Сустрэча з ветэранамі педагагічнай працы прайшла ў Вялікіх Эйсмантах

Лента новостей Общество

Па краіне крочыць акцыя “Ад усёй душы”. Марафон дабра не пакінуў убаку і наш дзіцячы сад, бо выхаванне такіх якасцяў як увага, дабрыня і павага пачынаецца ў дашкольным узросце. Без мінулага няма будучыні. Наша старэйшае пакаленне заслугоўвае ўвагі і павагі.

У гэтыя святочныя дні ў дзіцячым садзе праводзілася забава для дзяцей “Каляда», на якую мы запрасілі ветэранаў педагагічнай працы Э. Б. Шыкуту і А. У. Леусік, бо жывыя зносіны не замяніць размовамі і віншаваннем са святам па тэлефоне.

Эмілія Браніславаўна Шыкута на працягу 35 гадоў працавала ў Вялікаэйсмантаўскім дзіцячым садзе выхавальнікам, а Алена Уладзіміраўна Леусік 25 гадоў узначальвала дашкольную ўстанову. Цяпер яны  знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але з цеплынёй успамінаюць гады працы ў нашай установе адукацыі. І вось сёння перад імі сядзяць ужо дзеці іх выпускнікоў. Дзелячыся ўспамінамі не толькі з дзецьмі, але і з намі, педагогамі, госці нібы зноў вярнуліся на шмат гадоў таму.

Яркімі і незабыўнымі былі выступленні супрацоўнікаў дашкольнай установы і выхаванцаў старэйшай групы. Словы падзякі ветэранам за шматгадовую працу выказалі загадчык ўстановы адукацыі А. Р. Буткевіч і  старшыня прафсаюзнага камітэта М. К.  Іадкоўская. Яны адзначылі, што дзіцячы сад ганарыцца сваімі ветэранамі, якія ўклалі шмат сіл для развіцця дашкольнай адукацыі, пажадалі ўсім моцнага здароўя і дабрабыту.

Гасцям была прапанавана экскурсія па дашкольнай установе, падчас якой адбылося знаёмства з традыцыямі, дасягненнямі дзіцячага сада за апошнія гады, навінамі дашкольнай адукацыі і жыцця ў раёне. Педагогі адзначылі, што дзіцячы сад ідзе наперад і становіцца год ад года прыгажэйшым.

На памяць гасцям дзеці ўручылі калядныя зоркі, зробленыя сваімі рукамі, а ветэраны пажадалі педагогам і выхаванцам здароўя і цікавага творчага жыцця.

Якімі патрэбнымі і неабходнымі з’яўляюцца такія сустрэчы для тых, хто на працягу многіх гадоў укладваў у душу дзяцей цяпло сваіх сэрцаў, дарыў сваю ўвагу і клопат, і для тых, хто сёння працягвае развіццё дзіцячага сада!

Таццяна БУШУЕВА, выхавацель дашкольнай адукацыі Вялікаэйсмантаўскага дзіцячага сада



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *