У аграгарадку Пархімаўцы горда ўзвышаецца помнік. «Аднавяскоўцам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыйнай вайны» — напісана на ім бронзай. На дзвюх мемарыяльных плітах — 30 прозвішчаў загінуўшых на фронце, 24 — расстраляных у турмах, канцлагерах і за сувязь з партызанамі.
«Хлопцу было толькі васямнаццаць…»
Некалькі дзясяткаў мужчын з Пархімаўцаў і навакольных вёсак пайшлі ў 1944 годзе граміць ворага. Вельмі многія з іх так і не вярнуліся на родны парог. А да 1944-га, да дзён вызвалення, тут гаспадарылі нямецкія захопнікі і здзяйснялі генацыд мірнага насельніцтва.
Маладыя, вядома, не ведаюць асабіста тых, каму пастаўлены гэты помнік. Нават людзі старэйшага веку памятаюць эпізоды ваеннага ліхалецця толькі па расказах сваіх бацькоў. Усё ж такі прайшло 80 год…
За скупымі надпісамі мемарыльных пліт – разбураныя лёсы людзей, цэлых сем’яў, якія марылі, кахалі, працавалі на роднай зямлі.
Міхаіл Ваўчок … Ён загінуў пад Кёнігсбергам у 1944-ым годзе. І было тады хлопцу толькі васямнаццаць. Самы час жыць і жыць. Але юнак загінуў, каб абараніць на гэта права для іншых.
Аляксандр Рудзяк… У 1944-ым яму было ўсяго дваццаць чатыры гады.
Андрэй Крысюк… Хлопец загінуў, калі яму было дваццаць.
Браты Бандарыкі – Іван і Мікалай. Абодва загінулі ў 1945-ым, так і не дачакаўшыся светлага дня Перамогі.
Узнагароджаны пасмяротна
У адзінай інфармацыйнай базе герояў-землякоў, узнагароджаных баявымі ордэнамі і медалямі, якая фарміруецца на сайце Бераставіцкага райвыканкама ў межах патрыятычнага праекта “Памяць у метале: узнагароды маіх землякоў у гады Вялікай Айчыннай вайны”, ёсць звесткі пра двух чырвонаармейцаў з вёсак Далбянкі і Канчаны Міхаіла Казейку і Міхаіла Садаўнічага, чые прозвішчы нанесены на помнік у Пархімаўцах.
Як сведчаць узнагародныя лісты, стралок 7 стралковай роты, 3 стралковага батальёна 1082 стралковага палка 310 стралковай Наўгародскай дывізіі чырвонаармеец Міхаіл Мікалаевіч Казейка з Далбянкоў узнагароджаны медалём “За адвагу” за тое, што ён у баях за населены пункт Грунхоф у раёне порта Гдыня (Польшча) параненым вынес з поля бою афіцэра і аказаў яму першую дапамогу. Сам памёр ад ран. Міхаіл Мікалаевіч быў прызваны на фронт 9 лістапада 1944 года, а не стала яго 21 сакавіка 1945 года.
Чырвонаармеец 1 стралковага батальёна 653 стралковага палка 220 стралковай дывізіі з Канчан Міхаіл Садаўнічы ў наступальным баі 13-14 сакавіка 1945 года ў раёне в. Бененвальдэ ва Усходняй Прусіі, смела і рашуча дзейнічаючы на полі бою, абраў зручную агнявую мяжу і агнём свайго кулямёта знішчыў разлік 105 мм гарматы праціўніка. Адбіваючы лютую контратаку, Міхаіл загінуў смерцю храбрых. Юнаку быў 21 год. Ён пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам “Айчынная вайна ІІ ступені”.
Жукевіцкая трагедыя
На хутарах непадалёку ад Жукевічаў немцы расстралялі дзве сям’і за сувязь з партызанамі.
Паміж Данілкамі і Жукевічамі каля самага лесу знаходзіўся хутар Гіркаўшчына, дзе жыла сям’я Георгія Шацілы, які вырабляў цэглу.
– Георгій Іосіфавіч Шаціла прыходзіцца мне прадзядуляй, а маёй маме Вользе Амяльянчык – дзядуляй, – расказвае жыхарка Малой Бераставіцы Людміла Арцюхевіч. – У нашай сям’і захоўваецца памяць пра трагедыю на хутары, мы даглядаем магілку родных, якія пахаваны ў Гольнях.
Па расказах Вольгі Уладзіміраўны, якой, у сваю чаргу, расказвала матуля, Георгій Шаціла быў адмысловым майстрам. Яго цэгла і дахоўка былі якаснымі, моцнымі – не разбіць! Усе ў наваколлі называлі сям’ю Шаціла “цагельнікі”, яны былі добрымі людзьмі, гасціннымі і шчодрымі. Георгій Іосіфавіч, якому было 56 год, жыў з сынам Іосіфам 1917 года нараджэння. У той час у бацькі жыла 28-гадовая замужняя дачка Марыя Згірская з дзецьмі – Мар’янам сямі год і Ядзвігай пяці год. Ужо невядома, як здарылася так, што гэту сям’ю выдалі немцам, нібыта яны кормяць партызанаў. Кажуць, гэта зрабіў здраднік – хтосьці з мясцовых, жукевіцкіх. Аднойчы ноччу да іх уварваліся фашысты і расстралялі ўсіх – і дарослых, і дзяцей.
Тады ж загінула і сям’я каваля Сцяпана Карача з васьмі чалавек – муж і жонка Сцяпан і Ганна і іх шасцёра дзяцей. Самай старэйшай Веры было 18 год, Сафіі – 15, Іосіфу – 13, Івану – 11, Мікалаю – 9, Раісе – толькі 2 гадкі. Як расказвалі потым, пад выглядам партызанаў акупанты прыйшлі на хутар і папрасілі ежу. А потым усіх расстралялі.
Жыхар Гродзенскага раёна Іван Карач, які з’яўляецца ўнукам Сцяпана і Ганны, ведае пра страшную сямейную трагедыю па расказах свайго бацькі Дзмітрыя, які выжыў толькі дзякуючы таму, што знаходзіўся ў той час у роднай цёткі.
– Расказвалі, што маленькую Раісу так і знайшлі на руках у матулі, – кажа Іван Дзмітрыевіч. – Мой бацька застаўся жыць у цёткі на хутары каля вёскі Карозічы Гродзенскага раёна. А пра здрадніка казалі, што пазней ён быў апазнаны і панёс справядлівую расплату.
Расстраляную сям’ю Георгія Шацілы акупанты скінулі у бульбяную яму, зверху прысыпалі саломай, зямлёй. А перапахаванне іх на могілкі ў Гольні адбылося значна пазней. Увогуле, у Георгія Шацілы засталіся яшчэ тры дачкі, якія жылі асобна. Адна з іх, Анастасія, бабуля Людмілы Уладзіміраўны, жыла з сям’ёй на хутары Петруліна каля вёскі Верхаўляны. Яна ўспамінала, што першы час сваякі баяліся наведваць хату бацькі – не хацелі трапіць немцам на вочы. І яшчэ расказвала, што хутчэй за ўсё Георгій Іосіфавіч быў закапаны параненым, бо казалі, што яго знайшлі з выпрастанай з ямы рукой – мабыць, ён намагаўся выбрацца…
Месца пахавання сям’і Карач у в. Гольні пастаўлена на ўлік як месца пахавання ахвяр вайны. Да 80-годдзя Вялікай Перамогі плануецца надаць гэты статус і магілцы сям’і Шаціла-Згірскіх.
Загінуў у турме
Прозвішча Івана Карпача з вёскі Каленікі значыцца на помніку ў Пархімаўцах у спісе расстраляных. У кнізе “Доўгія вёрсты вайны” змешчаны ўспаміны яго сястры Веры Андрэеўны Шымавалос.
У час панавання Польшчы Іван Карпач быў падпольшчыкам. У 1940 годзе быў прызваны ў войска. Служыў у конніцы, у горадзе Армавір Краснадарскага краю. Калі пачалася вайна, немцы разбілі часць, дзе ён служыў, недзе непадалёк ад Масквы. Па 4-5 чалавек прабіраліся байцы да фронту з акружэння. Не здолелі, многія загінулі. У тамбоўскіх лясах Іван доўга блукаў ужо адзін, натыкнуўся на немцаў і трапіў у палон у Барысаў, дзе быў лагер для ваеннапалонных. Ваня змог ўцячы з палону. Ён вярнуўся ў родныя Каленікі вясной 1942 года. Але неўзабаве яго і яшчэ некалькіх мужчын – у асноўным з былых падпольшчыкаў – немцы забралі ў беластоцкую турму. Потым перавезлі ў турму ці ў лагер у Гданьск. Там Іван Карпач і загінуў.
Помнік у Пархімаўцах стаіць і напамінае пра тых, хто ахвяраваў жыццём дзеля сённяшняга мірнага неба, хто стаў ахвярай генацыду. Ля падножжа помніка кветкі, лампадкі. Іх прыносяць сюды ўдзячныя нашчадкі, каб яшчэ раз выказаць павагу за воінскі і чалавечы подзвіг аднавяскоўцаў.
Святлана ГАНЧАРОВА
Фота з архіва “БГ” і адкрытых крыніц