Рэдкі і незвычайны жук-насарог сфатаграфаваны на ўскраіне вуліцы Кавалеўскага ў Вялікай Бераставіцы.
Жук-насарог (самка) даўжынёй 43 мм з’явіўся ў дупле старой яблыні, якая расце на пойме ракі Бераставічанкі. На Беларусі гэта адзін з самых вялікіх жукоў, якому прысвечана паштовая марка ў 2001 годзе. Развіццё лічынкі пад зямлёй цягнецца 4 гады. Яна харчуецца раслінным перагноем, струхнелай драўнінай, каранямі дрэў. Можа быць шкоднікам для вінаграднай лазы і руж.
Жук-насарог лётае на штучнае святло і ў летні вечар. Ёсць звесткі, што ён ахоўваецца ў Заходняй Еўропе і лакальна – у Расійскай Федэрацыі. Але ў Чырвоную кнігу Беларусі (2015 г.) не ўнесены.
Фота Андрэя Втарушына