Тыдзень беларускай мовы і літаратуры прайшоў у Вялікабераставіцкай сярэдняй школе

Лента новостей Образование Общество

Тыдні беларускай мовы і літаратуры ў Вялікабераставіцкай сярэдняй школе заўсёды з’яўляюцца яркай і запамінальнай падзеяй. Не стаў выключэннем і гэты, які прайшоў з 19 па 23 лютага.

Агульны  цёплы, душэўны настрой надаў усяму Тыдню першы дзень, які прайшоў пад дэвізам: “Гавары са мной па-беларуску”.Акцыя “Фізкультхвілінкі па-беларуску аб’яднала ўсю школу: настаўнікі ўсіх прадметаў у гэты дзень праводзілі іх на беларускай мове. На перапынках на другім паверсе школы знайшлі сабе занятак вучні 5–  6 класаў, якія з вялікім задавальненнем глядзелі беларускія мультыплікацыйныя фільмы і  слухалі сучасныя музычныя кампазіцыі на роднай мове. Пяцікласнікі не ўтрымаліся  і кінуліся ў скокі. Колькі сучасных танцавальных кампазіцый ёсць на беларускай мове! Адкрывайце сабе сваё, беларусы! Старэйшыя класы ў гэты дзень прынялі удзел у конкурсе сачыненняў-эсэ ”Люблю цябе такой, якая ёсць, зямля мая, зямля бацькоў святая”. “Я ганаруся тым, што жыву ў Беларусі, маю магчымасць вучыцца, радавацца жыццю”,”Я люблю сваю родную зямлю за яе людзей. Жыхары Вялікай Бераставіцы – гэта сапраўды добрыя, шчырыя, гасцінныя людзі”. Гэтыя і іншыя выказванні вучняў сведчаць пра іх шчырасць і неабыякавасць да ”зямлі бацькоў святой”. Пажаданні росквіту і дабрабыту, незалежнасці, радасці, святла, міру гучалі у большасці  вучнёўскіх сачыненняў. У школьнай  бібліятэцы у гэты дзень адкрылася кніжная выстава, прысвечаная творчасці пісьменнікаў-юбіляраў, якая працавала на працягу ўсяго Тыдня.

Другі дзень  прайшоў пад дэвізам “Роднаму слову – прызнанне ў каханні”. Вучні 5-8 класаў прынялі ўдзел у акцыі “Незвычайнае беларускае слова”. Патрэбна было адшукаць такое слова,  перакласці  і зрабіць малюнак да яго.У выніку правядзення акцыі вучні паглыбілі веды па роднай мове, стварылі інтэрактыўнае воблака незвычайных беларускіх слоў, пераканаліся, якая мілагучная і цікавая родная мова. У інтэлектуальнай гульні “Ведай свой край” прынялі ўдзел вучні 9-11 класаў. За званне лепшага знаўцы гісторыі і культуры Беларусі змагаліся каманды “Беларусазнаўцы” і “Радзімазнаўцы”. Яны адказвалі на пытанні віктарыны па тэмах “Славутыя людзі Беларусі”, “Наша сімволіка”, “Знакамітыя мясціны Беларусі”.У вачах  дзяцей свяцілася  цікавасць да гісторыі і культурнай спадчыны роднага краю, пачуццё гонару за сваю Радзіму, за свой народ.

Трэці дзень пад назвай Міжнародны дзень роднай мовы” дадаў новых фарбаў Тыдню. У гэты день  класныя і інфармацыйныя гадзіны былі прысвечаны Дню роднай мовы і прайшлі пад назвай “Славутыя сыны сваёй краіны”. Настаўнікі і вучні 10-11 класаў прынялі ўдзел у Гродзенскім абласным дыктанце “Сімвал бязмерных выпрабаванняў беларусаў”, які прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Усе ўдзельнікі прадэманстравалі высокі ўзровень ведання мовы. Колькі досціпу, жартаў было на  на аўкцыёне “Растлумач фразеалагізм – атрымай цукерку з беларускай назвай”, які праходзіў ў 5 “Б” класе! Шчаслівыя вочы дзяцей – сведчанне іх неабыякавасці і недарэмнасці нашай настаўніцкай працы. Вучні 7 – 8 класаў у гэты дзень прымалі ўдзел у  турніры знаўцаў “Мая Беларусь”. Падчас правядзення мерапрыемства  вучні паказалі не толькі добрыя веды, кемлівасць і спрыт, але і ўменне працаваць разам, знаходзячы правільны адказ на пастаўленае пытанне і калектыўна выконваючы чарговае заданне.

Чацвёрты дзень Тыдня “Ты бабуліна казка, ты матуліна ласка, беларускае слова” пачаўся з выставы  вучнёўскіх малюнкаў ”Пад небам сінім” па творах беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. У 12 гадзін дня эстафету падхапіў рэспубліканскі конкурсе”Буслік”, які сабраў 38 аматараў беларускай мовы. Спадзяёмся, што нашы вучні паказалі добрае веданне беларускай мовы. Своеасаблівым фіналам гэтага дня стала правядзенне вуснага часопіса ”Чароўныя напевы роднай мовы” з вучнямі 10 класа. Удзельнікам мерапрыемства былі прапанаваны конкурсы, якія садзейнічалі развіццю пазнавальнай і творчай актыўнасці, узбагачэнню слоўнікавага запасу, павышэнню цікавасці да роднага слова.

Пяты дзень Тыдня прайшоў пад дэвізам “Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына”. У гэты дзень праводзіўся конкурс чытальнікаў твораў Аркадзя Куляшова, прысвечаны 110-годдзю з дня нараджэння паэта пад назваю ”Чытаем класіка разам”. Вучні 8-11 класаў  чыталі вершы, балады, урыўкі з твораў паэта.  Мерапрыемства спрыяла выхаванню цікавасці да творчасці паэта, роднай літаратуры, развіццю творчых здольнасцей школьнікаў. Вялікую цікавасць у вучняў 5- 6 класаў выклікала заданне  скласці радавод сваёй сям’і.  Лепшыя  работы былі прадстаўлены на выставе радаводаў “Мае карані”. Пасля ўрокаў вучні і настаўнікі сабраліся ў кабінеце беларускай мовы і літаратуры на “Свята беларускай песні”. Як цудоўна і меладычна гучала роднае слова ў выкананні вучняў школы! Вялікі дзякуй, нашы артысты, за шчырасць, любоў да мовы, краіны, якая адчувалася ў кожным вашым выступленні. Завяршыўся Тыдзень конкурсам паштовак “Пажаданні роднай мове”. Пажаданні вучняў роднай мове былі сугучнымі выказванню Ф.Багушэвіча “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі”.

Праведзеныя на працягу Тыдня мерапрыемствы садзейнічалі папулярызацыі беларускай мовы, павышэнню цікавасці навучэнцаў  да творчасці беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, развіццю творчых здольнасцей школьнікаў, выхаванню ў вучняў нацыянальнай свядомасці, патрыятызму і любові да Радзімы, захаванню мовы як культурнай спадчыны беларускага народа.

Алена Талочка, кіраўнік ВМА настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры і рускай мовы і літаратуры Вялікабераставіцкай сярэдняй школы імя С.В. Прытыцкага



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *