Штогод 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Сярод тых, хто найбольш часта ёй карыстаецца – настаўнікі беларускай мовы і літаратуры. Менавіта яны вучаць размаўляць на роднай мове сваіх выхаванцаў, знаёмяць з лепшымі творамі беларускай літаратуры і прывіваюць любоў да народнай культуры і традыцый, тым самым закладваюць падмурак для фарміравання нацыі. Любоў да роднага слова кожны день абуджае ў сэрцы сваіх вучняў настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алекшыцкай сярэдняй школы Кацярына Лясько. Як ёй гэта ўдаецца – пацікавілася карэспандэнт “БГ”.
Пачатак педагагічнага шляху
Кацярына Яўгеньеўна – малады і адданы сваёй справе настаўнік, які ўмее знайсці падыход да кожнага вучня і зацікавіць сваім прадметам. У школе, у якой яна працуе, родную мову дзеці доб-
ра ведаюць і шануюць. І ў гэтым немалая заслуга настаўніцы.
– Пра тое, што стану настаўніцай, ведала ўжо з дзяцінства, – з усмешкай кажа Кацярына. – Беларускую мову чула з першых гадоў жыцця ад сваёй бабулі. Заўсёды было цікава чуць ад яе нейкія незнаёмыя для сябе словы, фразеалагізмы, прымаўкі і пакрысе вывучаць іх. Да таго ж, мая цёця – настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Яна заўсёды бачыла маю любоў ды імкненне да вывучэння роднай мовы, таму параіла паступаць ва ўніверсітэт на “Беларускую філалогію”. Так і атрымалася.
Скончыўшы чатыры курсы філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, маладым спецыялістам Кацярына Лясько адправілася ў Алекшыцкую сярэднюю школу на сваё першае працоўнае месца.
– Бераставіччыну як месца для адпрацоўкі пасля ўніверсітэта выбірала свядома, – прызнаецца настаўніца. – Сама я з Гродна, а тут ад бацькоў – усяго гадзіна на аўтобусе. Ды і ў калектыве мяне прынялі вельмі цёпла, падтрымлівалі і заўсёды дапамагалі і словам, і справай. Таму я ні на хвіліну не пашкадавала, што апынулася тут.
З любоўю да роднага
Сваім вучням маладая настаўніца не навязвае вывучэнне роднай мовы, а імкнецца прывіць цікавасць і любоў да яе. І, зрэшты, у яе гэта цудоўна атрымліваецца.
– Раскрыць дзецям прыгажосць роднай мовы, паказаць яе мiлагучнасць – адзiн са шляхоў выхавання любовi да сваёй Радзiмы, – лічыць Кацярына Лясько. – Вельмі важна навучыць дзяцей з павагай ставіцца да беларускай мовы, не саромецца на ёй размаўляць. Важна, каб яны ведалі і шанавалі гісторыю сваіх продкаў. Адказнасць за гэта ляжыць на нас – настаўніках і бацьках.
Самай высокай узнагародай за сваю працу настаўніца лічыць неабыякавасць дзяцей да свайго прадмета. І невыпадкова. Кацярына Яўгеньеўна выкладае свой прадмет так, каб вучням было цікава на ўроках, імкнецца, каб яны палюбілі родную мову, каб хацелі размаўляць на ёй, глыбей пазнавалі і спасцігалі таямніцы роднага слова.
– Менавіта з вуснаў настаўніка цягнецца тая незаўважная ніць, якая пранікае ў сэрца дзіцяці і звязвае яго з цудоўным светам беларускай мовы, – упэўнена Кацярына. – Вельмі хачу, каб дзеці ведалі і шанавалі традыцыі і культуру свайго краю. Мару, каб мова наша гучала не толькі на ўроках у школе, але і ў доме кожнага беларуса, каб нашы ўнукі і праўнукі таксама маглі дакрануцца душою да скарбаў, назапашаных вякамі. Спадзяюся, што мае вучні стануць людзьмі з вялікай літары. А гэта лепшая ўзнагарода для мяне, як настаўніка.
“Для сябе”, па-за межамі школьнай праграмы, Кацярына Яўгеньеўна чытае кнігі па падлеткавай псіхалогіі. Гэтае захапленне спрыяе падтрыманню творчага настрою, узбагачэнню прафесійнага кругагляду і ўдасканаленню метадычнага майстэрства, а значыць, у канчатковым выніку дапамагае больш паспяхова заахвочваць дзяцей да вывучэння роднай мовы і літаратуры.
Ганна ПУГАЧЭЎСКАЯ
Фота аўтара