Дарагія браты і сёстры, прыміце самыя шчырыя і сардэчныя віншаванні з Раством Хрыстовым!
Больш за два тысячагоддзі гэта свята дорыць нам вялікую радасць, надзею і веру. Яно аб’ядноўвае людзей, вучыць жыць у згодзе і прытрымлівацца маральных запаветаў. Раство Хрыстова ўваходзіць у кожны дом і заахвочвае людзей да высакародных учынкаў і клопату пра блізкіх, усяляе ўпэўненасць ва ўрачыстасці міру і дабрыні.
Нам усім патрэбны простыя і вельмі важныя радасці: мір і спакой дарагіх нам людзей, упэўненасць у заўтрашнім дні, добрыя адносіны з сябрамі, калегамі і суседзямі.
Шчыра жадаем вам моцнага здароўя, шчасця, добрага настрою, аптымізму, удачы і поспехаў ва ўсіх пачынаннях. Няхай у вашых сэрцах заўсёды жывуць дабрыня і міласэрнасць, а жыватворнае святло Каляднай зоркі сагрэе вашы дамы цяплом, напоўніць спакоем і ўтульнасцю, надасць сіл у пераадоленні жыццёвых цяжкасцей, накіроўваючы на шлях, які вядзе да годнага і шчаслівага жыцця і дапаможа стаць лепш і мудрэй. Няхай дабрабыт, згода і шчасце прыйдуць у кожны дом.
Са святам, з Хрыстовым Нараджэннем!
Святары Бераставіцкай акругі