Неабыякавыя нататкі ў Год гістарычнай памяці

Лента новостей

Я вельмі люблю падарожнічаць па гарадах, пасёлках і вёсачках Беларусі.  Не разумею тых, хто сёння вандруе выключна на канапе, па віртуальнасці сваіх смартфонаў: многае ў жыцці губляеце, сябры! Паверце: ніякая, нават самая шыкоўная,  карцінка з інтэрнэта не заменіць сапраўднай сустрэчы  з жывой гісторыяй і культурай – населенымі пунктамі нашай Бацькаўшчыны! І таму калі я ў чарговы раз наведаў Мінск, сустрэўся з сябрамі, не мог не наведаць разам з імі цудоўную тэматычную выставу “Старажытныя гарады Беларусі”, якая разгарнулася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Глыбока сімівалічна, што выстава прысвечана Году гістарычнай памяці.  Не сакрэт, што ў кожнага горада – свой лёс, свая прастора, свая аўра. Тут можна ўбачыць звыш 150 экспанатаў. На розны густ. Цікавасць у наведвальнікаў выклікае факсіміле культавай Радзівілаўскай карты Вялікага Княства Літоўскага (1648). Мы пазнаёміліся і са шматлікімі  выданнямі па гісторыі гарадоў і помнікаў старажытнай культуры.

Так, датай заснавання Полацка лічыцца 862 год, аднак горад   быў заселены яшчэ ў 780 годзе. Адметна, што, пабываўшы ў складзе Полацкага княства, ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Расійскай Імперыі і СССР,  Полацк  здолеў захаваць саму  стылістыку старажытнай  архітэктуры: вузкія вулачкі, якія вялі да цэнтральнай плошчы —  класіка дойлідства X стагоддзя.

Імя Ефрасінні Полацкай вядома кожнаму беларусу.  Ёй  быў заснаваны адзін з найстарэйшых храмаў і самы старажытны жаночы манастыр на тэрыторыі Беларусі. Ефрасіння ахвяравала храму напрастольны крыж — легендарную рэліквію з мошчамі святых, інкруставаную каштоўнымі камянямі. Зараз у саборы захоўваецца яго копія: арыгінал знік ў Другую Сусветную вайну. На працягу амаль тысячагадовай гісторыі (сабор быў заснаваны ў 1125 годзе) храм  спачатку  належаў праваслаўнай канфесіі, затым быў перададзены езуітам, потым вернуты назад, аднак  гэта не перашкодзіла яму захавацца да ХХІ стагоддзя амаль  у першапачатковым выглядзе.

Годам нараджэння Віцебска лічыцца 974 год. Гэта адзін  з важных  адміністрацыйных цэнтраў Беларусі, цэнтр гандлёвых шляхоў у многія стагоддзі, сэрца Віцебскага ваяводства і княства, нават месца жыхарства Напалеона ў  1812 годзе.

Сярод знакамітых даследчыкаў, прадстаўленых на выставе,   гісторык і краязнавец Аляксей Сапуноў, які ў свой час скончыў Віцебскую гімназію, затым працаваў у ёй выкладчыкам  старажытных моў. З’яўляўся сакратаром Віцебскага губернскага статыстычнага камітэта, браў удзел у стварэнні Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея.  Аляксей Парфенавіч  удзельнічаў таксама ў  стварэнні Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, якая выдавала “Полацка-Віцебскую даўніну, дзе друкаваліся яго матэрыялы “Чарцёж г.Віцебска 1664 г.”, “Малюнкі крэпасцей, пабудаваных па загаду цара Івана Грознага пасля заваёвы Полацка ў 1563 г.”, “Гістарычны нарыс Віцебскай Беларусі” і інш. А. Сапуноў быў ініцыятарам адкрыцця Віцебскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута, дзе чытаў курс “Старажытнасці Паўночна-Заходняга краю”. Давялося яму чытаць і курс “Беларусазнаўства” ў Віцебскім педагагічным інстытуце. Ён даследаваў архітэктуру, пераважна Падзвіння. Яму належаць працы “Полацкі Сафійскі сабор”, “Універсітэт у Полацку”. Стрыжнявой яго  працай стала “Віцебская даўніна” – зборнік дакументаў па гісторыі Віцебшчыны ХІ – ХІХ стагоддзяў.

Старажытны Тураў нарадзіўся  ў 980 годзе. Вялікае значэнне  горад   займеў для хрысціян: менавіта тут з’явілася знакамітае  Тураўскае Евангелле, найстаражытнейшая кніга Беларусі. Да XII стагоддзя ў невялікім горадзе дзейнічалі ажно  85 цэркваў і 2 манастыры, дзіўныя нават  па сучасных мерках лічбы.

Дата заснавання Заслаўя 985 год. Нягледзячы на ​​невялікія памеры, горад   часта ўзгадваецца ў гістарычных даведніках. Ён быў пабудаваны князем Уладзімірам для жонкі Рагнеды і сына Ізяслава.

Брэст быў заснаваны ў 1019 годзе. Унікальныны ў сваёй прыгажосці горад прайшоў праз падзел Беларусі, уваходзіў у склад ВКЛ, Рэчы Паспалітай і Польшчы, быў найважнейшым пунктам на карце абароны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і здолеў дайсці да нашага часу ва ўсёй сваёй прыгажосці. Дарэчы, у час службы ў Савецкай Арміі мне таксама ўжо ў далёкім 1986 годзе  прысягу давялося прымаць у легендарнай Брэсцкай крэпасці-героі. Уражанні з таго часу незабыўныя: таму кожны раз, калі даводзіцца бываць у  Брэсце, абавязкова наведваю гэтае святое месца.

У адным з найстарэйшых гарадоў краіны Наваградку  і палітычным цэнтры ВКЛ знаходзяцца руіны   замка. У арыгінальным выглядзе замак існаваў з XI па XVII стагоддзе. Першапачатковае спалучэнне магутных зрубаў дуба і каменя зрабілі замак непрыступнай крэпасцю: у XIII і XIV стагоддзях яго масава штурмавалі крыжакі, але не атрымлівалі вялікага поспеху.  

Будаўніцтва Старога замка ў Гродне пачалося яшчэ ў XI стагоддзі, і сёння  ён з’яўляецца адзіным каралеўскім замкам на тэрыторыі Беларусі (не лічачы Новага замка ў Гродне). У працэсе шматвекавых цяжбаў Стары замак быў рэзідэнцыяй гарадзенскіх князёў, домам для князя Вітаўта (пры якім першапачаткова драўляная крэпасць была перабудавана ў каменную),  месцам жыхарства Стэфана Баторыя.

Вялікім знакам  мінулага Гродна  XII стагоддзя з’яўляецца і   помнік старажытнарускага дойлідства – Каложская (Барысаглебская) царква.  Яе заснавальнікі: ці  самі князі Барыс і Глеб Усеваладкавічы, ці  іх дзеці. 

На выставе мы бачым і ўнікальныя паштоўкі канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў. На іх адлюстраваны віды гарадоў, іх выдатныя мясціны – храмы, плошчы, тэатры, вакзалы, вуліцы.

Застаецца дадаць, што ўбачыць гэтую арыгінальную выставу можа кожны беларус: яна будзе працаваць да 15 чэрвеня. Не забывайце, што толькі добра  ведаючы гісторыю Бацькаўшчыны, можна пабудаваць шчаслівую будучыню. І яшчэ:  надзейны падмурак любой нацыі – захаванне гістарычнай памяці.

Канстанцін Карнялюк



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *