У музеі Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы дзейнічае выстава мастацкіх работ “Гісторыя Вялікага княства Літоўскага ў асобах”

Культура Лента новостей

Дваццаць чатыры партрэты дзеячаў Вялікага княства Літоўскага і дзве карціны, якія адлюстроўваюць значныя падзеі першага дзяржаўнага ўтварэння на тэрыторыях беларускіх земляў – каранацыю Міндоўга і Грунвальдскую бітву, прадстаўлены ў музеі Вавёркі ўвазе наведвальнікаў. Тут пачала дзейнічаць выстава мастацкіх работ “Гісторыя Вялікага княства Літоўскага ў асобах” з фондаў Ваўкавыскага ваенна-гістарычнага музея імя П. І. Баграціёна.

Дырэктар музея Вавёркі Наталля Таргонская знаёміць
з выставай гродзенскіх пенсіянераў

Сваю гісторыю трэба ведаць, лічаць супрацоўнікі музея Вавёркі, і праз знаёмства з музейнымі экспанатамі займаюцца асветніцтвам, садзейнічаюць адукацыйнаму працэсу і фарміраванню грамадзянскай годнасці падрастаючага пакалення.
На выставе гісторыя ВКЛ ажывае, постаці асоб, якія аказалі ўплыў на развіццё беларускай дзяржаўнасці, нібыта паўстаюць з палотнаў і апавядаюць пра падзеі даўніх часоў.
Падчас прэзентацыі экспазіцыі робіцца акцэнт на перадумовах зараджэння ў сярэдзіне XIII стагоддзя на захадзе сучаснай Беларусі дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага.
– Сёлета, у Год народнага адзінства, важна нагадаць пра гістарычныя факты ўзнікнення беларускай дзяржаўнасці і асоб, якія паўплывалі на яе ўмацаванне і росквіт, – адзначае дырэктар музея Вавёркі Наталля Таргонская. –Вялікае княства Літоўскае зараджалася ў часы смуты. З поўначы на ​​гродзенскія землі наступалі крыжакі, на паўднёвыя княствы Белай Русі абрынуліся хвалі новых заваёўнікаў – татараў, якімі кіравалі яшчэ больш грозныя злоснікі – манголы. Само ж Гродзенскае княства, некалі моцнае, хілілася да заняпаду. Яго галоўныя гарады, названыя ў летапісах «Гародняй» (Гродна), «Услонімам» (Слонім) і «Валакавысекам» (Ваўкавыск), з цяжкасцю стрымлівалі напор заваёўнікаў крэпасцю сваіх сцен і мужнасцю воінаў. Толькі дапамога балтыйскіх плямёнаў і моцная ўлада адзінага князя маглі выратаваць Белую Русь ад рыцараў і манголаў. І князь з’явіўся. Яго звалі Міндоўг. Так, да 1248 года пад кіраўніцтвам літоўскага і прускага караля Міндоўга фарміруецца княства Літоўскае са сталіцай у Навагрудку. З’явілася новая моцная дзяржава, якая праіснавала пяць стагоддзяў і ўзбагаціла свет сваёй вялікай гісторыяй і культурай.
Сярод партрэтаў – карціна каранацыі Міндоўга, якая адбылася 6 ліпеня 1253 года. Пасля гэтай важнай падзеі сярэднявечная Літва стала роўнай сярод іншых каралеўстваў Еўропы, і новы статус дазволіў узяць курс на ўмацаванне дзяржаўнасці.


Яшчэ адно палатно адлюст­роўвае эпізод Грунвальдскай бітвы 1410 года з удзелам воінаў ваўкавыскай харугвы – адной з найвялікшых бітваў Сярэднявечча як па маштабах, так і па ваенна-палітычных выніках. Яна стала стратэгічнай перамогай над Тэўтонскім Ордэнам, які быў на працягу 200 гадоў галоўнай ваеннай сілай Прыбалтыкі.

– Экспазіцыя “Гісторыя Вя­лікага княства Літоўскага ў асобах” папаўнялася з 2014 па 2018 гады, – расказвае галоўны захавальнік фондаў Ваўкавыскага ваенна-гістарычнага музея імя П. І. Баграціёна Вольга Суета. – Ваўкавыскі мастак-аматар Сцяпан Моўлік перадаў гэтыя работы музею ў дар. Партрэты дзеячаў ВКЛ неаднаразова выстаўляліся па-за межамі нашага музея. Дарэчы, гэтую форму работы мы выкарыстоўваем ужо не першы год. Нашы перасоўныя выставы разнастайнай тэматыкі пабывалі і ў іншых музеях Гродзеншчыны. Вельмі рады, што выстава “Гісторыя Вялікага княства Літоўскага ў асобах” зацікавіла музей Вавёркі. Яна сапраўды служыць цудоўнай ілюстрацыяй да ўрокаў гісторыі.


Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *