Ёсць падзеі, памяць аб якіх жыве вечна. І чым далей у мінулае адыходзяць гады, тым значнымі і велічнымі яны становяцца. Такой падзеяй з’яўляецца Вялікая Айчынная вайна савецкага народа. Наш доўг – памятаць, беражліва аберагаць кожную часцінку праўды аб гэтай вайне, свята шанаваць памяць аб загінуўшых. У нашых сэрцах удзячнасць і вечная памяць аб продках, якія аддалі сваё жыццё за мір і наша шчаслівае жыццё сёння. Наш зорны паход прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Нітка маршруту праходзіла па роднаму Бераставіцкаму раёну. Спачатку мінутай маўчання ўспомнілі сваіх землякоў, загінуўшых у гады вайны. Іх было 33, ім прысвечаны помнік, які размешчаны ў мясцовым скверы аг.Пархімаўцы. Затым маршрут праходзіў праз раённы цэнтр Вялікая Бераставіца. Там размешчаны тры брацкія магілы, у якіх пахаваны воіны і партызаны, загінуўшыя на Бераставіччыне. У цэнтры пасёлка знаходзіцца Мемарыял Славы, дзе пахавана 192 воіна, сярод іх палкоўнік 250-й стралковай дывізіі Г.Н.Цітаішвілі. Менавіта гэтая дывізія вызваляла нашу мясцовасць, палкоўнік загінуў у ліпені 1944г., пахаваны быў у в. Данілкі, што размешчаны ў 2 км ад Пархімаўцаў.

Пасля наведвання дзвюх брацкіх магіл у В. Бераставіцы мы накіраваліся ў в.Ёдзічы. На ўскраіне гэтай невялікай вёскі стаіць памятны знак-помнік загінуўшым партызанам. Тут вясной 1942г. адбыўся няроўны бой паміж партызанскай групай, якая склалася з ваеннапалонных і чырвонаармейцаў, і гітлераўскай ваеннай часцю СС. Партызаны размяшчаліся на хутары, фашысты акружылі дом, растралялі і спалілі дом. Усе 21 партызан загінулі, але не здаліся. Мясцовыя жыхары пахавалі герояў, на месцы хутара ўстаноўлены камень.

Далей маршрут праходзіў праз Малую Бераставіцу. Там наша група наведала месца гібелі палкоўніка Цітаішвілі. Усе, хто праязджае па трасе В.Бераставіца-Гродна, звяртаюць увагу на мемарыяльны знак і помнік ля сасны, дзе загінуў палкоўнік. Апошнім аб’ектам нашага зорнага паходу была в.Верхаўляны. Яна размешчана ў пяці кіламетрах ад нашай школы, але многія не ведалі, што Верхаўляны маюць лёс Хатыні. У маі 1942 г. за сувязь мясцовых жыхароў з партызанамі з вёскі сагналі 40 мужчын і маладых хлопцаў, павязлі ў турму мястэчка Саколка, пазней усіх растралялі. А 20 ліпеня гэтага ж года немцы акружылі Верхаўляны, жанчын і дзяцей выгналі з дамоў. Падпалілі вёску з трох бакоў. Жанчыны стаялі і глядзелі, як гарэлі іх дамы, абсыпаліся стрэхі, мычалі каровы і брахалі сабакі. Згарэла ўсё, што было нажытае. Вечарам фашысты зруйнавалі месца пажарышча і засталася роўная пляцоўка. Але пасля вызвалення вёску аднавілі і людзі зноў сталі тут жыць. Толькі памятны знак на камені напамінае нам аб страшных падзеях ваенных гадоў.
Уражанні ад пахода засталіся ў кожнага вучня. На месцах прыпынкаў моўчкі стаялі і думалі, каб толькі такога больш не здарылася. Памяць аб злачынствах вайны трэба перадаваць з пакалення ў пакаленне.
Людміла ТУРОК, настаўнік гісторыі Пархімаўскай базавай школы