“Мы – грамадзяне Беларусі!” Бераставіцкія школьнікі атрымалі пашпарты ў Дзень Канстытуцыі

Актуально Лента новостей Образование Общество

На Бераставіччыне далучыліся да Усебеларускай акцыі  Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі  “Мы – грамадзяне Беларусі!”.

Гэтая патрыятычная акцыя на працягу ўжо многіх гадоў праводзіцца да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Яна падкрэслівае значымасць такой важнай падзеі ў жыцці 14-гадовых падлеткаў, як атрыманне пашпарта грамадзяніна Беларусі, і дапамагае маладым людзям усвядоміць, што быць грамадзянінам сваёй краіны – гэта не толькі гонар, але і вялікая адказнасць.  Ва ўрачыстай абстаноўцы галоўны дакумент маладым людзям традыцыйна ўручаюць прадстаўнікі выканаўчай і заканадаўчай улады, грамадскія дзеячы і  заслужаныя людзі краіны.

Урачыстая цырымонія ўручэння пашпартоў прайшла 15 сакавіка і ў Бераставіцкім цэнтры культуры і народнай творчасці, дзе сабраліся навучэнцы ўстаноў адукацыі нашага раёна і ваеннаслужачыя-пагранічнікі.

Старшыня Бераставіцкага райвыканкама Антон Кулісевіч павіншаваў маладых людзей з Днём Канстытуцыі  і адзначыў, што атрымаўшы ў гэты святочны дзень пашпарт, яны  становяцца  паўнапраўнымі грамадзянамі нашай краіны, з усімі вынікаючымі правамі і абавязкамі. Антон Станіслававіч  пажадаў юнакам і дзяўчатам   разумець гэтую адказнасць, ганарыцца сваёй прыналежнасцю да грамадзянства Беларусі і любіць сваю краіну.

Далучылася да віншаванняў і інспектар групы па  грамадзянству і міграцыі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Людміла Добка. Яна  пажадала  школьнікам заўсёды быць у згодзе з законам і стаць годнымі грамадзянамі нашай краіны.

Антон Кулісевіч і Людміла Добка ўручылі пашпарты грамадзян Рэспублікі Беларусь дзевяці маладым людзям – вучням Вялікабераставіцкай, Канюхоўскай, Алекшыцкай сярэдніх школ і сярэдняй школы аг. Пагранічны.

Традыцыйна ў рамках акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі!” папаўняюцца рады Бераставіцкай раённай арганізацыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Вось і ў гэты дзень першы сакратар райкама БРСМ Алена Карніловіч  уручыла маладзёжныя білеты адзінаццаці вучням Вялікабераставіцкай сярэдняй школы.

На ўрачыстым мерапрыемстве таксама былі падведзены вынікі раённага этапу рэспубліканскага конкурсу дзіцячага малюнка “Нам мір завешчана берагчы”, які праходзіць па ініцыятыве Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў да 78-й гадавіны Вялікай Перамогі. Старшыня раённага савета ветэранаў Алена Сілкова павіншавала пераможцаў і ўдзельнікаў раённага конкурсу і падзякавала за дапамогу ў яго арганізацыі раённым структурам грамадскіх аб’яднаннняў, якія падрыхтавалі падарункі.

Старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Андрэй Шчука ўзнагародзіў граматай і каштоўным падарункам Аляксея Даўгучыца (1-е месца), Паліну Сілкову (2-е месца), а таксама падзячным пісьмом за ўдзел у конкурсе Івана Болбата, Рамана Судзенка, Паліну Трушко і Мікіту Галубовіча.

Старшыня раённага аддзялення Беларускага фонду міру Валянцін Арцюхевіч уручыў граматы і падарункі Сафіі Эйсмант (1-е месца) і Паліне Масюк (1-е месца). Дар’я Якута і Аліна Бушуева, якія занялі 2-е месца ў конкурсе, былі ўзнагароджаны старшынёй раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Людмілай Сяргеевай. Ну а ўзнагароды за 3-е месца Сафіі Зубко і Іллю Курмелю ўручыла першы сакратар райкама БРСМ Алена Карніловіч.

Віншаванні з Днём Канстытуцыі ўсе прысутныя на  мерапрыемстве атрымалі ад удзельнікаў канцэртнай праграмы, якія падрыхтавалі святочныя нумары.

Застаецца толькі дадаць, што яшчэ адзін прадстаўнік нашага раёна – вучань сярэдняй школы аг. Пагранічны Аляксандр Журавенка – атрымаў у гэты дзень пашпарт на святочным мерапрыемстве, якое прайшло ў Гродзенскай абласной філармоніі.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *