Сакральны помнік Вялікай Бераставіцы

Из истории земли Берестовицкой К сведению граждан Культура Лента новостей Общество

255 гадоў прайшло з часу асвячэння будаўніцтва старэйшага сакральнага помніка Вялікай Бераставіцы – касцёла Звеставання Панны Марыі (1786). Пра  значнасць касцёла для зямлі бераставіцкай сведчыла мармуровая шыльда, якая з’явілася падчас аднаўлення касцёла ў 1921 годзе. Тэкст шыльды распавядаў аб Юзафе Вандаліне Мнішку, кракаўскім кашталяне, фундатары бераставіцкага касцёла, будынак якога стаў сэрцам мястэчка.

Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вялікай Бераставіцы. XVIII ст. Малюнак-рэканструкцыя Андрэя Втарушына

Прататыпы XVIII стагоддзя

Дукля. Касцёл Св. Марыі і Магдалены (1742-1765).

Сакральны помнік Вялікай Бераставіцы мае свае архітэктурныя прататыпы. Адзін з іх знаходзіцца ў Дуклі (Падкарпацкае ваеводства Польшчы). Гэта парафіяльны касцёл Св. Марыі Магдалены (1742-1765), фундаваны Мнішкамі, уладальнікамі Вялікай Бераставіцы. Гісторыя гэтага касцёла адпавядае  бераставіцкаму касцёлу як па гістарычных звестках, так і па духоўна-культурнай значнасці. Помнік можна параўнаць з сэрцам.

Другі прататып – касцёл Св. Лаўрэнція на Волі ў Варшаве (1752-1755, архітэктар Яўхім Даніэль Яўх). Гэты аднанефны храм класічнага стылю з элементамі ракако лег у аснову бераставіцкага касёла і стаў яго душой, яго главою.

Касцёл Св. Лаўрэнція ў Варшаве (1752-1755)

Трэці архітэктурны прататып знаходзіцца ў Кракаве. Гэта касцёл Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі на Пяску (1679). Адносіцца да ордэна кармелітаў абутых. Будынак касцёла цікавы сваімі дзвюма фасадамі: сярэдневяковым і барокавым, а таксама капліцай Маці Божай Пясковай італьянскага архітэктара Джавані Трэвана (1578-1644). Барокавы фасад касцёла стаў прататыпам для бераставіцкага касцёла Звеставання Панны Марыі ў 1741-1768 гг., які можна параўнаць з целам чалавека, асновай. Гэтыя тры асноўныя прататыпы аказалі ўплыў для аднаўлення бераставіцкага касцёла ў мурах пасля пажару 1741 года.

Кракаў. Касцёл Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі на Пяску (1679)

Этапы будаўніцтва

Будаўніцтва касцёла Звеставання ў Вялікай Бераставіцы ўмоўна можна падзяліць на тры этапы ці адрэзкі часу:

1741-1752 гг.

-стварэнне праекта касцёла саксонскімі, італьянскімі архітэктарамі;

-закладка фундаменту касцёла;

-вывядзенне сцен першага і другога паверхаў з чырвонай цэглы.

1753-1763 гг.

-замена алтарнай заходняй часткі і галоўнага ўсходняга фасаду паміж сабой месцамі (па загаду Е. А. Мнішка, уладальніка Бераставіцы);

-дапрацоўка праекта галоўнага фасаду са званіцамі, бязвежавы фасад;

— узвядзенне даху і афарбоўка звонку касцёла ў светла-зялёны колер з белымі пілястрамі (рэшткі зялёнай фарбы захаваліся ў слаях тынкоўкі сцен).

1763-1768 гг.

-асвячэнне будынка касцёла;

-унутраная аздоба касцёла алтарамі, арганам, лавамі (дапамагалі мясцовыя рамеснікі і жыхары Бераставіцы, а таксама запрошаныя майстры з Рэчы Паспалітай);

-узвядзенне агароджы з брамай.

Касцёл атрымаў крыжовую ў плане трохнефавую базіліку з трансептам, паўкруглай апсідай і дзвюма сакрысціямі па баках алтарнай часткі. Галоўная архітэктурная аздоба сцен – пілястры. Яны, нібы стужкі, нацягнуты ўздоўж будынка, нідзе не злучаюцца на вуглах, і гэта стылевая прыкмета саксонскага барока. Прыкладам можа быць палац у Гросэр Гартэне (Дрэздэн. 1730. Арх. Я. К. Кнофель).

Гісторыя сведчыць

Пасля знішчэння пажарам у 1741 годзе першай драўлянай святыні ў Вялікай Бераставіцы яе тагачасны ўладальнік Юзаф Мнішак (1670-1747), кашталян кракаўскі, вырашыў аднавіць касцёл у мурах. Аднаўляць будынак ён перадае ордэну францысканаў, якім аказваў шчодрую фінансавую падтрымку. Справу аднаўлення касцёла Звеставання ў Бераставіцы прадоўжыў сын Юзафа Ежы Аўгуст Мнішак (1715-1778), маршалак надворны каронны, граф на Дуклі і Вялікай Бераставіцы.

Пэўная частка жыцця Е. А. Мнішка прайшла пры каралеўскім двары Аўгуста ІІІ Саксонскага. Выбітным палітыкам Ежы Аўгуст не быў, але чалавекам быў вельмі амбіцыёзным. Яго фартунай у жыцці стала жонка Марыя Амалія Бруль. У 1753 г. Мнішак стаў маршалкам вялікім каронным, галоўным інфарматарам саксонскага міністра Генрыха Бруля ў справах польскіх. Падчас Сямігадовай вайны (1756-1763) Ежы Аўгуст, стараста генеральны вялікапольскі (1757), марыць аб стварэнні запасной рэзідэнцыі ў сваёй Вялікай Бераставіцы на выпадак страты радавой рэзідэнцыі ў Дуклі. Таму ў Бераставіцы першая ўвага Е.А. Мнішка была накіравана на божы дом – касцёл Звеставання Панны Марыі, дакладней на яго завяршэнне. Потым на будаўніцтва ратушы (1755-1760) і сядзібы, якая належала калісьці Хадкевічам. Пры Мнішках была закладзена толькі чыгунная брама з гербам “Семпёраў”.

Нечаканыя перамены

Цікавы выпадак: падчас будаўніцтва касцёла Звеставання Панны Марыі была зменена арыентацыя галоўнага фасаду з алтарнай часткай. Па задумцы Е.А. Мнішка храм павінен сустракаць яго галоўным уваходам на Рынкавай плошчы Бераставіцы. Аднак храм быў ужо арыентаваны па рымска-каталіцкай традыцыі – алтаром на захад, а ўваходам – на ўсход. Адсюль задняя частка касцёла была накіравана на плошчу. Трэба было развярнуць храм.

Касцёл Звеставання Панны Марыі. 1899 г

Прыкладам такіх свавольніцтваў для Ежы Аўгуста стаў учынак яго цесця, саксонскага міністра Генрыха Бруля, дачка якога ў 1750 г. стала жонкай Е. А. Мнішка. Вядома, што ў 1753 г. Генрых Бруль загадаў каралеўскаму архітэктару Яўхіму Даніэлю Яўху “развярнуць” касцёл Св. Лаўрэнція ў Варшаве, каб галоўны ўваход храма быў накіраваны на яго рэзідэнцыю. Так міністру было больш зручна прыязджаць на малітвы, а не губляць час на абход вакол храма. Нямецкі архітэктар Я. Д. Яўх зрабіў няпроста праект аднанефавага касцёла ў стыле барока, а збудаваў у 1752-1755 гг. узорны храм для разгорнутай трохнефавай базілікі ў Вялікай Бераставіцы. Стыль саксонскага барока (строгі класіцызм з элементамі ракако) знайшоў сваё адлюстраванне ў бераставіцкім касцёле XVIII стагоддзя. Так гісторыя са Св. Лаўрэнціем паўплывала на стварэнне цэнтра мястэчка – Рынкавай плошчы.

Гэтыя абставіны выдзяляюць бераставіцкі касцёл як унікальны і адзіны помнік саксонскага барока на тэрыторыі Беларусі.

Галоўны алтар касцёла Звеставання Панны Марыі. 1920-я гады

Архітэктары

Вядомы 10 прозвішчаў архітэктараў, інжынераў Рэчы Паспалітай, якія працавалі для Мнішкаў у XVIII стагоддзі. Яны праектавалі і ўзводзілі палацы, замкі, касцёлы, гаспадарчыя пабудовы на землях Рэчы Паспалітай. Гэта саксонскія архітэктары Крыштаф фон Мюніх, Крыштаф Кнофель, Ян Фрэдэрык Кнобель, Эфраім Шрёгер, Ян Генрык Клем; французскія архітэктары Рыкарда дэ Тырэгайлі і Леанард Андрыс; італьянскія архітэктары Дамінік Марлені, Гаэтана Чаверы і Якуб Фантана. З іх можна выдзеліць групу мяркуемых архітэктараў бераставіцкага касцёла – К. Кнофель, Я.Д. Яўх, Я. Кнобель – прадстаўнікі саксонскага барока, якія працавалі ў Дрэздэне, Варшаве, Гродна. А таксама Р. Тырэгайлі і Я. Фантана – прадстаўнікі класіцызму, якія працавалі ў Беластоку. Між іншым, тут прадстаўлены тыя гарады, якія мелі стасункі з Вялікай Бераставіцай, дзякуючы роду Мнішкаў.

Андрэй ВТАРУШЫН, супрацоўнік Бераставіцкай райбібліятэкі, краязнаўца

Здымкі маюць ілюстрацыйны характар



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *