У Бераставіцкім Доме рамёстваў адбылося велікоднае свята для дзяцей

Актуально Культура Лента новостей Образование Общество

Як пазнаёміць дзяцей з народнымі традыцыямі свята Вялікадня? Вядома ж, праз гульні і творчы працэс.  Падчас дзіцячага свята «Велікодныя забавы», якое адбылося ў Бераставіцкім Доме рамёстваў, госці ўстановы – вучні Вялікабераставіцкай сярэдняй школы – гулялі ў «біццё яек» і іншыя традыцыйныя велікодныя гульні, малявалі ўзор на яйках і частаваліся выпечкай у выглядзе велікодных птушак.

Велікодныя традыцыі вельмі багатыя і цікавыя. Святкаванне Вялікадня – гэта не толькі ўрачыстае богаслужэнне ў храме, якое выклікае адчуванне дачынення да цуду і абнаўлення, але і многія народныя гульні, звычаі і вераванні.

Гульні, у якія гулялі на Вялікдзень, сёння вельмі рэдка выкарыстоўваюцца ў сучасных сем’ях, – распавядае метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Анастасія Касьян. – Хіба што толькі біццё яек да гэтага дня карыстаецца папулярнасцю як велікодная гульня. А дарма, бо гэтыя гульні не проста цікавыя, але і развіваючыя. Галоўнай забавай велікоднага тыдня былі гульні з фарбаванымі яйкамі: хто хутчэй скоціць іх з жалабка, пракоціць носам па стале, хутчэй раскруціць, патрапіць у чыгунок з адлегласці, перанясе, не выпусціўшы ў драўлянай лыжцы і гэтак далей.

На велікодных забавах у Доме рамёстваў дзеці з азартам уцягнуліся ў гэтыя гульні і знайшлі іх вельмі займальнымі.

Чаму ж велікодныя дзіцячыя гульні – гэта гульні з яйкамі, і адкуль іх вытокі?

Яйка – сімвал Вялікадня. Аднак не толькі. У народзе частку асвечаных яек бераглі ўвесь год і выкарыстоўвалі як абярэг жылля ад пажару ці пасеваў ад граду, – адзначае Анастасія Касьян. – І гэта не выпадкова, бо ў многіх народаў менавіта яйка – гэта сімвал жыцця, абуджэння прыроды, зямлі, сонца. Таму ўсе дзіцячыя велікодныя гульні з яйкам, якія дайшлі да нас, з яго катаннем па зямлі – гэта адлюстраванне старажытных вераванняў і абрадаў, звязаных з урадлівасцю зямлі.

Дзеці даведаліся і пра іншыя традыцыі Вялікадня, а яшчэ размалявалі паштоўкі-пажаданні ў выглядзе яек і ўпрыгожылі імі вербныя галінкі.

Святлана ГАНЧАРОВА, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *