Падведзены вынікі і вызначаны пераможцы раённай выстаўкі-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці дзяцей “Самаробны цуд”. Члены журы наведалі ўстановы адукацыі раёна і ўручылі ўдзельнікам творчага праекта граматы, падзячныя лісты і салодкія падарункі. Кожны быў адзначаны за старанне і крэатыў.
Пры падвядзенні вынікаў журы ўлічвала арыгінальнасць і паўнату раскрыцця тэмы, кампазіцыйна-мастацкі ўзровень работ, якасць іх выканання.
– Кожны раз даводзіцца здзіўляцца палёту фантазіі ўдзельнікаў выстаўкі-конкурсу, – адзначае дырэктар музея Вавёркі, прадстаўнік арганізацыйнага камітэта і журы Наталля Таргонская. – Сямейная і гуртковая творчасць уражвае разнастайнасцю форм конкурсных работ, іх незвычайнай падачай і хараством. Экспазіцыя “Самаробнага цуда” стала сапраўдным упрыгожаннем рэзідэнцыі Бераст-Зюзі і яскравай адметнасцю навагодніх святаў на Бераставіччыне. І хоць былі творы, якія не ў поўнай меры адпавядалі заяўленым крытэрыям, усе ўдзельнікі – малайцы і заслугоўваюць удзячнасці. Асаблівая падзяка – бацькам і кіраўнікам гурткоў, настаўнікам школ і выхавальнікам дзіцячых садкоў, якія дапамагалі ў творчым працэсе.
Нагадаем, сёлета юныя канкурсанты выконвалі работы ў чатырох намінацыях: “Калядны анёл”, “Аб’ёмная калядная кампазіцыя”, “Арт-аб’ект”, “Міфічныя істоты беларускай міфалогіі”. Увазе членаў журы і наведвальнікаў рэзідэнцыі Бераст-Зюзі былі прадстаўлены 163 творы.
Адзначаны высокі ўзровень выканання конкурсных работ
навучэнцамі сярэдняй школы і ясляў-сада аг. Пагранічны, Вялікабераставіцкага ясляў-сада, сярэдняй школы і ясляў-сада аг. Алекшыцы.
Уладальнікамі першых месцаў ў намінацыі «Калядны анёл» ва ўзроставай катэгорыі ад 3 да 6 гадоў сталі – Ганна Янковіч, (Алекшыцкі яслі-сад) і
Паліна Каханоўская (Макараўскі яслі-сад–сярэдняя школа); ва ўзроставай катэгорыі ад 7 да 11 гадоў – Іван Цыкота (Макараўскі яслі-сад–сярэдняя школа); ва ўзроставай катэгорыі ад 12 да 16 гадоў – Мікіта Багданаў і Ганна Бялаблоцкая з Алекшыцкай СШ.
У намінацыі «Міфічныя істоты беларускай міфалогіі» ва ўзроставай катэгорыі ад 3 да 6 гадоў лепшай прызнана работа Дзяніса Кухарчыка (яслі-сад аг. Пагранічны); ва ўзроставай катэгорыі ад 7 да 11 гадоў – Анастасіі Назымаевай і Арсенія Сурмача з Вялікабераставіцкай СШ; ва ўзроставай катэгорыі ад 12 да 16 гадоў – Паўла Аўсяйца (Вялікабераставіцкая СШ).
Намінацыя «Арт-аб’ект» самая багатая на пераможцаў. Ва ўзроставай катэгорыі ад 3 да 6 гадоў адразу чатыром канкурсантам аддадзена першае месца – Марку Маціеўскаму і Таццяне Гушча з Вялікаэйсмантаўскага ясляў-сада, Сафіі Дзянішчык і Дзмітрыю Караваю з Вялікабераставіцкага ясляў-сада. Ва ўзроставай катэгорыі ад 7 да 11 гадоў – пяць пераможцаў. І ўсе з Вялікабераставіцкай СШ. Гэта Мацвей Лукашук, Глеб Шадрын, Анастасія Тамары, Сяргей Крыпан і Арцём Марчэўскі. Ва ўзроставай катэгорыі ад 12 да 16 гадоў першае месца ў Юліі Шока і Рэнаты Эйсмант з Макараўскага ясляў-сада – сярэдняй
школы.
Ва ўзроставай катэгорыі ад 3 да 6 гадоў лепшымі аб’ёмнымі каляднымі кампазіцыямі прызнаны самаробныя творы Кіры Павайба (Вялікаэйсмантаўскі яслі-сад), Марыі Гірэнь (Вялікабераставіцкі яслі-сад) і
Варвары Пенчук (Вялікабераставіцкая СШ); ва ўзроставай катэгорыі ад 7 да 11 гадоў – Івана Касьяна, Паліны Гладкай, Марыі Таргонскай і Ягора Макарчука з Вялікабераставіцкай СШ; ва ўзроставай катэгорыі ад 12 да 16 гадоў – Міхаіла Марыновіча (Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі г. п. В. Бераставіца).
Нягледзячы на тое, што конкурс “Самаробны цуд” – дзіцячы, ён дэманструе найперш сямейную творчасць. Дзе, як ні ў сям’і раскрываюцца творчыя здольнасці дзяцей. Падобныя праекты як раз і садзейнічаюць гэтаму. А яшчэ сумесны пошук ідэй і рашэнняў збліжаюць дзяцей і бацькоў, фарміруюць адносіны, заснаваныя на даверы і ўзаемаразуменні. Выйграюць, да таго ж, і наведвальнікі зімовай сядзібы бераставіцкага Дзеда Мароза, таму што экспанаты “Самаробнага цуда” вельмі спрыяюць навагодняй казачнай атмасферы, якая там пануе.
Святлана Ганчарова. Фота аўтара і прадастаўлена музеем Вавёркі