Масленіца-адно з самых вясёлых і гучных старадаўніх святаў, якое доўжыцца сем дзён. Кожны дзень мае сваю назву і традыцыі. У цяперашні час складана выканаць усе традыцыі і абрады народнага свята, але даведацца пра іх было цікава.
5 сакавіка ў Пархімаўскім яслях-садзе-базавай школе адбыліся провады Масленіцы. На свята былі запрошаны не толькі вучні, іх бацькі, але і ўсе жадаючыя.
Да свята рыхтаваліся загадзя. На класных гадзінах навучэнцы даведаліся, як раней праходзілі масленічныя гулянні і што азначае гэты звычай. Сумесна з філіялам па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Пархімаўцы дзяўчынкі развучвалі масленічныя песні.
На свяце ўсе ад душы весяліліся: вадзілі карагоды, спявалі песні і прыпеўкі, гулялі ў народныя гульні, спаборнічалі ў кемлівасці, спрыце і хуткасці.
Вядома, што блін з’яўляецца сімвалам Масленіцы, з якой пачыналася вясна, пад сонечнымі прамянямі абуджалася прырода. У старадаўніх звычаях славяне часта звярталіся да выявы Сонца. А на Масленіцу прынята заклікаць сонца, набліжаючы гэтым вясну.
На свяце ўсе з задавальненнем частаваліся блінамі з варэннем і духмянай гарачай гарбатай.
Кульмінацыяй свята стала спальванне пудзіла Масленіцы, якое суправаджалася словамі:
Масленіца-падманшчыца,
Да паста давяла – сама ўдрала!
Масленіца, вярніся, у новы год пакажыся!
Гары, гары ясна, каб не згасла!
Так мы праводзілі зіму і сустракалі доўгачаканую вясну.
Галіна АРЦЮХЕВІЧ, настаўнік пачатковых класаў Пархімаўскага ясляў-сада – базавай школы