Падведзены вынікі абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу навуковых даследчых краязнаўчых работ навучэнцаў, арганізаванага галоўным упраўленнем адукацыі Гродзенскага аблвыканкама сумесна з Гродзенскім абласным цэнтрам турызму і краязнаўства.
Як паведаміла загадчык сектара сацыяльнай і арганізацыйна-педагагічнай работы аддзела адукацыі райвыканкама Валянціна Апунік, на конкурс было прадстаўлена 170 даследчых матэрыялаў з 19 раёнаў Гродзенскай вобласці і горада Гродна ў намінацыях «Гісторыя роднага краю», «Культурная спадчына» і «Геаграфічнае краязнаўства». Ад нашага раёна на конкурс было адпраўлена 13 даследчых работ навучэнцаў Вялікабераставіцкай, Малабераставіцкай, Конюхаўскай, Макараўскай, Алекшыцкай сярэдніх школ і сярэдняй школы аг. Пагранічны.
Па выніках конкурсу юныя даследчыкі з Бераставіччыны атрымалі тры прызавыя дыпломы.
У прыватнасці, дыпломам І ступені ў секцыі «Культурная спадчына» ўзнагароджана Вікторыя Дабрэнка, навучэнка IX класа Конюхаўскай СШ. Тэма яе даследчай працы – «Схаванае часам: сядзіба Ляхніцкіх» (кіраўнік М.М. Коўшык).
У секцыі «Геаграфічнае краязнаўства» дыплом ІІ ступені атрымаў Уладзіслаў Буры, навучэнец X класа СШ аг. Пагранічны. Ён даследаваў тэму «Уплыў геапалітычных фактараў на змяненне эканамічнай інфраструктуры аграгарадка Пагранічны Бераставіцкага раёна» (кіраўнік Н.В. Макавей).
Яшчэ адзін дыплом ІІ ступені ў секцыі «Геаграфічнае краязнаўства» здабыла Валерыя Касурава, навучэнка VIII класа Вялікабераставіцкай СШ. Тэма яе даследчай працы – «Відавая разнастайнасць раслін ляснога масіву паблізу г. п. Вялікая Бераставіца» (кіраўнік Н.В. Жукава).
Дарэчы, даследчая праца Вікторыі Дабрэнка накіравана для ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе.
Ірына МІКЛАШ