Праект “У памяці народнай”. Раман Салавей – настаўнік і фатограф з Падбагонікаў

Лента новостей

Бераставіччына – славуты край  дзяржаўных і рэлігійных дзеячаў, вучоных, гісторыкаў, паэтаў. Асобнае месца займаюць фатографы пачатку ХХ ст. Іх творчая спадчыны аказала ўплыў на даследчыкаў, краязнаўцаў гісторыі і культуры Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы. Фотаздымкі бераставіцкіх фатографаў упрыгожваюць кнігі, альбомы, музейныя экспазіцыі.  Адзін з іх – Раман Салавей – знакаміты сваімі здымкамі Першай сусветнай вайны. Сёлета спаўняецца 135 год з дня яго нараджэння.

Салавей Р.Я.

Даведачнай літаратуры аб земляку амаль няма. З дакументаў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея вынікае наступнае:

Раман Якаўлевіч Салавей (1887-1943) – настаўнік народных вучылішчаў, фатограф, старшы ўнтэр-афіцэр 85-га Выбаргскага пяхотнага палка, сябра Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады (1926).

Нарадзіўся ён 1 кастрычніка 1887 г. у в. Падбагонікі Малабераставіцкай воласці Гродзенскага павета (зараз вёска ў Бераставіцкім р-не Гродзенскай вобл.). Раман быў  сынам шматдзетнай  сям’і Якава Салаўя, у якога з 20-ці дзяцей да дарослага жыцця выжылі 6: чатыры дачкі і два сыны – Нікіфар і малодшы Раман. Бацька аддае яго ў царкоўную школу Малай Бераставіцы, дзе хлопчык вучыцца ў 1900 -1902 гг. Затым, у 1906 г., Раман Салавей скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю і стаў выкладаць гісторыю, геаграфію, рускую мову і літаратуру ў навучальных установах Гродзенскай губерні. Гэта народныя вучылішча ў Клепачах, Росі, Малай Бераставіцы, Кляшчэлях і Войтках на Падляшшы. У Падбагоніках Раман Якаўлевіч стварыў сваю сям’ю. Жонка Надзея Мікалаеўна Салавей (1888 – 1967) нарадзіла трох сыноў: Барыса ў 1911 г., Леаніда ў 1918 г. і Якава ў 1921 г..

Падчас вучобы ў Свіслачы Раман Салавей зацікавіўся фатаграфіяй. Праз некалькі гадоў набыў сабе фотакамеру і пачаў здымаць краявіды Гродзеншчыны, сваіх вучняў, знаёмых, рабіў аўтапартрэты з жонкай у Падбагоніках. Цікавіўся архітэктурай Вялікай Бераставіцы.

29 ліпеня 1914 г. Раман Салавей быў мабілізаваны ў Расійскую армію з Войтаўскага вучылішча Бельскага павету. Падчас Першай сусветнай вайны (1914-1918 гг.) ён прымаў удзел у Лодзінскай аперацыі, ваяваў пад Варшавай, на Мазурскіх балотах. А летам 1915 г. Раман Салавей удзельнічаў у абароне Гродна. Разам са сваім палком ён прайшоў баявы шлях ад Заходняй Украіны да Латвіі і Эстоніі. У 1915 г. Раман Салавей – ужо ўнтэр-афіцэр, які быў прызначаны разведчыкам 85-га Выбаргскага пяхотнага палка. Там Раман Якаўлевіч пазнаёміўся з сапраўднай фотасправай, узначаліў палкавую фоталабараторыю, стаў выдатным фатографам-прафесіяналам.

Р.Я. Салавей за работай. 1915 г.

Фотаздымкі Рамана Салаўя сталі дакументальным вытокам падзей Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі, Польшчы, Літвы, Расіі, Украіны. Захавалася звыш 100 фотаздымкаў Р.Я. Салаўя, на якіх адбіліся як ваенныя часы, пакінутая зброя, разбураныя гарады і сядзібы, забітыя салдаты, так і мірнае жыццё пасля вайны. Сам Раман Салавей здзяйсняў фотаразведку палявых умацаванняў і ваенных аб’ектаў праціўніка, здымаў на плёнку баявыя дзеянні свайго палка, рабіў калектыўныя і асобныя партрэты вайскоўцаў, камандзіраў, фіксаваў мноства ваенных мерапрыемстваў. Напрыклад, агляд новай тэхнікі і зброі, месца баёў, вайсковыя пахаванні, паходную царкву, адпачынак, тэатральныя пастаноўкі вайсковай самадзейнасці 85-га Выбаргскага палка.

Палкавы святар і афіцэры 85-га Выбаргскага палка. 1915 г.

Пасля дэмабілізацыі ў 1918 г. Р.Я. Салавей вяртаецца ў Падбагонікі. Але Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918-1920 гг. у Заходняй Беларусі прымусілі сям’ю Салаўя пераехаць разам з дзецьмі ва Усходнюю Украіну. Там Р.Я. Салавей настаўнічае ў Васільеўскай Адзінай Працоўнай школе №2 Кацярынаслаўскай губерні.

У 1923 г. Раман Салавей разам з сям’ёй зноў вяртаецца на радзіму. Тагачасная Бераставіччына ўваходзіла ў склад Польшчы і настаўніцкая справа Р.Я. Салаўя была абмежаваная новай уладай.

У 1926 г. Раман Салавей стаў сябрам Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады (БСРГ). Гэта масавая легальная нацыянальна-вызваленчая арганізацыя працоўных Заходняй Беларусі, якая дзейнічала ва ўмовах сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту. Члены Грамады патрабавалі самавызначэння Заходняй Беларусі і аб’яднання ўсіх зямель з БССР. У студзені 1927 г. польскія ўлады пачалі ліквідацыю гурткоў і камітэтаў БСРГ. Пад арышт трапіў і Раман Салавей, актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху.

Пасля вызвалення з турмы Р.Я. Салавей зноў настаўнічае на Бераставіччыне, але вельмі абмежавана. Уз’яднанне з БССР прынесла паляпшэнне ў сямейны быт Рамана Салаўя. 1 кастрычніка 1939 г. Гродзенскі школьны інспектар І. Мрачкоўскі прызначае Р. Салаўя загадчыкам Алекшыцкай пачатковай школы. Пачалася работа па ліквідацыі непісьменнасці ў сельскай мясцовасці. У пачатку 1940 г. Раман Якаўлевіч здзейсніў пастаноўку п’есы беларускага драматурга Ф. Аляхновіча “Дзядзька Якуб” разам са сваімі выхаванцамі ў Алекшыцах. А 4 лютага 1940 г. Р.Я. Салавей прывёз гэтую пастаноўку і ў Малую Бераставіцу.

Пасля нападу гітлераўскай Германіі на Савецкі Саюз у 1941 г. настаўнік Раман Салавей перайшоў у бок партызанскага руху, быў сувязным. Але па даносу арыштаваны немцамі 2 жніўня 1942 г. і зняволены ў канцлагеры Штутгоф каля Гданьску (Польшча), дзе і загінуў у 1943 г.

Унікальныя фотаздымкі і сямейны архіў Р.Я. Салаўя захоўвалі яго сыны Леанід і Якаў на працягу свайго жыцця. У 1967 г. Леанід Раманавіч перадаў у Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей фотаархіў свайго бацькі, яго асабістыя рэчы, у тым ліку і фотакамеру «Kodak». Другую частку фотаархіву сыны перадалі ў Цэнтральны музей рэвалюцыі (Масква). З таго часу шмат фотаздымкаў Рамана Салаўя трапіла ў сучасную навукова-даведачную літаратуру Беларусі і Расіі. На радзіме Рамана Салаўя ў Музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы адкрыта пастаянная экспазіцыя з 16-цю лічбавымі копіямі здымкаў выдатнага фотамайстра з Падбагонікаў.

З інфармацыяй пра нашага земляка-фатографа можна пазнаёміцца на кніжна-ілюстрацыйнай выставе ў Бераставіцкай райбібліятэцы.

На чыгунцы ў Баранавічах. 1915 г.
Ражство Хрыстова ў Кляшчэлях.Навучэнцы Р.Салаўя. 1914 г.
Артысты вайсковай самадзейнасці 85-га Выбаргскага палка. 1915 г.
Від на замак Унгру. Эстонія. 1916-17 гг.

Андрэй ВТАРУШЫН, супрацоўнік Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В.М. Кавалеўскага



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *