Штогод у Беларусі ў апошнюю нядзелю студзеня адзначаецца Дзень беларускай навукі. Навука – гэта магутны рухавік прагрэсу, які дапамагае павышаць якасць жыцця насельніцтва і вырашаць глабальныя пытанні, якія стаяць перад чалавецтвам. Мы ганарымся дасягненнямі многіх беларускіх навукоўцаў, якія зрабілі жыццё чалавецтва больш камфортным, поўным і бяспечным. Менавіта таму чарговая інфармацыйная гадзіна для вучняў VI класа была прысвечана гэтай даце.
У час гадзіны зносін навучэнцы разважалі аб уплыве навуковых адкрыццяў на жыццё чалавека. Не засталося ў баку і пытанне аб ведах і ўменнях, якія неабходны для таго, каб стаць вучоным, здзейсніць навуковыя адкрыцці. Цікавасць у дзяцей выклікала і інфармацыя, падрыхтаваная самімі вучнямі, аб вучоных, якія праславілі Беларусь і унеслі вялікі ўклад у развіццё беларускай навукі.
Вынікам інфармацыйнай гадзіны стала міні-віктарына “Дасягненні сучаснай беларускай навукі”, у час якой хлопчыкі і дзяўчынкі праявілі эрудыцыю, смекалку, атрымалі новыя веды.
Алена Будніцкая, класны кіраўнік VI класа Макараўскага ясляў-сада – сярэдняй школы