У Бераставіцкім Доме рамёстваў працуе “Вербны кірмаш”

Актуально Культура Лента новостей

З 6 па 16 красавіка ў Бераставіцкім Доме рамёстваў будзе працаваць выстава «Вербны кірмаш». Галоўны экспанат выставы – галінкі вярбы, дэкараваныя загадчыкам аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, майстрам саломапляцення Тамарай Касьян.

Вербачкі ўпрыгожаны саламянымі кветкамі, якія пераплятаюцца з рознымі каласкамі, сухацветамі, іншымі раслінамі. Прыродны матэрыял для большай прыгажосці дадаткова пафарбаваны.

Галінкі ад Тамары Мікалаеўны карыстаюцца вялікім попытам у бераставічан. Яны не толькі служаць атрыбутам свята Вербніцы і вытанчаным прадметам хатняга інтэр’еру, але і з’яўляюцца сапраўдным творам народнай творчасці.

Традыцыя упрыгожваць вербныя галінкі існуе здаўна. Сёння яна набывае сучасныя рысы. Пры аздабленні вярбы выкарыстоўваюцца новыя мудрагелістыя тэхнікі дэкаратыўна-прыкладной творчасці.  Аднак па-ранейшаму галінкі вярбы, якія ў нашых шыротах замяняюць вечназялёныя пальмавыя, застаюцца галоўным сімвалам свята Увахода Гасподняга ў Іерусалім, ці Пальмавай (Вербнай) нядзелі, якое каталікі будуць адзначаць 10 красавіка, а праваслаўныя – 17 красавіка.

Дом рамёстваў запрашае на выставу!

Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *