У Бераставіцкай раённай бібліятэцы арганізавана выстава да 70-годдзя Міколы Барэля

Культура Лента новостей

Бераставіччына мая, Бераставіца!

Да болю любы і радзімы край…

Дзіўлюся і ніяк не надзівіцца

На твой зямны і непаўторны рай.

Гаюча мне вады з крыніц напіцца

І акунуцца ў салаўіны май…

Тут талентам калыска нарадзіцца,

Каб услаўлялі радавічы край!

Бераставіччына мая, Бераставіца!

Гасцей душэўнай песняй сагравай…

Не знойдзеш, мабыць, лепшага гасцінца,

Чым твой духмяны, пышны каравай.

Так цёпла і пранікнёна апеў родную зямлю мясцовы паэт Мікола Барэль. У гэтых, знаёмых многім землякам, радках – пяшчотная прачуласць, глыбокая пашана, вялікая сыноўняя любоў да сваіх родных мясцін, бацькоўскага кута, матчынай зямлі.

Сёлета паэту-самародку споўнілася б 70 гадоў з дня нараджэння. Яго не стала ў 2003 годзе. Аднак засталіся вершы, якія ў свой час друкаваліся на старонках “Бераставіцкай газеты” і адлюстроўвалі глыбокія пачуцці аўтара да малой радзімы.

У Бераставіцкай раённай бібліятэцы ў 2004 годзе была выдадзены кніжка з творамі Міколы Барэля. Вершы і песні паэта, сабраныя бібліятэкарамі ў адзіны зборнік “Я не прашу ў Бога многа…”, сталі данінай памяці пра паэта і крыніцай натхнення для чытачоў.

З нагоды юбілею Міколы Барэля яго жонка Галіна Вітольдаўна наведала бібліятэчную ўстанову, пагутарыла з бібліятэкарамі,  удакладніла біяграфію паэта і час напісання вершаў, перадала фотаздымкі. З вялікай цікаўнасцю жанчына пазнаёмілася з выставай “Бераставіцкі літаратурны Парнас”, дзе экспануюцца зборнікі твораў бераставіцкіх аўтараў. Сярод іх і вершы яе мужа Міколы Барэля. Бераставічане іх любяць і памятаюць.

Да друку падрыхтавала Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *