Адзін з самых незвычайных музеяў Беларусі – музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы – ужо сем гадоў прыцягвае шматлікіх наведвальнікаў з усёй краіны . Музей краязнаўчы, але сама яго назва гаворыць аб тым, што галоўная гераіня тут – вавёрка.
Пухнатая рудая прыгажуня з’яўляецца сімвалам Бераставічыны, пра што сведчыць наш герб, а яшчэ – яркім і пацешным персанажам, які карыстаецца вялікай папулярнасцю ў дзяцей. У музеі жывуць сапраўдныя жывыя звяркі: амерыканская вавёрка дэгу – у памяшканні і вавёркі звычайныя ў вальеры на адкрытым паветры.
Але, вядома ж, аўтарытэт і рэйтынг музея сярод іншых павышаюць супрацоўнікі ўстановы – творчыя, ініцыятыўныя, якія шчыра любяць сваю справу. Гэта людзі, па-сапраўднаму захопленыя вывучэннем гісторыі свайго краю, якія прапануюць новыя, цікавыя для наведвальнікаў розных узростаў формы музейных зносін. Дарэчы, па выніках XIX Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь — 2021», які штогод праводзіцца Нацыянальным агенцтвам па турызме пры падтрымцы Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, музей Вавёркі ўвайшоў у шасцёрку лепшых і ўзнагароджаны граматай у намінацыі “Музей года” сярод раённых (гарадскіх) музеяў.
За час свайго існавання музей наведалі каля дваццаці васьмі тысяч чалавек. Геаграфія іх разнастайная: ад Мальты, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі Нарвегіі, Ізраіля – да краін-суседак Расіі, Украіны, Польшчы, Латвіі, Літвы. І гэта не толькі сваякі бераставічан, якія прыязджаюць у раён пагасціць, але і тыя, хто даведваецца пра музей Вавёркі ў інтэрнэце з турыстычнай мэтай. Добра, што ў вэб-прасторы ўстанова шырока прадстаўлена – на інтэрнэт-платформе “Музеі Беларус” museum.by і ў большасці сацыяльных сетак. Звесткі пра музей Вавёркі ёсць і ў энцыклапедыі выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” пад назвай “Самыя незвычайныя музеі Беларусі”, у якой прадстаўлены каля 34 музеяў нашай рэспублікі, незвычайных па сваёй канцэпцыі.
Дарэчы, дзякуючы дырэктару Наталлі Таргонскай, у музеі з’явілася магчымасць праводзіць экскурсіі на англійскай мове, і гэтай магчымасцю замежныя турысты ўжо не раз скарысталіся. Акрамя таго, тэматыка экскурсій час ад часу мяняецца, зыходзячы з запытаў часу і пажаданняў турыстаў. Напрыклад, калі Бераставіцкі раён увайшоў у бязвізавую зону, была распрацавана аглядная тэматычная экскурсія “З гісторыі Вялікай Бераставіцы” па дзесяці гістарычных і архітэктурных помніках райцэнтра. А ў сувязі з абмежавальнымі мерамі з-за распаўсюджвання COVID-19, у музеі Вавёркі атрымаў развіццё сямейны турызм, калі засумаваўшыя па вандроўках беларусы асвойвалі «белыя плямы» гісторыі сваёй краіны. Цяпер эпідсітуацыя палепшылася, і ў музей зноў актыўна прыязджаюць групавыя экскурсіі. Уязны турызм перажывае сёння не лепшыя часы, а вось унутраны набірае папулярнасць.
Актыўна ў музеі праходзіць выставачная дзейнасць. Творчасць землякоў – і не толькі – у розных яго праявах, гісторыя рэчаў, дэманстрацыя прыватных калекцый – тэматыка выстаў розная, але нязменна цікавая.
З апошніх ноў-хаў музея – адкрыццё творчай майстэрні “Вавёрчына камора” і магчымасць для наведвальнікаў браць удзел у майстар-класах па вырабу сувеніраў – намаляванага на спіле дрэва бераставіцкага сімвала Вавёркі. Гэта прыклад інтэрактыўнай формы работы, якая прадугледжвае не толькі аднабаковае атрыманне ведаў па прынцыпу “гід — наведвальнік”, але і іх актыўнае ўзаемадзеянне.
Распрацаваны таксама і квэст па Вялікай Бераставіцы. А кантакт з рудой прыгажуняй, побач з якой адступае ўвесь негатыў, можа быць прыроўнены да вавёркатэрапіі.
Актыўны турыстычны сезон не за гарамі. І музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы абавязкова раім наведаць. Цудоўны настрой вам гарантаваны.
Дарэчы, з 28 па 30 красавіка ў Палацы культуры прафсаюзаў у Мінску адбудзецца рэспубліканскі турыстычны форум “Спадчына Беларусі”, дзе кожны рэгіён прадставіць сваю самабытнасць.
Гістарычную спадчыну Гродзенскай вобласці на выставе прадэманструюць 15 дзіўных помнікаў у мініяцюры. Архітэктурную спадчыну рэгіёна адлюструюць фотаработы Сяргея Плыткевіча.
Асобны раздзел выстаўкі прысвецяць культурнай спадчыне Гродзеншчыны. Тут можна будзе пазнаёміцца з экспазіцыяй Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Ганаровае месца на выставачным стэндзе зоймуць аўтэнтычныя экспанаты: рэліквіі Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра, Евангелле напрастольнае, датаванае 1780 годам, а таксама абраз «Страшны суд» XIX стагоддзя, цудатворны абраз Божай Маці «Каложская» са старажытнай Каложскай царквы XII стагоддзя.
Сімвалічна, што ў Год гістарычнай памяці на форуме Гродзеншчына прадставіць інтэрактыўны каляндар Перамогі, рэдкія выставачныя экспанаты з музеяў баявой славы ўстаноў адукацыі горада Гродна.
Прэзентацыя вобласці будзе тэатралізаванай. Адзін з тэматычных блокаў прэзентацыі прадэманструе прыродны патэнцыял нашага рэгіёна. Шырока будзе прадстаўлены і прамысловы турызм. На форуме можна будзе ўбачыць узнагароды са скарбонкі дасягненняў вядомых гродзенскіх спартсменаў.
Можна будзе ўбачыць і яркія прыклады народнай творчасці і нават прыняць удзел у майстар-класе ўнікальнай тэхнікі па роспісе велікодных яек “Сапоцкінская пісанка”, якая з’яўляецца элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны і ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Музыкант Мар’ян Скрамблевіч зайграе гасцям форуму на драўляных музычных інструментах, якія сам жа вырабляе.
Прафсаюзныя тураператары турысцка-экскурсійнага даччынага ўнітарнага прадпрыемства “Гроднатурыст” прадставяць на форуме 72 гістарычныя маршруты па Гродзенскай вобласці.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара