“Кожны народ стварыў хоць бы адзін геніяльны твор, і гэты твор – мова” – сцвярджаў Алесь Разанаў. Вучні нашай школы з павагай адносяцца да сваёй мовы, шануюць і берагуць яе. З мэтай далучэння праз родную мову да культурных традыцый беларускага народа ў Канюхоўскай сярэдняй школе з 19 па 23 верасня прайшоў Тыдзень роднай мовы.
Кожны дзень быў прысвечаны розным накірункам у развіцці беларускай мовы, літаратуры і культуры і меў пэўны эпіграф.
Напярэдадні,16 верасня, вучні VIII – XI класаў прынялі ўдзел у рэспубліканскім дыктанце, прысвечаным Дню народнага адзінства.
18 верасня на сайце школы быў размешчаны банер “Тыдзень роднай мовы”, на працягу тыдня ў якім была змяшчалася інфармацыя аб праведеных мерапрыемствах.
У панядзелак, 19 верасня, вучні і настаўнікі прынялі ўдзел у акцыі “Размаўляй са мной па-беларуску”. Увесь дзень на ўроках і перапынках гучала родная мова. Любімыя беларускія словы былі размешчаны на стэндзе. А старшакласнікі стварылі інтэрактыўнае воблака “Маё любімае слова па-беларуску”.
У аўторак, 20.09.2022, вучні VII –VIII класаў сабраліся разам, каб адкрыць для сябе невычэрпныя таямніцы беларускай мовы. Інтэлектуальная гульня “Беларуская скарбонка”праходзіла ў атмасферы добразычлівасці і добрага настрою. Нягледзячы на тое, што дзень быў пахмурны, вучні назвы сваім камандам далі светлыя: “Сонейка” і “Вясёлка”. “Шануйце, дзеці, дружбу, гэта самае дарагое і важнае, што ёсць у чалавека”, – такое пажаданне Кузьмы Чорнага было расшыфравана ў першым заданні. “Бліц-пытанне”дапамагло сямікласнікам і васьмікласнікам узнавіць веды аб гісторыі Беларусі і дзяржаўных сімвалах, а выконваючы заданні “Інтэлектуальная азбука” і “Тлумачальнік” вучні паглыбілі свае веды пра лексічнае значэнне слоў. Апошняе выпрабаванне было творчым: скласці сінквейн пра беларускую мову. І вось да якой высновы прыйшлі дзеці:
Мова.
Мілагучная, любімая.
Жыве, вучыць, гучыць.
Шануйце беларускую мову!
Будучыня.
У сераду ў фае школы была арганізавана выстава “Сэрцам роднага сэрца краніся”, дзе жадаючыя змаглі азнаёміцца з літаратурай пра родную мову.
У чацвер вучні ІХ класа запрасілі ўсіх на гастранамічны фэст “Беларуская кухня”, каб пачатаваць нацыянальнымі стравамі. Дранікі, бабка, наліснікі, печаныя бульба і яблыкі, квас, іншыя беларускія стравы, а асабліва – каравай, не пакінулі нікога абыякавымі.
Жадаючыя прынялі ўдзел у акцыі “Чытаем вершы пра родную мову”. Вершы беларускіх паэтаў у выкананні Жвалеўскай Надзеі, Дамастоя Мацвея, Васільчанкі Дар’і былі размешчаны ў Інтэрнэце на YouTube/
У пятніцу, 23 верасня, стартавала творчая акцыя “Чытаем Максіма Танка разам”, прысвечаная 110-гадоваму юбілею паэта.
Будзем жа вечна ỹдзячныя тым, хто данёс да нас адзiн з найдаражэйшых скарбаỹ – жывое роднае слова.
Алена Кажанеўская, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Канюхоўскай сярэдняй школы