Дарагія ў Хрысце браты і сёстры,
сардэчна вітаем усіх вас і ад усёй душы віншуем са святам Хрыстовага Нараджэння!
«Я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе ўсім людзям: таму што сёння нарадзіўся вам у горадзе Давідавым Выратавальнік, Які ёсць Хрыстос Гасподзь» (Лк. 2, 10-11). Гэтыя словы, з якімі анёл звярнуўся да пастушкоў, адкрываюць істоту свята Божага Нараджэння: Бог ніколі не забывае пра сваё стварэнне. Не пакінуў чалавека сам-насам са сваімі праблемамі, калі той зграшыў з-за непаслухмянасці. Спаслаў свайго Адзінароднага Сына, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае.
Як тады, у гістарычны момант прыйсця Хрыста ў свет, для Яго не знайшлося месца ні ў адным доме, так і сёння вельмі часта ў штодзённых клопатах нашы сэрцы застаюцца закрытымі для Ісуса. Хрыстос стукаецца ў нашы дзверы і хоча ўвайсці, каб мы не загінулі, не страцілі вечнасць. Таму выбар чалавека – прыняць і адгукнуцца, адкрыць у сабе веру і любоў, або застацца безуважным, халодным і нячулым. Ці атрымліваецца ў нас, сучасных хрысціян, адгукнуцца на Яго заклік? Ці ён даўно адхілены намі і адсунуты на перыферыю нашага жыцця?
Хрыстос як і тады, так і сёння чакае нашай любові, мужнасці, сумленнасці. Чакае ад нас адказнага выбару і ўчынкаў паводле сумлення. І калі мы робім так, Ён зноў уцелясняецца ў вузкіх пячорах нашых сэрцаў. Робячы нас «людзьмі добрай волі» і даруючы «зямлі мір»! Ён з намі, калі мы – з Ім!
Вось шлях, па якім нам усім трэба ісці насустрач Хрыстоваму Нараджэнню! Не будзем чакаць, пакуль хтосьці замест нас зробіць наш выбар і прынясе Хрысту нашы дары. Не будзем баяцца прызнаць у сыне Дзевы Сына Божага і паслужым Яму, здзяйсняючы ўчынкі праўды! І тады ў «сэрцах нашых стане валадарыць мір Божы, да якога мы і пакліканы» (Кал.ІІІ,15). І ў гэтым міры няхай будзем усе мы!
Няхай Божае Дзіця народзіцца ў кожным сэрцы і прынясе радасць, мір і супакой у нашы сем’і. Няхай нованароджаны Сын Божы ўмацоўвае нашу веру і надзею, а любоў да Бога і бліжняга жыве ў кожным з нас!
Са святам! З Хрыстовым Нараджэннем!
Святары Бераставіцкай акругі