“Мой край родны – мая гісторыя жывая” – так называўся круглы стол, прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння вядомага бераставіцкага краязнаўцы Мікалая Пацэнкі, які адбыўся ў раённай бібліятэцы імя В.М. Кавалеўскага.
На мерапрыемства былі запрошаны вучні Вялікабераставіцкай сярэдняй школы імя С. В. Прытыцкага. І невыпадкова, а таму, што краязнаўства, як ніякая іншая дысцыпліна, выхоўвае ў падрастаючага пакалення павагу да гісторыі сваіх продкаў, прымушае задумацца пра мінулае і сучаснасць праз пошук сваіх каранёў.
Удзельнікі сустрэчы пазнаёміліся з краязнаўчай дзейнасцю Мікалая Іванавіча, з творамі, якія былі выдадзены з яго ўдзелам, з праектамі, прысвечанымі падзеям Вялікай Айчыннай вайны, якія былі рэалізаваны па ініцыятыве земляка.
Краязнаўства – гэта вялікая праца, якая патрабуе вялікай аддачы, часу і сіл. Мікалай Іванавіч прыклаў шмат намаганняў, каб кожны бераставічанін жыў непарыўнай сувяззю падзей і традыцый, спадчынай і памяццю продкаў.
Перад прысутнымі выступілі намеснік старшыні Бераставіцкага райвыканкама Андрэй Шчука, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Алена Хоміч, бібліятэкар Бераставіцкай райбібліятэкі Таццяна Марцішэвіч. Яны адзначылі неацэнную ролю Мікалая Іванавіча ў краязнаўчай дзейнасці і ў патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, якому аўтар пакінуў багатую бібліяграфічную і духоўную спадчыну.
Наталля АРЛОЎСКАЯ, загадчык аддзела інфармацыі і абслугоўвання дарослага і дзіцячага чытача Бераставіцкай райбібліятэкі
Фота Святланы ГАНЧАРОВАЙ