Спаборніцтвы маладых сямей, канцэрты, забавы і мора эмоцый. На Бераставіччыне прайшла “Пархімаўская весялуха — 2022”

Актуально Культура Лента новостей Общественные объединения Сельское хозяйство

У суботу, 18 чэрвеня, свята народнага майстэрства, вясковай абраднасці і добрасуседства “Пархімаўская весялуха -2022”  у чарговы раз запрасіла  жыхароў і гасцей аграгарадка правесці час разам, каб атрымаць мора незабыўных эмоцый.  

Святочныя мерапрыемствы праходзілі ў цэнтры Пархімаўцаў — у парку, дзе была размешчана імправізаваная сцэна і месцы для гледачоў. Пачалося свята з тэатралізаванага адкрыцця “Сустрэча гасцей з усіх валасцей”, падчас якога народны ансамбль народнай песні “Бераставіцкія музыкі” і вядучыя сардэчна запрасілі ўсіх далучыцца да вытокаў вясковых традыцый і культуры.

Адкрыў свята дырэктар КСУП “Пархімаўцы” Міхаіл Груздзеў, які прывітаў усіх на пархімаўскай зямлі і  пажадаў правесці гэты дзень з цудоўным настроем.

Святочныя мерапрыемствы пачаліся з  раённага этапу рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла – 2022”, у  якім за званне лепшай сельскай сям’і  Бераставіччыны   змагаліся пяць  найбольш актыўных маладых сем’яў з сельгаспрадпрыемстваў нашага раёна.

КСУП “Пагранічны-Агра” прадстаўляла сям’я Івана і Таццяны Карповічаў, 

КСУП “Малабераставіцкі элітгас” —  сям’я Валянціна і Вікторыі Семаковічаў,

КСУП “Пархімаўцы” – сям’я Арцёма і Таццяны Рыжых,

РСУП “Алекшыцы” – сям’я Аляксея і Анжалікі Кудлаш,

а КСУП “Варанецкі” – сям’я Алега Лошака і Наталлі Ярэська.

Яшчэ да пачатку  конкурснай праграмы сем’і-ўдзельнікі разгарнулі ў парку выставы творчых работ і сямейных дасягненняў, дзе дэманстравалі  ўсе свае  здольнасці, захапленні і любімыя сямейныя стравы. Дарэчы, паспрабаваць гэтыя прысмакі і ацаніць майстэрства гаспадынь маглі не толькі члены журы, але і ўсе жадаючыя. 

Конкурсная праграма ўключала ў сябе шэсць відаў спаборніцтва, прычым, адзін з іх – конкурс відэаролікаў “Лепшы сельскі падворак” быў падрыхтаваны загадзя, а астатнія пяць праходзілі пад пільным вокам журы і гледачоў.

У конкурсе “Давайце пазнаёмімся” ўдзельнікі прадстаўлялі візітныя  карткі сваіх сем’яў, у творчай форме расказвалі пра сябе і свае захапленні.   Яны яскрава даказалі, што і на вёсцы можна не толькі жыць і працаваць, але і творча развівацца.

Першай на сцэну выйшла сям’я  Алега Лошака і Наталлі Ярэська з аграгарадка Вялікія Эйсманты. Алег Аляксандравіч працуе  ў КСУП “Варанецкі” трактарыстам-машыністам, а Наталля Генадзьеўна – вядучы заатэхнік-селекцыянер, у іх сям’і выхоўваецца трое дзяцей: 14-гадовы Аляксандр, 8-гадовы Ігар і   дачушка Настасся, якой 5 гадоў.

У сям’і  Рыжых з аграгарадка Пархімаўцы, тата – Арцём Алегавіч – галоўны інжынер па ахове працы, а мама Таццяна Іванаўна – тэхнік па ўліку і ідэнтыфікацыі жывёл КСУП “Пархімаўцы”, яны выхоўваюць двух сыноў: Глеба і Філіпа.


У Валянціна Георгіевіча  і Вікторыі Уладзіміраўны Семаковічаў з Малой Бераставіцы  падрастае 8-гадовая дачка Анастасія  і 5-гадовы сын Аляксей.

Сям’я Карповічаў  з аграгарадка Пагранічны мнагадзетная: у Івана Валер’евіча, які працуе трактарыстам-машыністам у мясцовай гаспадарцы,  і Таццяны Анатольеўны трое дзяцей: 6-гадовая Соф’я, 2-гадовы Багдан і Данііл, якому толькі годзік. Малодшыя хлопчыкі не ўдзельнічалі ў конкурсе, а вось Соф’я актыўна дапамагала бацькам у выступленні.

Завяршыла конкурс візітак  сям’я Кудлаш з аграгарадка Алекшыцы. Аляксей Леанідавіч — вядучы эканаміст, а   Анжаліка Іванаўна – спецыяліст па кадрах  РСУП “Алекшыцы”,  у іх падрастае дзевяцігадовая дачушка Варвара.

Пасля прадстаўлення візітных карткаў сем’і  адправіліся ўдзельнічаць у конкурсе «Дрывасек», дзе муж і жонка  распілоўвалі бервяно, потым муж рубаў дровы, а жонка складала акуратныя паляніцы, і зрабіць гэта трэба было максімальна хутка.

Затым яны паказалі, як ладзяць са свойскай жывёлай, прадэманстравалі ўменне распрагаць і запрагаць каня ў конкурсе “Сіўка-бурка”.

У “Сельскай спартыўнай эстафеце” ўдзельнікі конкурсу змагаліся за званне самых спартыўных.

Завяршыў выпрабаванні конкурс “Майстар”, падчас якога таты мелі магчымасць паказаць, што яны майстры на ўсе рукі,  вырубаючы  з дапамогай сякеры дошку-стальніцу.

Падводзячы вынікі конкурсу, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Ігнатовіч падзякавала ўсім сем’ям  за ўдзел у праекце,   за іх актыўнасць, творчасць і імкненне да перамогі, за зарад пазітыўных эмоцый, якія яны падарылі гледачам, а таксама выказала падзяку КСУП “Пархімаўцы” за дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства.

Алена Уладзіміраўна ўручыла падзячныя пісьмы за ўдзел у конкурсе семьям Лошак і Семаковіч, і  ўзнагародзіла граматамі сем’і- прызёры.

Па выніках конкурсу трэцяе месца заваявала сям’я Рыжых,

другое – сям’я Карповічаў,

а пераможцам раённага этапу рэспубліканскага сямейнага праекта «Уладар сяла-2022» стала сям’я Кудлаш з аграгарадка Алекшыцы, якая і будзе прадстаўляць наш раён на абласным этапе.

Дарэчы, каштоўныя падарункі для прызёраў конкурсу падрыхтавалі раённая арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў АПК і раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”, а райкам БРСМ набыў падарункі для ўсіх дзяцей.

Пасля завяршэння “Уладара сяла” парк аграгарадку Пархімаўцы перайшоў у распараджэнне дзяцей – тут пачалася дзіцячая музычна-забаўляльная праграма “Да сяброў у госці”, якую правялі работнікі Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

У час свята працавалі разнастайныя атракцыёны і фотазоны, ішоў святочны гандаль, запрашала карагод-шоу “Народныя забавы”, працавала майстравое падвор’е “Умееш сам – навучы суседа”. 

Затым у госці да жыхароў Пархімаўцаў завіталі суседзі  са Свіслачы — праграму “Весяліся, не журыся“ прадставілі артысты Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, якія падарылі гледачам  шмат цудоўных канцэртных нумароў і сабралі шчырыя апладысменты.

Не менш актыўна сустракалі жыхары аграгарадка і ўдзельнікаў аматарскай творчасці Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і ахвотна падпявалі любімым  артыстам.

КСУП “Пархімаўцы” падрыхтаваў таксама спецыяльную пляцоўку “Пархімаўскі фіш-лайт”, на якой гасцей свята частавалі смачнай юшкай.

Яшчэ адным цікавым момантам свята стаў 1-ы этап Кубка Беларусі па паветранаму бою радыёкіраваных мадэляў, у якім удзельнічалі аматары авіямадэлявання з Бераставіцы, Гродна і Смалявіч, а таксама паказальныя выступленні авіямадэлістаў.

Вечарам жыхары і госці Пархімаўцаў з задавальненнем наведалі яшчэ адну канцэртную праграму – сваё выступленне ім падрыхтаваў кавер-бэнд «BEACH BOOGIE BAND» з Гродна .

Завяршылася свята дыскатэкай пад адкрытым небам,  святочным салютам і сумесным выкананнем песні “Сёння ў нашай хаце свята”.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *