Праект «Вуліцы герояў». Вольга Соламава аддала жыццё ў імя Вялікай Перамогі

Вуліцы герояў Лента новостей Общество

Вуліца ў Вялікай Бераставіцы названа ў гонар аднаго з арганізатараў і кіраўнікоў камсамольска-маладзёжнага падполля і партызанскага руху ў час Вялікай Айчыннай вайны Вольгі Соламавай – мужнай дзяўчыны, якая загінула ў 24 гады.                                                                             

Настаўніца, камсамолка, дэпутат

Вольга Соламава нарадзілася ў 1920 годзе ў вёсцы Лаша, што знаходзіцца недалёка з аднаго боку ад Індуры і Луцкаўлян, з другога боку – ад Свіслачы, Сухой Даліны і Квасоўкі. У сям’і было шасцёра дзяцей, Вольга сярод іх была старэйшай і ёй прыходзілася глядзець за брацікамі і сястрычкамі, адначасова спалучаць гэта з вучобай у польскай школе. У бацькі было толькі 3,5 гектара зямлі, таму старэйшай дачцы прыйшлося ў раннім узросце дапамагаць не толькі на бацькоўскім палетку, але наймацца на працу да мясцовых памешчыкаў і асаднікаў.

У верасні 1939 года Заходняя Беларусь была далучана да БССР. На Гродзеншчыну прыйшло новае жыццё: пачынаецца калектывізацыя, арганізоўваюцца першыя калгасы, адчыняюцца школы, клубы, хаты-чытальні. У грамадска-палітычным жыцці прымае актыўны ўдзел і Вольга. Яна арганізоўвае ў Лашы гурток мастацкай самадзейнасці. Першы канцэрт самадзейных артыстаў адбыўся ў студзені 1940 года ў памяшканні мясцовай школы. А потым было выступленне на раённым аглядзе (тады называлася «алімпіяда») мастацкай самадзейнасці, а потым і на абласным – у Беластоку (у 1939-1941 гг. Гродзеншчына ўваходзіла ў склад Беластоцкай вобласці з цэнтрам у Беластоку). Гродзенская гарадская газета дала высокую ацэнку выступленням лашанскіх артыстаў, асобна была адзначана Вольга Соламава. Добра адазвалася аб самадзейных артыстах і беластоцкая абласная газета «Вольная праца». Арганізацыйныя здольнасці Вольгі былі заўважаны і высока ацэнены. 24 сакавіка 1940 года ў Заходняй Беларусі праводзіліся выбары ў Вярхоўны Савет СССР і Вярхоўны Савет БССР. Вольга была ўключана ў склад участковай камісіі.

Пасля выбараў ёй прапанавалі вучыцца на шасцімесячных настаўніцкіх курсах, якія дзейнічалі пры нядаўна створаным Гродзенскім педагагічным вучылішчы. 7 мая 1940 года адбылася яшчэ адна значная падзея ў жыцці дзяўчыны: яе прынялі ў камсамол. Пасля заканчэння курсаў Вользе прапанавалі застацца ў Гродне, але яна хацела паспрабаваць сябе ў сельскай школе. Яе накіравалі на працу ў пачатковую школу ў вёску Іванаўцы Падліпскага сельсавета Гродзенскага раёна.

Аўтарытэт настаўніцы ў вяскоўцаў, асабліва ў моладзі, быў вялікі. Яна была не толькі настаўніцай, але і спявачкай, і танцоркай, і дэкламатарам, і завадатаркай. Яе любілі і паважалі маладыя. Вольга стварыла камсамольскую арганізацыю ў вёсцы і ўзначаліла яе. Восенню 1940 года яе выбіраюць дэпутатам абласнога Савета.

Сама выклікалася на вайну

У першыя дні вайны Вольга Соламава паспела разам з некаторымі настаўнікамі эвакуіравацца. Трапіла ў Мардовію, працавала ў школе. Але ўжо ў 1942 годзе ў Беларускі штаб партызанскага руху, у Цэнтральны Камітэт камсамола стали паступаць неаднаразовыя просьбы ад дзяўчыны накіраваць яе на фронт або ў тыл ворага.

Нарэшце Вольгу выклікалі на гутарку ў раённы цэнтр у ваенкамат і райком камсамола, а потым у Маскву, у ЦК камсамола, затым у Беларускі штаб партызанскага руху. Тут яна сустрэлася з земляком Сяргеем Восіпавічам Прытыцкім, які доўга гутарыў з ёю. Было вырашана накіраваць Вольгу ў спецшколу падрыхтоўкі для работы ў тыле ворага.

У спецшколе вучылі многаму, што магло спатрэбіцца за лініяй фронту: канспірацыі і падрыўной справе, агітацыйнай рабоце і рукапашнаму бою, уменню метка страляць, прыгаць з парашутам і, калі таго запатрабуюць абставіны, не здавацца…

 У падполлі

Пасля прыбыцця на месца прызначэння ў Ліпічанскую пушчу, у месцараспалажэнне брыгады Аляксандра Неўскага, дзе знаходзіўся і падпольны абком партыі і абком камсамола, Вольга Соламава ў складзе партызанскіх груп некалькі разоў хадзіла на чыгунку Ліда — Баранавічы, Масты — Ваўкавыск, Масты – Ліда, дзе прымала ўдзел у падрыве варожых эшалонаў.

Асабліва вызначылася яна ў прапагандысцкай рабоце сярод насельніцтва. Не зважаючы на небяспеку, дзяўчына разам з іншымі партызанамі і ў адзіночку хадзіла ад вёскі да вёскі, ад хутара да хутара, распаўсюджвала лістоўкі, падымала моладзь на барацьбу, расказвала пра навіны з фронту.

Кіраўніцтва абкома і партызанскай брыгады, карыстаючыся тым, што Вольга добра ведала польскую мову і сама была мясцовая, пасылала яе для правядзення разведвальнай і агітацыйнай работы, арганізацыі падпольных камсамольскіх і антыфашысцкіх груп у раёны вакол Гродна: Сапоцкінскі, Гродзенскі, Крынкаўскі, Дамброўскі, Аўгустоўскі…

1 лістапада 1943 года Вольгу зацвердзілі  сакратаром Гродзенскага падпольнага гаркама камсамола і за ёй замацавалі Гродзенскі, Скідзельскі, Сапоцкінскі, Дамброўскі і Аўгустоўскі раёны для правядзення падпольнай работы сярод моладзі і аказання практычнай дапамогі падпольным райкамам.

Вольга Соламава з братам Міхаілам

Загінула, але ворагу не здалася

…У канцы студзеня 1944 года Вольга Соламава з групай партызан выйшлі з Ліпічанскай пушчы ў напрамку Масты-Воўпа-Лунна-Індура. У Жорнаўку партызаны прыйшлі ноччу 2 лютага. Там група партызан раздзялілася – частка пайшла далей, а Вольга Соламава разам з партызанам Васілём Бібічам пакуль засталіся. Яны планавалі яшчэ сустрэцца з моладдзю вёскі, пагутарыць, наладзіць новыя сувязі, а потым – так было загадана камандаваннем —дабрацца да Сапоцкіна, Дамброва і да самога Аўгустова. Аднак планам не ўдалося збыцца. Вольга   Соламава і  Васіль Бібіч былі акружаны фашыстамі.                                                                 

Бібіч першым быў забіты кулямётнай чаргой. Вольгу Соламаву паранілі, але дзяўчына працягвала страляць. Апошнюю кулю, не жадаючы патрапіць у рукі ворагу, яна пусціла сабе ў сэрца.

Ёй было тады 24 гады … Вечна маладой, адсюль, ад Жорнаўкі, яна ўвайшла ў бессмяротнасць.

За мужнасць і адвагу, праяўленыя ў барацьбе з ворагам, Вольга Восіпаўна Соламава пасмяротна ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалем «Партызану Вялікай Айчыннай вайны І ступені».

Пасля вызвалення Гродна ад фашыстаў Вольгу Соламаву перапахавалі ў брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан у гарадскім парку.

***

Вуліцы ў Гродне, Скідзелі і Вялікай Бераставіцы носяць імя камсамолкі-падпольшчыцы Вольгі Соламавай. А яшчэ гэтае імя чырвонымі літарамі выведзена на цеплаходзе, які курсіруе па Нёмане.

1 ліпеня 1964 Вользе Соламавай прысвоена званне Ганаровага грамадзяніна горада Гродна. Бюст Вольгі Соламавай устаноўлены каля школы ў аграгарадку Канюхі і гімназіі №3 у г. Гродна па вул. Соламавай. На радзіме падпольшчыцы і на месцы яе гібелі ў в. Жорнаўка Бераставіцкага раёна ўстаноўлены помнікі.

Падрыхтавала Святлана ГАНЧАРОВА паводле кнігі “Ганарыся сваім імем, вуліца”

Фота аўтара і з адкрытых крыніц



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *