Тыдзень мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня народнага адзінства, прайшоў у Пархімаўскім яслях-садзе – базавай школе

Лента новостей Образование

2021 год абвешчаны Годам народнага адзінства. Згуртаванасць і згода, талерантнасць і паразуменне – гэта каштоўнасці, да якіх імкнецца кожны чалавек, а жаданне жыць у свеце і быць шчаслівымі аб’ядноўвае ўсіх нас. Сёлета Рэспубліка Беларусь упершыню святкуе Дзень народнага адзінства. Гэтае свята – выдатная магчымасць успомніць аб гістарычнай і культурнай спадчыне, беларускіх традыцыях і лепшых якасцях беларускага народа.

З 13 па 17 верасня ў Пархімаўскім яслях-садзе – базавай школе праходзіў Тыдзень мерапрыемстваў, прымеркаваных да дзяржаўнага свята.

На адзіных інфармацыйных гадзінах “17 верасня – Дзень народнага адзінства” навучэнцы і класныя кіраўнікі гаварылі аб гісторыі беларускай дзяржаўнасці, сапраўдных каштоўнасцях, прыгажосці беларускай прыроды і беларускіх людзей. Усе прыйшлі да высновы, што толькі ў адзінстве мэтаў і намаганняў мы зможам захаваць і прымножыць дабрабыт і дасягненні нашай дзяржавы. 

Сярод вучняў 1-4 класаў быў аб’яўлены конкурс малюнкаў пад назвай “Беларусь адзіная”. Па выніках конкурсу ў фае была аформлена выстава лепшых работ.  

Хлопцы і дзяўчаты далучыліся да патрыятычнага чэленджа “Сімвалы маёй краіны”. Члены ГА “БРСМ” прадэманстравалі адзінства і ў добрых справах, удзельнічаючы ў акцыі па добраўпарадкаванні помніка землякам, загінуўшым у гады ВАВ у аг.Пархімаўцы. Для ўсіх аматараў здаровага ладу жыцця прайшоў легкаатлетычны забег “За адзіную Беларусь”.

Завяршальным акордам Тыдня стаў квэст-круіз “Беларусь – краіна адзінства!”. У першым туры былі зашыфраваныя словы-сімвалы Беларусі: зубр, бусел, Белавежская пушча, Брэсцкая крэпасць, Славянскі базар. Другі тур быў прысвечаны дзяржаўным сімвалам Рэспублікі Беларусь, а ў трэцім – навучэнцы ўспаміналі культурныя аб’екты краіны. Справіўшыся з усімі заданнямі, удзельнікі змаглі разгадаць зашыфраваную фразу: “У адзінстве народа – сіла незалежнай дзяржавы!”

Праведзеныя мерапрыемствы дазволілі кожнаму вучню адчуць сябе часткай вялізнай сям’і – беларускага народа, адчуць адзінства са сваімі сябрамі, са сваёй краінай.

Святлана ВОЙШЭЛЬ, намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Пархімаўскага ясляў-сада – базавай школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *