З 2018 года ў Малой Бераставіцы праходзіць фестываль “Бульба – МЭБ”, арганізаваны ў гонар любімага ўсімі беларусамі прадукта, які называюць другім хлебам. І гэта не выпадкова, бо менавіта тут знаходзіцца прадпрыемства «Малабераставіцкі элітгас», якое спецыялізуецца на вырошчванні элітнага насення бульбы. Кожны год у гаспадарцы вырошчваюць 9 сартоў гэтай культуры — стойкіх да хваробаў і з добрымі смакавымі якасцямі. Прымяненне перадавых тэхналогій дазваляе атрымліваць ураджайнасць бульбы звыш 356 ц/га і штогод рэалізаваць да 388 тон насенных клубняў эліты.Але не толькі бульбе традыцыйна прысвячаецца “Бульба – МЭБ”. У першую чаргу гэта свята ўшаноўвае герояў жніва — тых, хто ў спёку і непагадзь, з ранку да ночы працаваў на хлебнай ніве і паклапаціўся, каб на нашах сталах заўсёды быў хлеб і да хлеба.


Вось і 26 жніўня аграгарадок Малая Бераставіца гасцінна запрасіў усіх жадаючых раздзяліць разам з працаўнікамі гаспадаркі радасць ад завяршэння ўборачнай кампаніі і падзякаваць тым, хто зрабіў усё магчымае, каб кожнае вырашчанае зярнятка трапіла ў агульны каравай.



Менавіта ён, каравай новага ўраджаю, быў урачыста ўручаны ў пачатку мерапрыемства гаспадару свята – дырэктару адкрытага акцыянернага таварыства «Малабераставіцкі элітгас» Міхаілу Болбату і першаму намесніку старшыні – начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бераставіцкага райвыканкама Аляксандру Курыла.




Аляксандр Курыла ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў шчыра павіншаваў працаўнікоў ААТ “Малабераставіцкі элітгас” з паспяховым завяршэннем жніва.

— Усе гаспадаркі раёна завяршылі ўжо ўборачную кампанію, — адзначыў Аляксандр Васільевіч. — У засекі раёна засыпана 89 тысяч тон зерня новага ўраджаю, сярэдняя ўраджайнасць склала 66 ц\га. У агульны каравай значны ўклад унесла і ваша гаспадарка, вы выйшлі на чацвёртае месца ў раёне з ураджайнасцю збожжавых 71,8 ц/га, а па ўраджайнасці азімага рапсу – 67,5 ц/га — ААТ “Малабераставіцкі элітгас” знаходзіцца на першым месцы ў раёне. Усе гэтыя паказчыкі дасягнуты дзякуючы высокаму прафесіяналізму працаўнікоў вашай гаспадаркі. Дзякую ўсім вам за працу, жадаю моцнага здароўя, дабрабыту, мірнага неба над галавой і новых дасягненняў.

Героям хлебнай нівы, якія дасягнулі значных поспехаў у працы, Аляксандр Курыла ўручыў граматы і падзячныя лісты ад раённага выканаўчага камітэта і Бераставіцкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.




Прадоўжыў ушанаванне хлебаробаў дырэктар ААТ “Малабераставіцкі элітгас” Міхаіл Болбат. Граматы, грашовыя прэміі, памятныя падарункі ад кіраўніцтва гаспадаркі і сертыфікаты аб занясенні на Дошку гонару атрымалі на свяце камбайнёры, вадзіцелі аўтамабіляў, аператары зернесушыльных комплексаў і іншыя працаўнікі, датычныя да жніва.





Паколькі “Бульба – МЭБ” – брэндавае свята “другога хлеба”, то і гэтай культуры была аддадзена належная ўвага. Фотазона з помнікам бульбе прыцягвала ўвагу тых, хто любіць рабіць святочныя фотаздымкі.

Побач размясцілася выстава элітных гатункаў бульбы, якія вырошчваюцца ў ААТ “Малабераставіцкі элітгас”.

Яшчэ адну выставу арганізавала і раённая бібліятэка – тут можна было даведацца ўсё пра бульбу – “другі хлеб” беларусаў.

А яшчэ гасцей свята чакала і дэгустацыя бульбяных прысмакаў – мясцовыя повары прыгатавалі цэлы шэраг страў з усімі любімай бульбачкі і частавалі імі ўсіх жадаючых. А ў дапаўненне прапаноўвалася прадукцыя ААТ “Малочны мір” і ААТ “Ваўкавыскі мясакамбінат” , а таксама салодкія прысмакі ад Бераставіцкага каледжа.






Яркім момантам свята стала і адкрыцце новай крамы «Элітны», чырвоную стужку ўрачыста перарэзалі Міхаіл Болбат І Аляксандр Курыла, а затым адбылася бясплатная раздача марожанага і шампанскага для прысутных, розыгрышы для дзяцей.







Дарэчы, для юных жыхароў і гасцей Малой Бераставіцы было падрыхтавана вельмі шмат прыемных сюрпрызаў. Яшчэ да пачатку афіцыйнага адкрыцця свята для іх была арганізавана гульнёва-забаўляльная праграма “Малабераставіцкая рассыпуха” з разнастайнымі гульнямі і конкурсамі. Нямала эмоцый дзецям падарыла таксама шоу мыльных бурбалак і пенная вечарынка, увесь час працавалі ўсімі любімыя атракцыёны, аквагрым, прадавалася салодкая вата, папкорн і іншыя прысмакі.




Ды і дарослыя таксама не сумавалі. Сапраўдным упрыгожаннем свята стала яго музычная афарбоўка. Прыемныя эмоцыі і цудоўны настрой гасцям свята стваралі артысты Бераставіцкага цэнтра культуры і народнай творчасці, артыстка Моладзевага тэатра Зінаіда Фурор і суперфіналістка шоу “Х-Фактар Беларусь” Анастасія Краўчанка з Мінску, а таксама кавер-бэнд “Hit Hunter” з Гродна.







Завяршыўся “Бульба-МЭБ” піратэхнічным шоу фантанаў і дыскатэкай пад адкрытым небам “Танцуй разам з намі!”
Жыхары Малой Бераставіцы дзеляцца ўражаннямі ад свята
Тамара Канецкая з сынам Максімам:

— Свята нам вельмі падабаецца, для дзяцей тут сапраўдны рай! Яны ў захапленні ад атракцыёнаў і гульняў, ад пеннай вечарынкі і бясплатнага марожанага. А яшчэ цудоўны настрой падарылі ўсім канцэртныя выступленні як мясцовых артыстаў, так і знакамітых гасцей. Хочацца падзякаваць арганізатарам за добрую арганізацыю і прадуманую праграму, якая задаволіла, я думаю, усіх.
Эдвард Ражко:

— Хлебаробы заслужылі гэта свята сваёй нялёгкай працай на жніве, і сёння разам з імі святкуе ўвесь наш аграгарадок. Праграма вельмі насычаная, ёсць на што паглядзець і дарослым, і дзецям. Прыемным падарункам для ўсіх нас стала адкрыццё новай крамы, з шырокім асартыментам тавараў і даступнымі цэнамі. Цікава, ярка, весела – так праходзіць наш “Бульба-МЭБ”!
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара
Больш фота тут https://disk.yandex.ru/d/A4wrRqDu8TFMMA