У філіяле “Малабераставіцкая інтэграваная сельская бібліятэка” прайшла прафілактычная гутарка “Цані жыццё”, накіраваная на прафілактыку суіцыдальных паводзін сярод падлеткаў і моладзі.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел вучні Малабераставіцкай СШ і ваенаслужачыя пагранічнай заставы “Сямёнаўка”. Госцем сустрэчы стаў настаяцель храма Святога велікамучаніка Дзімітрыя Салунскага аг. М. Бераставіца, іерэй Мікалай Гмір.
Як адзначыла бібліятэкар Зоя Хлебнікава, прафілактыка суіцыдальных паводзін непаўналетніх і недапушчэнне ўцягвання дзяцей і падлеткаў у актыўныя дэструктыўныя супольнасці – гэта актуальны напрамак работы ўстаноў адукацыі, культуры, псіхалагічных служб у сучасных умовах. Тэма вельмі сур’ёзная і важная. Яна носіць міжведамасны характар і з’яўляецца састаўной часткай павышэння дэмаграфічнай бяспекі дзяржавы.
Падчас сустрэчы айцец Мікалай расказаў прысутным, як царква ставіцца да суіцыдаў. На канкрэтных прыкладах растлумачыў уздзеянне негатыўных структур на моладзь.
Пагаварылі таксама пра тыпы суіцыдальных паводзін, групы рыску падлеткаў. Абмеркавалі сучасныя моладзевыя субкультуры.
Мерапрыемства прайшло ў форме дыялогу, дзе кожны змог выказаць сваю думку.
Святлана ГАНЧАРОВА
Фота прадастаўлена Малабераставіцкай ІСБ