Тыдзень бацькоўскай любові ў бібліятэках Бераставітчыны

Культура Лента новостей Неделя родительской любви Общество

Сярод шматлікіх свят, якія адзначаюцца ў нашай краіне, Дзень маці і Дзень таты займаюць асаблівае месца. Гэта святы, да якіх ніхто не можа застацца абыякавым.

На працягу Тыдня бацькоўскай любові супрацоўнікі бібліятэк раёна выказвалі віншаванні і словы падзякі ўсім мамам і татам, якія дораць дзецям сваё каханне і ласку.

Бібліятэкар бібліобуса правяла для сваіх чытачоў віншавальную акцыю “Мама-галоўнае слова”. Святочныя паштоўкі і цёплыя пажаданні атрымалі жанчыны з аддаленых населеных пунктаў. Акцыя мела поспех. Сельскія жыхары спыняліся, дарылі свае ўсмешкі, з радасцю фатаграфаваліся, гаварылі шмат цёплых слоў, дзякавалі за падораны святочны настрой.

У Кватарскай бібліятэцы падчас пасяджэння аматарскага аб’яднання “Кватараначка” прайшла акцыя-віншаванне “Любы вобраз матулі маёй”. На мерапрыемства сабралася шмат гасцей, прыйшлі сем’ямі. І дзеці, і дарослыя з запалам удзельнічалі ў разнастайных конкурсах. Вельмі цікава і весела ладзілася інсцэніроўка. Фотавыстава “Мой тата лепшы ў свеце” , якую аформілі бібліятэкар і юныя чытачы, прыцягвала зацікаўленыя позіркі удзельнікаў мерапрыемства. Час ляцеў хутка: прысутныя расказвалі пра сваіх татаў і дзядуляў, дзяліліся традыцыямі сямейных святаў, успаміналі цікавыя моманты і гісторыі. Усе атрымалі пры гэтым шмат пазітыву і добрага настрою.

На літаратурныя чытанні “Самай лепшай матулі на свеце” сабраліся ўдзельнікі аматарскага аб’яднання “Знайка”, якое дзейнічае ў Малабераставіцкай інтэграванай бібліятэцы. Дзеці чыталі вершы, гумарыстычныя частушкі, спявалі разам песні пра матулю. Падзяліліся думкамі, як будуць віншаваць са святам самага лепшага і роднага свайго чалавека – матулю. Бібліятэкар пазнаёміла з дзіцячай літаратурай, прысвечанай тэме мацярынства.

Кніжную выставу “Матулі добрае святло”, падрыхтаваную раённай бібліятэкай, у Бераставіцкім цэнтры культуры і народнай творчасці маглі разглядаць усе, хто прыйшоў на раённае свята, прысвечанае Дню маці. Кнігі і мастацкія альбомы, зборнікі вершаў і песняў былі прысвечаны толькі маці, матулі, мадоне… Нашы беларускія паэты, пісьменнікі і мастакі сваімі творамі даказваюць усенародную любоў і прызнанне высокай ролі жанчыны-маці ў нашай краіне.

“Аб той, што даруе нам жыццё і цяпло” — пад такой назвай у Бераставіцкай раённай бібліятэцы імя В.М. Кавалеўскага прайшло чарговае пасяджэнне клуба “Вясёлка дабра”. Шмат кніг, прысвечаных маме, было прадстаўлена на кніжнай выставе “Душы мацярынскай святло”. Жадалі моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і ўручылі на памяць паштоўкі супрацоўнікі бібліятэкі падчас віншавальнай акцыі “Мама – нібы анёл дабра”. А напярэдадні свята татаў работнікі раённай бібліятэкі павіншавалі бацькоў-чытачоў бібліятэкі з гэтым важным і значным святам. Пажадалі сямейнага дабрабыту, гонару за дзяцей, здароўя і веры ў свае сілы. Для маленькіх наведвальнікаў у бібліятэцы арганізавана кніжная выстава “Кнігі дзяцінства нашых татаў”.

Бацькоўская ласка, любоў і забота – самая вялікая каштоўнасць для кожнага чалавека. Няхай ў гэтыя восеньскія святы і пасля іх ва ўсіх сем’ях пануюць самыя ўзвышаныя пачуцці, гучаць самыя чуллівыя словы, пераважаюць самыя яркія фарбы!

Жанна МАТЫСІК, бібліятэкар аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *