Сёння – Міжнародны дзень роднай мовы. У Малабераставіцкай СШ адбыліся тэматычныя мерапрыемствы

Лента новостей Образование

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Рашэнне аб увядзенні Дня роднай мовы ў штогадовы план мерапрыемстваў было прынята на 30-ай сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЭСКА ў 1999 годзе.

Па дадзеных ЮНЭСКА, для выжывання мовы неабходна, каб на ёй размаўляла хоць 100 тысяч чалавек, а каб мова жыла і развівалася – не менш за мільён. Такіх моў сёння 250. За ўсю гісторыю чалавецтва “мёртвымі” сталі больш за 9 тысяч моў. Сярод іх старажытнагрэчаская, латынь, санскрыт, старажытнаруская, старажытнаперсідская.

21 лютага – яшчэ адна нагода задумацца аб лёсе роднай мовы і беларусам. Хто б ты ні быў – дарослы ці малады, жанчына ці мужчына, селянін ці гараджанін, студэнт ці настаўнік – ведай, што найлепшы твой твар, вопратка твая, душа твая – беларуская мова. Ад пакалення да пакалення беларускі народ замацоўваў у слове сваё бачанне свету, свой вопыт яго пазнання. Ад эпохі да эпохі ён выпрацоўваў разнастайныя сродкі для перадачы думак, пачуццяў. Прыродныя ўмовы i геаграфія краіны, узровень народнай гаспадаркі i кантакты з іншымі народамі, характар грамадскай думкі, культуры, мастацтва – усе вялікія і малыя асаблівасці жыцця нашага народа адлюстраваліся ў мове.

Якая прыгожая, мілагучная, мяккая і ў той жа час яскравая, звонкая, моцная, поўная наша беларуская мова! На кожны выпадак знойдзецца ў ёй і патрэбнае слова, і трапны фразеалагізм. На гэтай мове размаўлялі нашы дзяды і прадзеды, за яе змагаліся нашы продкі. Толькі гэтую мову мы можам назваць роднай, бо гэта мова нашай зямлі, нашых рэк, азёр і лясоў.

Сёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай.

Наша мова – дар не менш каштоўны за жыццё. Калі помніць, што ў сярэднім штомесяц у свеце знікаюць дзве мовы, мы абавязаны аддаць належнае сваёй роднай мове, якая дасюль, на шчасце, жывая. Аднак, разам з тым, нельга забываць, што валодаем мы ёю толькі па праве нараджэння на гэтай зямлі, а таму павінны рабіць усё неабходнае, каб зберагчы гэты бясцэнны дар.

З мэтай папулярызацыі і пашырэння сферы выкарыстання беларускай мовы, выхавання ў навучэнцаў нацыянальнай самасвядомасці, любові да роднай мовы, фарміравання матывацыі да ўдзелу ў актыўнай дзейнасці і падтрымцы творчай ініцыятывы ў Малабераставіцкай сярэдняй школе былі праведзены мерапрыемствы ў рамках Тыдня роднай мовы.

Пры правядзенні мерапрыемстваў ствараліся ўмовы для праявы і далейшага развіцця творчых і інтэлектуальных здольнасцяў кожнага вучня, падтрымання стану актыўнай зацікаўленасці авалоданнем новымі ведамі.

 Разнастайнасць праграмы дазволіла кожнаму вучню знайсці занятак па душы. Вучні мелі магчымасць паўдзельнічаць у такіх мерапрыемствах, як конкурс малюнкаў “Алфавіт у малюнках”, конкурс эрудытаў “Я беларусам маю гонар звацца”, музейны занятак “Беларускі лён: традыцыі і сучаснасць”, інтэлектуальная гульня “Таямніцы роднай мовы”, віктарына “Знаўцы роднай мовы”, конкурсная праграма “Родная мова, цудоўная мова”, творчая майстэрня “Жавароначкі, прылятайце!”. Была арганізавана фотазона з адметнай літарай беларускага алфавіта ў нескладовым. У мерапрыемствах прынялі актыўны ўдзел вучні 1-11 класаў, настаўнікі, работнікі школы.

“Дык шануй, беларус, сваю мову – гэты скарб наш на вечныя годы, за пашану радзімаму слову, ушануюць нас брацця-народы!”

Жанна КОЗЕЛ, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Малабераставіцкай СШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *