гасцей. Тут адбыўся канцэрт пад назвай “Табе, мой край, спяваем песні…”, прысвечаны 75-годдзю стварэння Гродзенскай вобласці, – падзеі, якая знаходзіць водгук ва ўсіх куточках Прынёманскага краю.
Гродзеншчына багатая на таленавітых людзей – паэтаў, мастакоў, музыкантаў, кампазітараў. А таму невыпадкова ў праграме канцэрта акцэнкт быў зроблены на знаёмстве з музычным мастацтвам Панямоння, у прыватнасці, з творамі гродзенскіх кампазітараў.
У выкананні Ульяны Сулаўка прагучаў твор музыканта-піяніста і кампазітара з г. Гродна Алы Фрэйнклах. Творы ўраджэнкі горада Ваўкавыска Аліны Безянсон выканала на домры Ксенія Сушко і ўзорны хор “Манжэрок” (мастацкі кіраўнік Ірына Серабракова, канцэртмайстар Галіна Архіпава). А настаўнік Дзмітрый Місюля выступіў з творам кампазітара Генадзя Ермачэнкава, ураджэнца г.п. Поразава.
І аўтары, і выканаўцы ў кожным з музычных нумароў сумелі перадаць бясконцую любоў да роднай зямлі, да сваёй малой радзімы.
Гісторыя вобласці вельмі цікавая і насычаная: наша зямля была ў складзе Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, Польшчы. Немала музычных твораў прысвечана гістарычным падзеям, якія тут адбываліся. Напрыклад, сусветна вядомы паланэз Міхаіла Клеафаса Агінскага “Развітанне з Радзімай” створаны пасля паражэння паўстання Тадэвуша Касцюшкі, у якім удзельнічаў кампазітар. Гэты прыгожы, напоўнены любоўю да радзімы твор выканаў Кірыл Рыжко.
На тэрыторыі Гродзенскай вобласці пражываюць людзі розных нацыянальнасцей і канфесій, яна ўтульная для ўсіх. Тут камфортна жыць і працаваць, выхоўваць дзяцей і адпачываць. У гонар Прынёмання прагучалі вакальныя і інструментальныя творы ў выкананні ўзорнага хора “Кампанэлі” (мастацкі кіраўнік Таццяна Кулік, канцэртмайстар Галіна Карпенка), навучэнцаў Ангеліны Кавальчук, Кацярыны Курмель, Глеба Улейчыка, Анастасіі Рыжэўскай, Дар’і Гудач, Мікіты Андрушка, настаўніцы Юліі Жэгала і ўзорнага эстрадна-інструментальнага ансамбля “Tutti” (мастацкі кіраўнік Вадзім Антоненка). Цудоўным упрыгожаннем канцэрта стала выступленне вучняў харэаграфічнага класа пад кіраўніцтвам мастацкага кіраўніка Наталлі Струкель.