“Пархімаўская весялуха -2021”. Свята народнага майстэрства, вясковай абраднасці і добрасуседства прайшло на Бераставіччыне

Актуально Культура Лента новостей Общество

Неверагодна яркай і насычанай выдалася субота, 12 чэрвеня, для жыхароў і гасцей  аграгарадка Пархімаўцы – тут прайшло свята народнага майстэрства, вясковай абраднасці і добрасуседства “Пархімаўская весялуха -2021”.

Адкрыў свята раённы этап рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла – 2021”, у  якім за званне лепшай сельскай сям’і  Бераставіччыны   змагаліся пяць актыўных маладых сем’яў нашага раёна.  Гэта сям’я Журэйка з аграгарадка Алекшыцы, сям’я Рэбушавых з аграгарадка Вялікія Эйсманты, сям’я Шарубскіх з аграгарадка Пархімаўцы, сям’я Пятровых з аграгарадка Стары Дворац і сям’я Хабец з аграгарадка Малая Бераставіца.

Перад пачаткам конкурснай праграмы сем’і-ўдзельнікі разгарнулі выставы творчых работ і сямейных дасягненняў, дзе дэманстравалі свае  творчыя здольнасці, захапленні і любімыя сямейныя стравы, якімі яны потым з задаваленнем частавалі журы і гледачоў.

А сама конкурсная праграма ўключала ў сябе шэсць відаў спаборніцтва, прычым, адзін з іх – конкурс відэаролікаў “Лепшы сельскі падворак” быў падрыхтаваны загадзя, а астатнія пяць праходзілі пад пільным вокам журы і гледачоў.

У конкурсе “Давайце пазнаёмімся” ўдзельнікі прадстаўлялі візітныя  карткі сваіх сем’яў, у творчай форме расказвалі пра сябе і свае захапленні.   

Першай на сцену выйшла сям’я Рэбушавых з аграгарадка Вялікія Эйсманты. Дзмітрый Уладзіміравіч і Вікторыя Іванаўна працуюць у КСУП “Варанецкі”, у іх падрастае дачушка Таісія.

Сям’я Шарубскіх з аграгарадка Пархімаўцы, нягледзячы на тое, што маладая, ужо мнагадзетная – у Дзяніса Сяргеевіча і Марты Аляксандраўны, якія працуюць у мясцовай гаспадарцы, — трое дзетак: 9-гадовы Аляксандр, 8-гадовая Ксенія і малодшая Дарья, якой два з паловай гады.

У сям’і Журэйка з аграгарадка Алекшыцы тата – Леанід Рамуальдавіч – галоўны ветэрынарны ўрач у РСУП “Алекшыцы”, а мама – Дар’я Уладзіміраўна – заатэхнік. У іх падрастае трохгадовая дачушка Ева.

Сям’я Пятровых з аграгарадка Стары Дворац таксама мнагадзетная: у Анатолія Анатольевіча і Крысціны Алегаўны тры дачкі: 12-гадовая Аляксандра, 9-гадовая Ніколь і Мілана, якой толькі паўтара годзіка, таму на конкурс яна і не прыехала.

А вось у Аляксандра Аляксандравіча і Вікторыі Станіславаўны Хабец з Малой Бераставіцы два сыны: 8-гадовы Павел і 4-гадовы Міхаіл.

Пасля прадстаўлення візітных карткаў сем’і  адправіліся ўдзельнічаць у конкурсе «Дрывасек», дзе муж і жонка  распілоўвалі бервяно, потым муж рубаў дровы, а жонка складала акуратныя паляніцы, і зрабіць гэта трэба было максімальна хутка.

Затым яны паказалі, як ладзяць са свойскай жывёлай, прадэманстравалі ўменне распрагаць і запрагаць каня ў конкурсе “Сіўка-бурка”.

У наступным конкурсе – “Сельская спартыўная эстафета” – да бацькоў далучыліся дзеці, і яны разам змагаліся за званне самых спартыўных.

Завяршыў выпрабаванні конкурс “Майстар”, пад час якога таты мелі магчымасць паказаць, што яны майстры на ўсе рукі,  вырубаючы  з дапамогай сякеры дошку-стальніцу.

Падводзячы вынікі конкурсу, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Ігнатовіч падзякавала ўсім сем’ям  за ўдзел у праекце,   за іх актыўнасць, творчасць і імкненне да перамогі, за зарад пазітыўных эмоцый, якія яны падарылі гледачам, а таксама выказала падзяку КСУП “Пархімаўцы” за дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства.

Алена Уладзіміраўна ўручыла падзячныя пісьмы і падарункі за ўдзел у конкусе семьям Хабец і Рэбушавых, і граматы і падарункі за прызавыя месцы.

Трэцяе месца заваявала сям’я Пятровых, другое – сям’я Журэйка, а пераможцам раённага этапу рэспубліканскага сямейнага праекта «Уладар сяла-2021» стала сям’я Шарубскіх з аграгарадка Пархімаўцы.

Дарэчы, каштоўныя падарункі для прызёраў конкурсу падрыхтавалі Бераставіцкая раённая арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і Бераставіцкая раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.

Пасля завяршэння “Уладара сяла” парк у аграгарадку Пархімаўцы перайшоў у распараджэнне дзяцей – тут пачалася дзіцячая музычна-забаўляльная праграма, працавалі атракцыёны і фотазоны, ішоў святочны гандаль, майстар-класы па традыцыйных відах рамёстваў.

Падмацавацца і здаволіць смагу можна было на пляцоўцы “McDonald’s па-пархімаўску” і “Бярозавы фрэш”

Затым у госці да жыхароў Пархімаўцаў завіталі суседзі – народны тэатр гульні “Анфас” з аграгарадка Квасоўка Гродзенскага раёна. Творчы гумарыстычны дуэт “Васіль і Гандзя” (Дзяніс Балабуеў і Надзея Маркевіч), артыстка беларускай эстрады Зарына Скіба, фолк-шоу група “Камяніца” і  Павел Цыбовіч  падарылі гледачам  шмат цудоўных канцэртных нумараў і сабралі шчырыя апладысменты.

Не менш актыўна сустракалі жыхары аграгарадка і ўдзельнікаў аматарскай творчасці Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, яны не толькі падпявалі любімым  артыстам, але нават выходзілі і танцаваць.

Яшчэ адным запамінальным момантам свята стала выступленне   байкерскага клуба “Насарогі” з Гродна. З вялікай цікавасцю і дарослыя, і дзеці разглядалі тэхніку байкераў, фатаграфаваліся на фоне матацыклаў,  а самыя смелыя нават адважваліся пасядзець за рулём. Дарэчы,  кіраўнік клуба Павел  Мацвееў некалькі гадоў жыў у Вялікай Бераставіцы, закончыў Вялікабераставіцкую сярэднюю школу, таму ахвотна згадзіўся наведаць  нашы мясціны і павіншаваць са святам жыхароў Пархімаўцаў.

Вячэрнюю дыскатэку  пад адкрытым небам адкрыла гродзенская кавер-группа «Fish Dessert»,   жывая інструментальная  музыка і хіты вядомых выканаўцаў не пакінулі абыякавымі мясцовых жыхароў.

Завяршыў мерапрыемства святочны салют і сумеснае выкананне песні “Сёння ў нашай хаце свята”.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *