Захаванне традыцый, адраджэнне каранёў беларускага народа – адна з першапачатковых задач установы адукацыі. У цяперашні час многае адыйшло ў нябыт. Не чуюць дзеці тых жніўных песень, як раней немаўляты, якія яшчэ з пялёнак знаходзіліся на жніўным полі разам з маці-карміцелькаю. Не святкуюць многіх святаў, якія раней былі звыклымі, знаёмымі для кожнага жыхара зямлі беларускай ад малога і да вяліка.
І гэта не дзіўна. Новае пакаленне – новыя звычкі і забавы. Сеткі Інтэрнэт запаланілі прасторы. Адвучылі нас ад мовы, ад цёплых сустрэч і зносін. Спытай зараз пра традыцыі, пра святы, якія раней святкаваліся на Беларусі – не многія адкажуць ды і пералічыць іх хопіць пальцаў адной рукі. Нельга страчваць нашу спадчыну, гістарычную памяць, наша сумленне. Давайце пачнём знаёміць нашых дзетак з маленькага ў сем’ях, у садках, школах з тымі залацінкамі, якія так беражліва калісьці захоўваў наш народ.
Так, з нагоды заканчэння жніва ў Пархімаўскай базавай школе адбылося свята “Багач”, дзе вучні пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення гэтага свята. Дзеці дэкламавалі вершы пра восень, працу хлебаробаў. Пад восеньскія мелодыі дэманстравалі свае таленты, кружыліся з рознакаляровымі лісточкамі, ствараючы карціну лістападу. Удзельнічалі ў гульнях і конкурсах, паказваючы свае пазнанні, здольнасці і навыкі.
Добры настрой не пакідаў удзельнікаў на працягу ўсяго свята. Спадзяемся, што да святаў, якія ведаюць дзеці, яны яшчэ змогуць дадаць свята “Багач”.
Валянціна БУРАК, настаўнік пачатковых класаў Пархімаўскай базавай школы