3-4 снежня ў Мінску, на базе спартыўна-культурнага цэнтра Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, адбыўся V Нацыянальны форум «Музеі Беларусі». Удзел у ім прынялі каля 120 лепшых музеяў і галерэй не толькі Беларусі, але і Расійскай Федэрацыі, а таксама прафесіяналы музейнай галіны і эксперты краін СНД. У складзе дэлегацыі з сямі музеяў Гродзенскай вобласці сваю прэзентацыйную праграму “Ад хлеба вайны да хлеба Перамогі” на форуме прадставіў і бераставіцкі музей Вавёркі. Прыемна, што выступленне нашых землякоў не засталося незаўважаным. У намінацыі “За лепшае прадстаўленне музея на экспазіцыі форуму” дзяржаўная ўстанова культуры “Музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы” была ўзнагароджана Дыпломам II ступені.
— У Нацыянальным форуме «Музеі Беларусі» музей Вавёркі ўдзельнічае ўжо трэці раз, — гаворыць дырэктар музея Наталля Таргонская. — Форум з’яўляецца ўнікальнай пляцоўкай для абмену вопытам і развіццём музейнай справы. Сёлета ён праходзіў на тэму «Музей. Спадчына. Памяць» і падкрэсліваў важнасць музея як аднаго з галоўных адукацыйных і выхаваўчых рэсурсаў грамадства.
На V Нацыянальным форуме музей Вавёркі прадстаўлялі Наталля Таргонская, галоўны захавальнік фондаў Наталля Гаспадарац і мастак Вера Заяц. Супрацоўнікі музея падрыхтавалі для ўдзельнікаў форуму прэзентацыйную праграму “Ад хлеба вайны да хлеба Перамогі”. Яна напомніла наведвальнікам, як цяжка здабываўся хлеб у даўнія часы, як дорага ён цаніўся вайною, калі сутачная норма яго складала 125 грамаў. І гэты акрайчык ляжаў на вагах таго часу, каб дакладна паказаць, якім часам адзіным кавалкам хлеба штодзённа здабывалася Перамога. І ілюстрыруючы сённяшні дзень, калі хлеба мы маем удосталь на кожным стале, была прапанавана дэгустацыя сучасных сартоў хлеба, якія для яе выпек ААТ «Гроднахлебпрам».
Акрамя таго, у час прэзентацыі дзейнасці музея мастак Вера Заяц праводзіла майстар-класы па роспісу на спіле дрэва ў рамках творчай майстэрні “Вавёрчына камора”, якія таксама зацікавілі многіх наведвальнікаў экспазіцыі. Карысталася попытам і сувенірная прадукцыя, якую прапаноўваў музей Вавёркі.
— Экспазіцыі форуму наведаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч і старшыня журы Ігар Марзалюк, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, — адзначыла Наталля Міхайлаўна. — Было прыемна пачуць, што іх таксама ўразіла наша прэзентацыйная пляцоўка. І як вынік — другое месца ў намінацыі “За лепшае прадстаўленне музея на экспазіцыі форуму”. Гэта высокая ўзнагарода для нас.
У рамках работы V Нацыянальнага форума «Музеі Беларусі» Наталля Таргонская выступала таксама на дэманстрацыйнай пляцоўцы з прэзентацыйнай праграмай “Вавёрчына камора”, дзе прадстаўляла работу музея па ўсіх накірунках дзейнасці.
Вынікам удзелу ў форуме супрацоўнікі музея Ваверкі засталіся задаволеныя. Яны атрымалі не толькі ўзнагароду, але і наладзілі новыя кантакты, прыцягнулі да сябе ўвагу, якая, у сваю чаргу, дапаможа здабыць новых наведвальнікаў для нашага ўнікальнага музея.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара і прадстаўлена музеем Вавёркі