“Зав’ем вяночкі на добрыя дзянёчкі”. У аграгарадку Стары Дворац адсвяткавалі Сёмуху.

Культура Лента новостей

У нядзелю, 12 чэрвеня, у аграгарадку Стары Дворац звінелі яскравыя народныя спевы. Тут праходзіла традыцыйнае фальклорнае свята «Старадварэцкая Сёмуха гудзе на ўсю ваколіцу». У гэты дзень даўнія абрады нашых продкаў ажылі ў сучасным увасабленні і прадэманстравалі важную ролю народнай культуры і спрадведчых духоўных каштоўнасцяў у фарміраванні нас як нацыі беларусаў. У Год гістарычнай памяці варта яшчэ раз нагадаць пра неабходнасць захавання і адраджэння падобных фальклорных традыцый.

Што гэта за свята Сёмуха? Па-першае, яно залежыць ад Вялікадня і адзначаецца праз сем тыдняў пасля яго. Царкоўная назва свята — Дзень святой Троіцы, альбо Пяцідзесятніца. Праваслаўная царква, адзначаючы свята Троіцы, услаўляе ачышчэнне чалавека, яго ўнутранай сутнасці і збаўленне ад панавання цёмных сіл.

У фальклоры існуе адразу некалькі назваў – “Сёмуха”, “Сёмік”, “Тройца”, “Зялянец”, “Зялёныя святкі”. Сёмуха сімвалізуе канчатковае развітанне з вясной. Па даўнім звычаі вуліцы, хаты і гаспадарчыя пабудовы ўпрыгожваліся “зелянiнай” – маладымі дрэўцамі, галінкамі, кветкамі. Чыста вымеценыя, пасыпаныя пяском дарожкі высцілалі дробна нарэзаным духмяным аерам, ім жа “аздаблялi” і падлогу ў хаце. Увесь Траецкі – “Сёмушны” – цыкл абрадаў і песень у народнай традыцыі з’яўляецца чыста жаночым. Важная роля ў iм належыць дзяўчатам i маладым “замужнiцам”. На іх ляжыць абавязак прадаўжэння жыцця і роду. І менавіта сам стан прыроды ў гэты перыяд, яе маладосць, сіла і прыгажосць адпавядаюць вобразу маладой прыгожай жанчыны. А яшчэ гэта свята, якое год ад году ўзнаўляе адвечнае жаданне хлебаробаў мець добры плён ад урадлівай нівы, ад клопату сваіх рук, якім ён лашчыць зямлю-карміцельку.

Старадварэцкая Сёмуха восьмы год знаёміць вяскоўцаў і гасцей аграгарадка з абрадавымі асаблівасцямі свята. Работнікі філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Стары Дворац пры падтрымцы мясцовага сельгаспрадпрыемства – аграфірмы “Стары Дворац” ладзяць гэты прыгожы фэст фальклору і народнай песні, каб даць магчымасць усім жадаючым дакрануцца да традыцый продкаў, адчуць асалоду ад беларускай песні і проста прыемна адпачыць. 

Святочная дзея адбывалася на сцэне, якая ўяўляла сабой паляну, упрыгожаную галінкамі бярозы. Бяроза – сімвал “Зялёных святак”. Менавіта яна першай вылузгвае са сваіх клейкіх пупышак зялёнае лісце – такое далікатнае, цнатлівае, водарнае.

Вядучая свята пазнаёміла гасцей з вытокамі Сёмухі  і сёмушнымі абрадамі.  Іх, дарэчы, існавала нямала. Напрыклад, дзяўчаты ішлі ў гай «завіваць вянок». Яны злучалі верхавінкі дрэў, якія раслі побач, атрымлівалася падабенства аркі. Завівалі вянкі і “на кавалераў”, і каб даведацца пра лёс сваякоў. Да галінак дрэў дадавалі «гаючыя» травы: буквіцу, палын, любістак, аер. Праз тыдзень ішлі праверыць. Калі дрэўцы заставаліся свежымі, то гэта абяцала добры год і шчаслівае жыццё. Вядомы абрад “кумлення” паміж дзяўчынкамі-падлеткамі. Падчас Сёмухі яны абменьваліся вяночкамі, прасілі адна ў адной прабачэння,  абяцаючы захоўваць сяброўства і добрыя адносіны.

Юныя ўдзельнікі дзіцячага фальклорнага калектыву «Дударочкі» разам з гасцямі свята прадэманстравалі абрад “завівання бярозкі” і ваджэння карагоду вакол яе, сплялі “агульны вянок”, кідалі свае вяночкі на галінкі дрэўца і загадвалі жаданні, адгадвалі назвы раслін у гульне  “Багацце прыроды” і, зразумела, “куміліся”.  Мясцовыя жыхары з ахвотай удзельнічалі ў абрадавых гульнях.

Падчас свята адбылося выступленне старадварэцкіх творчых калектываў «Дударочкі» і «Верацейцы», народнага ансамбля народнай песні Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці “Бераставіцкія музыкі”, а таксама артыстаў з суседніх раёнаў – народнага ансамбля “Згода” Вярэйкаўскага Дома культуры і народнага ансамбля песні і музыкі “Весялуха” Зэльвенскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.  

Акрамя вакальных нумароў госці з Зэльвы прапанавалі і танцавальную праграму “Тройцу гуляем, лета сустракаем”, падчас якой навучылі мясцовых жыхароў побытавым танцам.

Яркія каларытныя выступленні калектываў упрыгожылі свята і падарылі ўсім пазітыўныя эмоцыі і ўзнёслы настрой. Дапоўнілі канцэртную праграму эстрадныя нумары ў выкананні мясцовых удзельнікаў аматарскай творчасці і работнікаў Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Візітоўка старадварэцкай Сёмухі – пачастунак традыцыйнымі стравамі –  кашай, яечняй, выпечкай і ўзварам з сухафруктаў. Пра гэта паклапацілася мясцовая гаспадарка – аграфірма “Стары Дворац”, а прыгатавалі прысмакі повар харчовага блоку аграфірмы Марына Данільчык і яе памочнік Лілія Лапцюхова.

Завіталі на свята і майстры-рамеснікі. Увазе вяскоўцаў была прадстаўлена выстава-продаж вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці Бераставіцкага Дома рамёстваў, а таксама рамеснікаў з філіяла “Цэнтр рамёстваў “Спадчына” Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры. Мясцовыя жыхары маглі згуляць у бяспройгрышную латарэю і выйграць вырабы ручной работы з саломкі, керамікі, тэкстылю ад бераставіцкіх майстроў, мяккія цацкі, лялькі, вырабы, упрыгожаныя прыродным матэрыялам, прыгожа дэкараваныя падсвечнікі і вазачкі, кветкавыя кампазіцыі і многае іншае – ад гродзенскіх.

Самых маленькіх жыхароў аграгарадка не адарваць было ад дзіцячых атракцыёнаў – горкі, электрамабіляў і батута.

І дзеці, і дарослыя з задавальненнем карысталіся паслугамі аквагрыму ад майстра Бераставіцкага Дома рамёстваў Алены Дзянішчык.

Працавалі гандлёвыя кропкі з попкорнам, салодкай ватай і цацкамі.

Як адзначылі госці свята, у фальклорнага фэста “Старадварэцкая Сёмуха гудзе на ўсю ваколіцу” за гады існавання з’явіўся свой адметны каларыт. Ён – у захаванні народных традыцый і абраднасці, якія ўдала пераплецены з рэаліямі сучаснасці, і ў стварэнні асаблівай шчырай і сяброўскай атмасферы.

Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *