Гэтыя сцены, што падтрымліваюць нябесны звод над вёскай Грайна ўжо больш двух стагоддзяў, памятаюць многае. Калі б раптам калоны ці камні-валуны манументальнага свірана, што хаваецца сёння за вышкай сотавай сувязі, пачалі размаўляць, нам прыйшлося б напісаць нямала старонак. Свіран, што на першы погляд нагадвае сядзібны дом, пераносіць нас у глыб сівых стагоддзяў.
Напэўна, калісьці тут кіпела сапраўднае свецкае жыццё, горача маліліся аб дабрабыце і міры, хрысцілі доўгачаканых дзяцей і праводзілі ў апошні шлях памерлых сваякоў, па выхадных гулі каларытныя вечарынкі, а на святы ўладкоўваліся сапраўдныя карнавалы. А потым усё зламалася – у чорнай бездані войнаў ўгразлі планы і надзеі, сама сядзіба Ляхніцкіх не прайшла выпрабаванне часам, а нам, далёкім нашчадкам, засталіся толькі рэшткі былой раскошы. На пад’ездзе да сядзібы вы не ўбачыце інфармацыйнай таблічкі або стэнда, масавы турыст наўрад ці зверне ўвагу на гэтае месца, але ж для аматараў даўніны яно становіцца толькі прывабней.
Бераставіччына – дзіўнае месца. Тут літаральна за кожным паваротам вандроўніка чакаюць масткі ў мінулае. Незапланавана, але апантана і з цікавасцю ўжо вывучаеш былую шляхецкую сядзібу, адчуваеш сябе першаадкрывальнікам, даследчыкам. Варта толькі пахадзіць па яе тэрыторыі – і прыйдзе час здзіўляцца. А менавіта так і нараджаецца імкненне спазнаваць родны край.
Вёска Грайна Канюхоўскага сельсавета на першы погляд падаецца адной з многіх.
Разам з тым мала хто можа сказаць, што ў яе адметная гістарычная спадчына. Магчыма, не такая насычаная, але са сваімі персанажамі і захаванай з даўніх часоў сядзібай. Наўрад ці многія з жыхароў Бераставіцкага раёна ведаюць, што невялічкі флігель у вёсцы Грайна, што месціцца зусім блізка ад шашы, належаў у далёкім XVIII стагоддзі пану Ігнацію Ляхніцкаму (1755 – каля 1830), павятоваму маршалку, чалавеку багатаму і адукаванаму. Так, на першы погляд гэтае месца нічым не ўражвае. Ад былой сядзібы нам у спадчыну засталіся толькі рэшткі гаспадарчых пабудоў. Няўмольны час зрабіў сваё: пачала забалочвацца зямля, густа запаланіла месца былой сажалкі дзікарослае кустоўе. Можа, толькі свіран вышынёю ў два паверхі, які многія прымаюць за панскі дом. Узведзены ў стылі класіцызму, ён абсталяваны калонамі, што надае яму нейкай асаблівай вытанчанасці. Двухузроўневы будынак амаль квадратнай формы быў пабудаваны ў 1811 годзе з чырвонай цэглы. Свіран абтынкаваны, пад гонкавым дахам (гонт часткова захаваўся пад шыферам). У франтоне – круглае акно.
Справа ад свірана знаходзіцца яшчэ адна цікавая пабудова. Зразумець, што канкрэтна гэта быў за будынак, ужо складана, інфармацыі няма. Пабудова выканана з бутавага каменю рознай велічыні.
З кожным годам змяняе свой знешні выгляд і прысадзісты флігель. Зараз ён належыць прыватнай асобе. Уздоўж дарогі некалі мясціліся жылы флігель ці афіцына для гасцей ці прыслугі (на яго месцы зараз аўтобусны прыпынак). Непадалёку ад жылога флігеля размясціўся стары склеп, пакрыты плюшчом, – заглыбленае ў зямлю памяшканне з мураванымі сценамі тыпу зямлянкі, прызначанае для захавання гародніны, бульбы, напіткаў і інш. Мае наземнае збудаванне. Тут калісьці даўно панскія слугі складавалі харчаванне.
Пра сядзібу Ляхніцкіх існуюць толькі згадкі ў архіўных дакументах ды аповеды старажылаў. Першапачаткова сядзібны комплекс належаў Міхаілу Казіміру Агінскаму, дзядзьку знакамітага кампазітара Міхаіла Клеафаса Агінскага, аўтара самага вядомага паланэза “Развітанне з Радзімай”. У 1792 годзе стваральнік слонімскай «сядзібы муз”, вялікі гетман літоўскі Міхаіл Казімір Агінскі прадаў яго Ігнацію Ляхніцкаму, слонімскаму прыдворнаму, маршалку двара Агінскага ў Слоніме, дарадчыку ў маёнткавых і палітычных справах, ураджэнцу Мсціслава, доктару філасофіі. Пазней, у 1815 годзе, ён выдаў у Варшаве кнігу «Біяграфія селяніна, які жыве над берагамі Нёмана, вышэй Ласосны» («Biografia włościanina nad brzegami Niemna powyżey Łosośnej mieszkającego»), у якой выклаў свае асветніцкія погляды. Па прапанове гетмана пераклаў на польскую мову для Слонімскага тэатра Агінскага трагедыю Вальтэра “Альзіра, або Амерыканцы” (Варшава, 1780). У Грайна, а таксама ў маёнтках у вёсцы Зарубічы Гродзенскага раёна і Целяханах Івацэвічскага раёна Брэсцкай воблсці (гэтыя маёнткі Ляхніцкі таксама купіў 1792 г. у Міхаіла Казіміра Агінскага) рэфармаваў сялянскія павіннасці, што прадугледжвала заключэнне “добраахвотных” дагавораў, адчыняў школы. У 1818 быў аднім з заснавальнікаў Друкарскага таварыства ў Вільні.
Разгалісты бэз, які прадаўжае свой род з часоў уладальнікаў сядзібы, шуміць тут неяк бадзёра і радасна, нібы прываблівае да сябе аматараў мінуўшчыны. Калі прыслухацца, то гэты шум падобны на гукі паланэзаў Агінскага, якія, напэўна, даносіліся з панскага флігеля і луналі над прысадамі. Відаць, густыя кусты бэзу нейкім чынам вераць у працяг жыцця былой шляхецкай сядзібы. Сёння яна пакуль яшчэ жывая. Жывая насуперак усяму. І губляць тую нітачку, якая злучае нас з мінулым, мы не маем права, бо вось у такіх сядзібах нашы карані, пакінутая для нас продкамі спадчына.
МАРЫЯ КОЎШЫК, настаўніца рускай мовы і літаратуры Канюхоўскага ясляў-сада – сярэдняй школы