Навагоднія цуды ў Бераставіцкай райбібліятэцы

Культура Лента новостей Наши дети Общество

Новы год – гэта вясёлае свята для ўсіх людзей, пара цудаў, надзея на лепшае і вера ў казку. Кожны з нас у гэтыя дні не толькі чакае падарункі для сябе, але і рыхтуе сюрпрызы для сваіх блізкіх і знаёмых. Аднак, больш за ўсіх, гэта свята чакаюць дзеці. Святочны настрой і адчуванне асобай казачнай атмасферы пастараліся стварыць для ўдзельнікаў бібліятэчных дзіцячых аматарскіх аб’яднанняў “Экалагічны буквар” і “Люстэрка” супрацоўнікі Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В. М. Кавалеўскага падчас навагодняй пазнавальна-забаўляльнай праграмы “Навагоднія цуды”.

З навагоднімі віншаваннямі гасцей сустрэла прыгажуня Снягурка. Завітала на ранішнік і свавольніца Баба Яга з цікавымі конкурсамі, забавамі, гульнямі. Асабліва падабалася хлопчыкам і дзяўчынкам “катацца” з Ягой на мятле. А каб з’явіўся Дзед Мароз, і каб атрымаць ад яго навагоднія падарункі, неабходна было выканаць складаныя заданні Бабы Ягі. Школьнікі выдатна з імі справіліся, і хутка галоўны герой урачыстасці, Дзед Мароз, з’явіўся на свяце.

Ёлачка засвяцілася рознакаляровымі агеньчыкамі. З задавальненнем дзеці са Снягуркай, Дзедам Марозам і Бабай Ягой вадзілі вакол ёлкі карагоды, спявалі і танцавалі, чыталі вершы. Словам, на навагоднім ранішніку панавалі вяселле, азарт і добры настрой. Дзед Мароз і Снягурка падарылі хлопчыкам і дзяўчынкам салодкія пачастункі і пажадалі ім не пераставаць марыць і тварыць дабро, шанаваць блізкіх, берагчы здароўе.

Спадзяёмся, што нашы маленькія чытачы змаглі акунуцца ў прыемную атмасферу свята і атрымалі масу станоўчых эмоцый на будучы год.

Жанна МАТЫСІК, бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУК “Бераставіцкая раённая бібліятэка імя В.М. Кавалеўскага”

Фото прадастаўлена райбібліятэкай



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *