Добрай традыцыяй у многіх краінах стала святкаванне 13 лістапада Сусветнага дня дабрыні. Вядома, што дабрыні шмат не бывае, яна не спусташае душу, не стамляе. Рабіць добрыя справы вельмі проста, яны не вымяраюцца грашыма і не патрабуюць шмат часу і сіл. Нават простая ўсмешка незнаёмаму чалавеку ўжо можа тварыць цуды. Напярэдадні гэтага свята ў раённай бібліятэцы імя В. М. Кавалеўскага для ўдзельнікаў клуба маладых інвалідаў “Вясёлка дабра” прайшла гульнявая праграма “Как хорошо, что доброта живет на свете с нами!”.
Пачалося мерапрыемства з усмешкі адзін аднаму, з зарада добрага настрою. Бібліятэкар расказала ўдзельнікам пра свята, нагадала пра тое, што праяўляць дабрыню трэба не толькі ў гэты дзень, а заўсёды.
Удзельнікі клуба паразважалі, якога чалавека можна назваць добрым, якія ўчынкі яго ўпрыгожваюць, прывялі прыклады добрых спраў у адносінах да сваіх блізкіх і сяброў.
Падчас мерапрыемства адбыліся конкурсы «Прыказкі і прымаўкі пра дабро і зло», «Лесвічка каштоўнасцяў», «Стварэнне памяткі добрых спраў», а таксама гульня «Працягні фразу» на веданне ветлівых слоў.
У завяршэнні сустрэчы кожны напісаў на папяровым пялёстку добрае слова, якое спрыяе пазітыўнаму настрою. Пялёсткі склеілі разам і атрымаўся «рамонак добрых слоў».
Наталля Ляўковіч, бібліятэкар аддзела абслугоўвання дарослага і дзіцячага чытача Бераставіцкай райбібліятэкі