Фестываль праходзіў 6 жніўня ў г. Смаргонь.
Фестываль «Скарбы Гродзеншчыны» праводзіцца раз у два гады і знаёміць з рэгіянальнымі асаблівасцямі традыцыйнай культуры Панямоння. Падчас свята адбываецца прэзентацыя элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны рэгіёнаў вобласці – аўтэнтычных і рэканструяваных абрадаў, народных строяў, страў, рамёстваў і промыслаў, фальклорнай песеннай творчасці.
Мінулы фэст праходзіў на гасціннай Свіслацкай зямлі, сёлета свята прымала Смаргоншчына.
Пасля традыцыйнага святочнага шэсця майстроў і носьбітаў народнай культуры з усёй вобласці з прывітальным словам да ўдзельнікаў фестывалю звярнуліся намеснік старшыні Смаргонскага райвыканкама Ігар Шчасны і намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Сняжана Куратчык.
Урачысты момант свята – перадача фестывальнага поясу, сатканага ткачыхамі Лідскага, Астравецкага, Гродзенскага і Свіслацкага раёнаў, які служыць абярэгам і прыносіць дабрабыт і поспех. Смаргонская частка поясу будзе саткана і перададзена новым гаспадарам фестывалю праз два гады.
У межах “Скарбаў Гродзеншчыны” адбываецца шэраг конкурсаў – на лепшы падворак традыцыйнай культуры, лепшую прэзентацыю падворкаў і традыцыйных страў, лепшую калекцыю работ традыцыйных рамёстваў і майстар-клас, лепшую рэпліку народнага строя і лепшыя фальклорныя калектывы (дарослы і дзіцячы).
На бераставіцкім падворку можна было пазнаёміцца з аўтэнтычнымі ўзорамі народных рамёстваў. Дзейнічала выстава мясцовых традыцыйных страў і дэкаратыўных вырабаў, праходзілі майстар-класы. Бераставіцкія прадстаўнікі прадэманстравалі адноўлены традыцыйны строй. У конкурсе фальклорнага мастацтва выступілі ўдзельнікі фальклорнага калектыву “Вясёлая бяседачка” філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Алекшыцы.
Па выніках конкурсаў аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці ўзнагароджаны дыпломам ІІІ ступені ў намінацыі «Лепшая рэпліка народнага строя». Фальклорны калектыў “Вясёлая бяседачка” адзначаны дыпломам за ўдзел у фестывалі.
Святлана Ганчарова