На Бераставіччыне працягваецца знаёмства з беларускай фальклорнай спадчынай у рамках Тыдня традыцыйнай культуры. Этнафэст “Па старонках мінулага” далучыў сваіх гасцей да народнага абрадавага свята “Багач” – старадаўняга праслаўлення ўраджаю, прымеркаванага да дня восеньскага раўнадзенства.
– Подобны фэст мы ладзілі ў мінулым годзе, – расказвае загадчык аддзела па рабоце з моладдзю Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Вераніка Грахоўская. – Тады адбылося знаёмства з беларускім ручніком, з характэрнымі асаблівасцямі сялянскага побыту, нацыянальнымі танцамі і стравамі. А сёлета акцэнт зроблены на народныя святы. Багач – яркае ўвасабленне шчодрасці, гасціннасці, гаспадарлівасці і працавітасці беларусаў. Да таго ж, гэта свята, багатае на абрады, гульні, песні, прыказкі і прымаўкі, якія захаваліся да нашых дзён і вартыя таго, каб сёння пра іх узгадаць.
Багачом свята празвалі таму, што ў даўнія часы людзі адзначалі яго, калі апошні сноп быў зжаты, сабраны ўвесь ураджай агародніны і кожны гаспадар станавіўся “багатым”. Апошні снапок перавязвалі стужкай, гаварылі замову і ўрачыста, з песнямі і жартамі, заносілі ў двор да тых, каму жадалі багацця і шчасця.
Абрад “Багач” быў прадэманстраваны работнікамі цэнтра культуры падчас этна-фэсту. Прагучалі абрадавыя песні і замовы.
Удзельнікі мерапрыемства з задавальненнем далучыліся да вывучэння побытавых танцаў – “лявоніхі кругавой” і “нарэчанькі”.
Госці этна-фэсту згулялі ў народныя гульні, заспявалі песні, пачаставаліся караваем новага ўраджаю і прынялі ўдзел у майстар-класе па вырабу саламянага абярэга ад загадчыка аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Тамары Касьян.
Святлана ГАНЧАРОВА
Фота аўтара