Надзея Тоўкач з аграгарадка Стары Дворац тыдзень таму адзначыла юбілей. Асабістае маленькае свята жанчыны – дзень нараджэння, па жыцці крочыць побач са святам прафесійным – днём работнікаў культуры. Былы дырэктар Старадварэцкага цэнтральнага Дома культуры мае адзін запіс у працоўнай кніжцы. Стаж работы на ніве культуры у яе складае 39 гадоў.
Надзея Іванаўна заўсёды на пазітыве, хоць жыццё, бывае, падносіць не зусім радасныя сюрпрызы. Энергічная, актыўная, жанчына не паддаецца журботам, цікавіцца ўсім, што адбываецца вакол, і лічыць, што трэба імкнуцца бачыць прыгажосць ў кожным новым дне. Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, яна ў душы – па-ранейшаму работнік культуры, якога вабіць творчасць і натхненне.
Прызванне
Родам з вёскі Сыраежкі Бераставіцкага раёна, Надзея Тоўкач з дзяцінства цягнулася да спеваў і музыкі: як толькі пачуе гармонік на вуліцы, бегла на меладычныя гукі і ўбірала ў сябе асалоду народнага фальклору. У Кватарскай школе на занятках музычнага гуртка навучылася іграць на акардэоне, нават у ансамблі ўдзельнічала. А калі бацькі набылі дзяўчынцы новенькі інструмент – радасці яе не было межаў! Гэты акардэон і сёння захоўваецца ў Надзеі Іванаўны – спадарожнік па жыцці, сведка і ўдзельнік самых розных падзей і святаў.
Потым былі 10-месячныя курсы баяністаў пры абласным Доме народнай творчасці, вучоба ў Гродзенскім культурна-асветніцкім вучылішчы на харавым аддзяленні і, нарэшце, размеркаванне загадчыкам ў сельскі клуб вёскі Стары Дворац. Гэта было ў 1971 годзе, клуб толькі нядаўна быў пабудаваны, і Надзея Тоўкач стала першым яго загадчыкам.
Песня жыць дапамагае
Крэслы і прайгравальнік “Радыёла” – вось і ўсё, што было напачатку ў клубе. Але быў энтузіязм і вялікае жаданне дарыць радасць і пазітыў вяскоўцам.
Танцавалі пад пласцінкі, было шматлюдна і весела. Моладзь збіралася з ўсёй акругі, прыязджалі на танцы нават з Вярэек, Бераставіцы… Мерапрыемствы ладзілі ўсёй вёскай, а галоўнай задачай клубнага работніка было развіццё самадзейнай народнай творчасці сярод рознаўзроставых груп насельніцтва. Гэтак і было. Людзі старэйшага ўзросту памятаюць вядомы старадварэцкі дуэт Сцяпана Затаўкі і Мікалая Тоўкача, якія з песняй “Еду, еду на камбайне” неаднаразова выступалі на абласным тэлебачанні.
Сапраўднай гордасцю Бераставіччыны былі вакальна-харэаграфічная група калгаса “Перамога”, якой кіравалі Ніна Пятроўна і Сяргей Іванавіч Лазарчыкі, а пазней, на яе аснове, хор пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Макрова. Калектыў атрымаў званне “народны” ў 1989 годзе, меў папулярнасць далёка па-за межамі раёна, нават у суседняй Польшчы.
Надзея Іванаўна была першапачынальніцай і ў харавой дзейнасці, і ў тэатральнай. Збірала вакол сябе мясцовых дзяцей і моладзь, раскрывала таленты, вучыла прыгажосці і дабрыні, была для іх верным сябрам. Пры Доме культуры дзейнічалі сольны, драматычны, фальклорны, інструментальны гурткі, “Умелыя ручкі”, дарослы і дзіцячы гурткі мастацкага чытання, аматарскія аб’яднанні “Сонейка” і сямейны клуб “Гіменей”. Пры падтрымцы мясцовай гаспадаркі мацнела матэрыяльная база ўстановы культуры, з’яўляліся музычныя інструменты і апаратура. Праводзіліся масавыя гулянні і святы, ладзіліся святы вёсак. Напрыклад, многім запомнілася свята вёскі Лявонавічы, якое прайшло ў цёплай сардэчнай атмасферы. Працаваць Надзеі Іванаўне даводзілася шмат, але работу сваю жанчына вельмі любіла. І вельмі рада, што сёння яе вучні і паслядоўнікі Аляксандр і Алена Бутрыла працягваюць пачатую жанчынай справу, уносячы свой індывідуальны почырк і падыход.
Былых культработнікаў не бывае
Па меркаванні Надзеі Іванаўны, лёгкай праца культработніка не была ніколі, асабліва, калі да яе адносіцца з пачуццём адказнасці і прафесійнай патрабавальнасці.
Творчая натура жанчыны не дае ёй сядзець спакойна на месцы. Яна вышывае, наведвае мерапрыемствы ў мясцовым філіяле па культурна-дасугавай дзейнасці, а некалькі гадоў таму зладзіла ўласнае “свята” роднай вёскі, дзе ўжо нікога не засталося з жыхароў. Надзея Іванаўна сабрала амаль з усёй Беларусі шматлікіх сваякоў – выхадцаў з Сыраежак. Трыццаць пяць чалавек прыехалі на малую радзіму, многія з іх бачыліся ўпершыню! А ў Надзеі Тоўкач па слядах той падзеі нарадзіўся верш, у якім перададзена яе любоў і пяшчота да роднай зямлі.
Успаміны аб роднай вёсцы
Вось і вёска мая, Сыраежкі,
Дзе рачушка Куклянка цячэ,
Дзе хацінка мая ў адзіноце
Успаміны пра жыццё мне дае…
Тыя сцежачкі, дзе мы хадзілі,
І той сад, дзе пчолкі гулі,
За гумном каласілася ніва,
А ў ёй васількі, васількі…
І грабіначка невялікая ў жыце –
Мы любілі там пагуляць.
А за вёскаю горка вяліка –
З яе любілі на санках з’язджаць.
Да болю родная, вёска,
У сэрцы ты вечна жывеш,
Дзе б ні быў ты на свеце,
Тут свой прытулак знойдзеш.
Святлана Ганчарова, фота аўтара