Святочнае мерапрыемства да Дня сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці прайшло ў пятніцу, 25 лістапада, у Бераставіцкім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці.
Завяршыўшы паспяхова сельскагаспадарчы год, прадстаўнікі аграрнай сферы нашага раёна сабраліся разам, каб яшчэ раз адзначыць лепшых з лепшых і ўручыць ім заслужаныя ўзнагароды. У зале прысутнічала кіраўніцтва раёна, дэлегацыі сельскагаспадарчых арганізацый, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і ветэраны працы. Удзел у святочным меропрыемстве прынялі і госці — намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога аграпрамысловага саюза Іван Алізаровіч, намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце і сацыяльна-бытавым пытанням адкрытага акцыянернага таварыства “Малочны мір” Ігар Навіцкі і намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці і якасці адкрытага акцыянернага таварыства “Ваўкавыскі мясакамбінат” Аляксандр Гесць.
Перад пачаткам мерапрыемства ў фае Цэнтра культуры адбывалася дэгустацыя прадукцыі ААТ “Малочны мір” і ААТ “Ваўкавыскі мясакамбінат”, былі арганізаваны тэматычныя выставы і фотазоны, святочную атмасферу стварала выступленне інструментальнага ансамбля “Вераск” Пагранічнага філіяла Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў. Удзельнікі свята з задавальненнем каштавалі прадукты з малака і мяса, якія з’яўляюцца на нашых сталах дзякуючы і іх працы, рабілі фотаздымкі на памяць.
Права адкрыць святочнае мерапрыемства і павіншаваць працаўнікоў сельскай гаспадаркі было дадзена старшыні Бераставіцкага раённага выканаўчага камітэта Антону Кулісевічу, якія выказаў шчырыя словы ўдзячнасці землякам за дасягнутыя вынікі гэтага года, за багаты ўраджай, добрыя надоі і прывесы.
—Мне было вельмі прыемна, калі Прэзідэнт на святочным мерапрыемстве да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі ў ліку самых моцных аграрных раёнаў Беларусі назваў і наш Бераставіцкі раён, — адзначыў Антон Станіслававіч. — Гэта перадусім ваша заслуга і тых калектываў, якія вы сёння прадстаўляеце. Бераставічане сабралі сёлета рэкордны вал збожжа — 121 тысячу тон зерневых і зернебабовых культур. І калі статыстыка падае, што ў гэтым годзе ў Беларусі ўпершыню сабрана па тоне зерня на кожнага жыхара краіны, то ў нашым раёне гэты паказчык — 8 тон на жыхара раёна. Бераставіцкі раён сярод раёнаў Гродзенскай вобласці заняў годнае другое месца на ўборцы ўраджаю, трэцяе месца на нарыхтоўцы кармоў, другое месца па выніках працы ў жывёлагадоўлі.
Антон Кулісевіч падзякаваў усім за старанную працу, за адданасць роднай зямлі, за прафесіяналізм і адказнасць і ўручыў узнагароды раённага выканаўчага камітэта. Ганаровай граматай райвыканкама былі ўзнагароджаны Марына Лоскат, жывёлавод РУСП “Масаляны”, Алег Леанчук, вадзіцель аўтамабіля ААТ “Малабераставіцкі элітгас”, Віктар Багай, трактарыст-машыніст РУСП “Масаляны”, Іван Болбат, галоўны заатэхнік-селекцыянер па буйной рагатай жывёле цэнтра селекцыі і генетыкі па Бераставіцкаму раёну, Галіна Канаева, аператар машыннага даення КСУП “Пархімаўцы”, Валерый Якушаў, выкладчык Бераставіцкага дзяржаўнага каледжа. Граматы райвыканкама атрымалі Валянціна Матук, аператар машыннага даення РУСП “Масаляны”, Віталій Садоўскі, галоўны інжынер-механік ААТ “Малабераставіцкі элітгас”, Сяргей Сушко, трактарыст-машыніст КСУП “Пархімаўцы”, Васілій Кашэвіч, кіраўнік аддзялення ў жывёлаводстве КСУП “Варанецкі”. Падзячныя пісьмы райвыканкама былі ўручаны Яўгенію Гайдукевічу, трактарысту-машыністу ААТ “Малабераставіцкі элітгас”, Надзеі Цандэр, жывёлаводу КСУП “Пархімаўцы” і Крысціне Карповіч, жывёлаводу КСУП“Варанецкі”.
Шчырыя словы віншаванняў прагучалі для бераставіцкіх аграрыяў і ад намесніка дырэктара Гродзенскага абласнога аграпрамысловага саюза Івана Алізаровіча, які таксама прывёз узнагароды для пераможцаў сярод кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый Гродзеншчыны — членаў Гродзенскага абласнога аграпрамысловага саюза, атрымаўшых у папярэднім годзе ўдой ад каровы 6000 кг малака і болей – на лепшы вынік па вытворчасці малака за 3 квартал 2022 года. Імі сталі Валерый Паўлюкевіч, дырэктар РСУП “Алекшыцы” (1 месца), Святаслаў Кавальчук, дырэктар філіяла “Аграфірма “Стары Дворац” РУП “Гроднаэнерга” (2 месца) і Мікалай Гуз, дырэктар СУП “МілкАгра” (3 месца).
Цэлы шэраг узнагарод са словамі віншаванняў атрымалі працаўнікі аграрнай сферы ад першага намесніка старшыні Бераставіцкага райвыканкама, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандра Курылы і першага намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Паўла Буткевіча.
А лепшым работнікам, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў і прымаюць актыўны ўдзел у прафсаюзным жыцці, узнагароды ўручыў старшыня раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Анішчык.
Станоўчых эмоцый дабавіў усім прысутным у зале і спецыяльны розыгрыш «Шчаслівае месца!», пераможцу якога вызначыў дырэктар РУСП “Массаляны” Алег Антушэвіч, пераможца прэміі “Чалавек года Гродзеншчыны” ў вытворчай сферы ў 2021 годзе.
Цёплыя словы падзякі за працу прагучалі для работнікаў сельскай гаспадаркі таксама ад намесніка генеральнага дырэктара па вытворчасці і якасці ААТ “Ваўкавыскі мясакамбінат” Аляксандра Гесця, старшыні Бераставіцкай раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Андрэя Шчукі, сакратара бюро райкама БРСМ Анастасіі Несцярук, якія таксама ўручылі падрыхтаваныя падарункі.
Яшчэ адзін блок святочнага мерапрыемства быў прысвечаны лепшым па прафесіі — сапраўдным прафесіяналам і майстрам сваёй галіны. Узнагароды пераможцам індывідуальнага раённага спаборніцтва за званне “Лепшы па прафесіі » ў 2022 годзе ўручыў першы намеснік старшыні Бераставіцкага райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Курыла.
Не засталіся без падарункаў і прысутныя ў зале ветэраны працы, заслужаныя работнікі, былыя кіраўнікі сельскагаспадарчых арганізацый — людзі, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны раёна. Сярод тых, каго ўшаноўвалі на свяце — Іван Захарчук, Дзмітрый Віхараў, Анатолій Чашэйка, Міхаіл Стралкоўскі і Рышард Аўдзей.
Ну і вядома, самым хвалюючым і кульмінацыйным момантам свята стала цырымонія ўзнагароджання пераможцаў раённага спаборніцтва сярод сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна ў 2022 годзе. Пераможцам спаборніцтва стала камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства “Варанецкі”. Яго дырэктар Юрый Яроміч атрымаў на сцэне ганаровы пераходзячы сцяг Бераставіцкага раённага выканаўчага камітэта. Гаспадарка таксама ўзнагароджваецца дыпломам і грашовай прэміяй у памеры 120 базавых велічынь.
Пераходнымі вымпеламі, дыпломамі і грашовымі прэміямі ў памеры 80 і 60 базавых велічынь адпаведна за другое і трэцяе месца ў раённым спаборніцтве былі ўзнагароджаны аграфірма “Стары Дворац” і РСУП “Алекшыцы”.
Застаецца толькі дадаць, што яшчэ адным падарункам для ўсіх прысутных у зале стала цудоўная канцэртная праграма, падрыхтаваная бераставіцкімі артыстамі, удзел у якой прыняў і музычны тэатр “Рада” з г. Гродна.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара