Карціны, вышываныя Соф’яй Лапінскай з аграгарадка Кватары, упрыгожваюць кватэры не толькі яе родных, але і суседзяў, сяброў. Некалькі работ жанчына падарыла ў царкву аграгарадка Пагранічны і ў алекшыцкі храм. Соф’я Маісееўна стварыла больш за сто вышывак – гэта захапленне крочыла разам з ёй па жыцці, дорачы натхненне і адпачынак для душы.
Настаўніцтва – паварот лёсу
Соф’я Лапінская – настаўніца з 40-гадовым стажам. Жанчына даўно ўжо на пенсіі, але і сёння рада чуць добрыя весткі пра сваіх вучняў. Кожны з іх, прайшоўшы праз яе сэрца, пакінуў незабыўны след. У сваю чаргу, настаўніца хіміі, біялогіі і працоўнага навучання стала для многіх мясцовых хлопчыкаў і дзяўчынак правадніком у свет непазнанага, навучыла іх глядзець на звычайныя рэчы пад іншым ракурсам, выхавала любоў да складаных дысцыплін з дапамогай доследаў і эксперыментаў у класе і на школьным агародзе, які ў Соф’і Маісееўны заўсёды быў узорным, як і школьныя клумбы.
Па першай адукацыі Соф’я Лапінская – заатэхнік, скончыла Гродзенскі сельскагас-падарчы інстытут. Дырэктар Малабераставіцкай сярэдняй школы Емяльян Міронаў прапанаваў ёй выкладаць хімію-біялогію, паколькі вост-ра не хапала настаўнікаў. Так пачалася педагагічная дзейнасць жанчыны, і такому павароту лёсу яна ўдзячная. Соф’я Маісееўна скончыла дадаткова Мінскі педінстытут імя М. Горкага і была накіравана ў Кватарскую, тады сярэднюю, школу.
Жанчына ўспамінае той час з асаблівай цеплынёй: жыццё віравала, работа захапляла, сумленне і прамалінейны характар прымушалі ставіцца для любой справы якасна і адказна. Соф’я Маісееўна карысталася павагай у калег і вучняў, была прафсаюзным лідарам, актывістам грамадскага жыцця, членам выбарчай каміссіі. Сярод яе вучняў – былы старшыня райвыканкама Іван Захарчук, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вялікабераставіцкай СШ Тэрэза Сідаркевіч. Многія раз’ехаліся далёка за межы малой Радзімы, але памятаюць пра настаўніцу, якая паўплывала на іх светапогляд і выбар прафесіі.
Вышыўка – захапленне на ўсё жыццё
Уменне вышываць здаўна было ўласціва беларускім жанчынам – гэтага патрабавала само жыццё, побыт. Прыкладна з пяці гадкоў Соф’я пачала вучыцца ў матулі Вольгі Уладзіміраўны рамяству вышыўкі. І яно арганічна ўвайшло ў жыццё жанчыны. Чароўная іголачка зацягвае не толькі вышывальную нітку, паступова яна “зацягвае” і самога майстра.
– Узяўшы яе аднойчы ў рукі і паспрабаваўшы такую прыгожую і цікавую справу як вышыўка – не адарвешся, – лічыць Соф’я Маісееўна.
Кветкавыя кампазіцыі, жывёлы, птушкі, пейзажы, сцэны жыццёвай ідыліі і рэлігійныя зместы, метрыкі – творы жанчыны, вышываныя крыжыкам, уражваюць разнастайна-
сцю, прыгажосцю і дэталёвай прапрацоўкай. Сёння здароўе ўжо не дазваляе Соф’і Маісееўне займацца творчасцю, аднак некалькі год таму яе работы выстаўляліся ў музеі Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы і збіралі шмат пазітыўных водгукаў ад прыхільнікаў рукадзелля.
Соф’я Лапінская прысвяціла лепшыя гады свайго жыцця аграгарадку Кватары і яго жыхарам. І аднавяскоўцы адказваюць ёй узаемнасцю –
памятаюць і цэняць уклад жанчыны ў развіццё сферы адукацыі рэгіёна, яе ўплыў на выхаванне падрастаючага пакалення.
Святланы Ганачаровай
Фота аўтара і з архіва “БГ”