Сіла адзінства. У Бераставіцкай райбібліятэцы адбылася дыялогавая пляцоўка

Актуально День народного единства Культура Лента новостей Общество

Аб гістарычных перадумовах уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР, аб жыцці беларускага насельніцтва ў складзе польскай дзяржавы і значэнні для сучаснага грамадства новага свята Дня народнага адзінства ішла размова на дыялогавай пляцоўцы «Сіла адзінства» ў Бераставіцкай раённай бібліятэцы імя В. М. Кавалеўскага.

Удзельнікі сустрэчы – прадстаўнікі раённага савета ветэранаў, актывісты ветэранскай арганізацыі і атрымальнікі паслуг ТЦСАН Бераставіцкага раёна – абмеркавалі важнасць даты 17 верасня 1939 года ў станаўленні беларускай дзяржаўнасці.

Загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Бераставіцкай райбібліятэкі Наталля Арлоўская пазнаёміла з храналогіяй падзей, якія папярэднічалі паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь у 1939 годзе, расказала пра тое, чаму асноўная маса беларускага насельніцтва шчыра вітала чырвонаармейцаў.

Заходняя Беларусь актыўна эксплуатавалася польскімі ўладамі ў эканамічным плане. Палітыка польскіх уладаў у адносінах да сельскай гаспадарцы насіла відавочна дыскрымінацыйны характар. Ва ўмовах абвяшчэння прыватнай уласнасці на зямлю больш за палову сялян Заходняй Беларусі былі малазямельнымі і беззямельнымі. Бязлітасна высякалася Белавежская пушча і іншыя лясныя масівы, вывозіліся  прыродныя рэсурсы. Беларускае насельніцтва зведала горкую долю гвалтоўнай паланізацыі і акаталічвання, хоць, паводле Рыжскай мірнай дамовы, Польшча абавязалася даць насельніцтву Заходняй Беларусі ўсе правы, якія забяспечвалі б свабоднае развіццё яго культуры, мовы і здзяйсненне рэлігійных абрадаў. Але беларуская мова паступова вынішчалася з ужытку не толькі дзяржаўнымі органамі, але і органамі мясцовага самакіравання, а таксама навучальнымі ўстановамі.

Другая сусветная вайна пачалася 1 верасня 1939 года  нападам Германіі на Польшчу. Нягледзячы на ​​супраціўленне польскай арміі, немцам хутка ўдалося акупаваць большую частку тэрыторыі Польшчы. У гэтых умовах 16 верасня ў частках Чырвонай Арміі быў абвешчаны загад аб правядзенні вызваленчага паходу з мэтай абароны жыцця і маёмасці беларускага насельніцтва.

Дзякуючы ўз’яднанню пагроза акупацыі фашысцкай Германіяй Заходняй Беларусі, безумоўна, не знікла, але амаль на два гады была адсунута, – адзначыла старшыня Бераставіцкай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Алена Сілкова. – Хто ведае, колькі яшчэ ахвяр магло быць? Разам з гэтым, адбыўся і шэраг іншых станоўчых момантаў. За кароткі адрэзак часу былі праведзены значныя сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні ў інтарэсах большасці насельніцтва, папярэджана паланізацыя і асіміляцыя беларусаў, адбылася кансалідацыя беларускай нацыі.

Удзельнікі дыялогавай пляцоўкі распавялі па ўспамінах сваіх бацькоў, бабуляў, дзядуляў аб жыцці мясцовага насельніцтва «пад Польшчай», аб грэблівым стаўленні ўладаў да этнічных беларусаў.

Новае свята Дзень народнага адзінства сёння сімвалізуе непарыўную сувязь пакаленняў, моц духу беларускага народа і яго нястомнае імкненне жыць у сваёй дзяржаве і на роднай зямлі.

У завяршэнні сустрэчы адбылася прэзентацыя тэматычнай кніжнай выстаўкі “Адзіная Беларусь – магутная Беларусь”.

Святлана ГАНЧАРОВА

Фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *